Суббота, 20 января 2018

По пути модернизации

592

ААТ «Пружанскі льнозавод» з’яўляецца флагманам сярод аналагічных прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь. І зусім невыпадкова нядаўна завод быў занесены на Рэспубліканскую дошку гонару.

20160628_9834

На перапрацоўчым прадпрыемстве не спыняюцца на дасягнутых выніках. Сваю першую прадукцыю завод выпусціў яшчэ ў далёкім цяпер ужо 1973 годзе. Вядома, што амаль за паўстагоддзя маральна састарэла тэхналагічнае абсталяванне. Таму курс на мадэрнізацыю  з’яўляецца стратэгічным накірункам дзейнасці кіраўніцтва.

Так, яшчэ ў 2011 годзе ўступіў у дзеянне новы цэх па выпуску доўгага і кароткага валакна. А па сутнасці гэта новае прадпрыемства, дзе ўстаноўлена сучаснае абсталяванне вядомай бельгійскай кампаніі «Depoortere». Сучасная тэхніка з’явілася і на льняных палетках. Гэта дало магчымасць значна павысіць прадукцыйнасць працы і палепшыць умовы для работнікаў.

Але гэта была толькі першая чарга мадэрнізацыі завода. Сёлета работы пачаліся ў старым цэху прадпрыемства. Тут ужо таксама ўстаноўлена новае абсталяванне той жа замежнай кампаніі. Прычым, як расказвае дырэктар прадпрыемства М.С.Жогал, набыта яно за ўласныя сродкі.

Новая лінія кароткага валакна, а гэта дзве секцыі, можа перапрацаваць за гадзіну каля тоны трасты. Да таго ж палепшыцца ачыстка і ўпакоўка кароткага валакна, прызначанага на экспарт у Кітай.

— Мы атрымаем шчыльныя цюкі кароткага валакна і ў адзін кантэйнер зможам загрузіць яго каля 18-19 тон, — гаворыць Мікалай Сцяпанавіч. — Будуць устаноўлены таксама два прэсы на доўгае і кароткае валакно.

З устаноўкай новага абсталявання зменшацца спажыванне электраэнергіі і  затраты на  рамонт. Новая лінія бяспечная для абслугоўваючага персаналу.

Цяпер у цэху вядуцца электрамантажныя работы. Выконваюць іх ужо добра знаёмыя кіраўніцтву завода супрацоўнікі французскай фірмы «Электра-Пі». Ужо зусім хутка адбудзецца запуск новай лініі, а гэта значыць, што на экспарт будзе адпраўляцца больш якасная прадукцыя.

М.С.Жогал у складзе дэлегацыі Пружанскага раёна нядаўна браў удзел у рабоце пятага Усебеларускага народнага сходу. Тут таксама ўзнімаліся праблемы льнаводчай галіны. У прыватнасці, размова ішла пра стварэнне ў рэспубліцы льнянога холдынгу, які  аб’яднае ў адзінае цэлае ўсе льнозаводы з Аршанскім ільнокамбінатам.

Як лічыць Мікалай Сцяпанавіч, пра гэта пакуль яшчэ рана гаварыць, паколькі льнозаводы і Аршанскі камбінат адносяцца да розных ведамстваў — Мінсельгасхарчу і канцэрна «Беллегпрам». Неабходна ўзважыць усе «за» і «супраць», каб прыняць рашэнне, ад якога выйграла б агульная справа.

На здымку: спецыяліст па пасляпродажным абслугоўванні абсталявання кампаніі «Depoorter» А.Э.Мукасей (другі справа) разам з супрацоўнікамі французскай фірмы «Электра-Пі» на мантажы новай лініі.

Мікола АРХУЦІК

Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *