Понедельник, 24 сентября 2018

До окончания срока приватизации жилья остались считанные дни

579

З 1 ліпеня ўсе непрыватызаваныя квадратныя метры пяройдуць у камерцыйныя і іх гаспадары пачнуць плаціць дзяржаве за арэнду. Разабрацца ў нюансах, як набыць права ўласнасці на жыллё і што чакае тых, хто гэтага не лічыць патрэбным, дапамагла спецыяліст па прыватызацыі цэха жыллёвай гаспадаркі Пружанскага КУВП «Камунальнік» Ларыса Мітлашук.

Митлашук Лариса_измен.размер

У цэлым на Пружаншчыне ўвесь жыллёвы фонд налічвае да 8000 кватэр, з іх 940 (гэта каля 11%) застаюцца непрыватызаванымі, а гэта значыць, не з’яўляюцца прыватнай уласнасцю. Тры гады таму колькасць дзяржаўнага жылля была значна большай: прычынай масавага звароту ў адпаведныя інстанцыі стала прыняцце на вышэйшым узроўні рашэння аб завяршэнні прыватызацыі жылфонду да 1 ліпеня 2016 года.

— Гэта сёння ў калідорах нашай установы амаль што пуста: пераважная большасць скарысталася магчымасцю прыватызаваць жыллё адразу ж, як толькі яе прадаставілі, — зазначае Ларыса Аляксандраўна. — Увогуле, жыллёвае пытанне не ўпершыню занепакоіла людзей — гэта, так сказаць, трэцяя хваля прыватызацыі. Першая была ў 1992-м, калі людзі атрымалі чэкі «Жыллё», за якія і выкуплялі ў дзяржавы квадратныя метры. Затым напрыканцы 1990-х гадоў беларусам сталі прадастаўляць жыллёвую квоту. Чарговая, трэцяя па ліку, хваля — апошняя.

Чаму некаторыя працягваюць жыць ва «ўласным» жыллі як кватаранты?

Прычыны розныя: хтосьці не мае фінансавай магчымасці ўнесці першапачатковы ўзнос — гэта 10% ад агульнага кошту ацэнкі жылля; ёсць выпадкі, калі танней купіць іншую кватэру, чым прыватызаваць «сваю». Ва ўсякім разе паскардзіцца на няведанне нельга: акрамя шырокага абмеркавання тэмы ў СМІ, жыльцы непрыватызаванага жылля пісьмова абвяшчаліся пра тое, што гэта апошняя магчымасць стаць паўнацэннымі ўладальнікамі сваіх кватэр.

Для тых, хто ўсё-такі не ў курсе, з чаго пачаць прыватызацыю, Ларыса Аляксандраўна тлумачыць:

— Перш за ўсё неабходна звярнуцца ў нашу службу (будынак знаходзіцца па вуліцы Свабоды) для падачы заявы. Пры гэтым абавязкова павінны прысутнічаць усе паўналетнія члены сям’і, якія ўдзельнічаюць у прыватызацыі. Пры сабе неабходна мець дакументы, якія засведчваюць асобу. Калі ёсць члены сям’і, якія не могуць з’явіцца асабіста (напрыклад, знаходзяцца за мяжой), неабходна прадаставіць ад іх пісьмовую згоду, засведчаную натарыльяна.

Важная інфармацыя, на якую яшчэ раз варта звярнуць увагу: кватэры, жыльцы якіх не падалі заяву на прыватызацыю, з першага ліпеня пераходзяць у разрад арэнднага жылля. І ў сувязі з тым, што час падціскае, цяпер звяртацца ў жыллёвую службу можна штодзень з 8 да 20 гадзін, а з 27 па 30 чэрвеня — з 6 да 24 гадзін.

Такім чынам, галоўнае — паспець ускочыць у апошні вагон, падаўшы заяву да 1 ліпеня. Затым камісія па балансавым кошце ацэньвае жыллё.

— Між іншым, калі чалавек не згодны з сумай, якую выставіла наша камісія, то ён мае права за свае грошы зрабіць незалежную экспертызу і вызначыць рыначны кошт жылля. Прыватызацыя будзе ажыццяўляецца па меншым.

Да ведама: ацэначны кошт можа быць розным для двух кватэр аднолькавай плошчы. Яго разлічваюць зыходзячы з году пабудовы дома, мікрараёна, у якім знаходзіцца жыллё, тэхнічных характарыстык і іншых фактараў. Так, напрыклад, у Пружанах двухпакаёвыя кватэры ў шматпавярхоўках ацэньваюцца да 200 мільёнаў рублёў. Найбольш дорага выкуп квадратных метраў абышоўся жыхарам аграгарадка Кляпацкі: у шэрагу дамоў, дзе некалькі гадоў таму за дзяржаўныя сродкі была праведзена мадэрнізацыя, кошт кватэр вагаўся ў межах 300 мільёнаў рублёў. Вельмі дарагімі аказаліся і катэджы ў Крыніцы.

Пры выкупе жылля пэўная катэгорыя грамадзян мае права на льготы: напрыклад, з улікам жыллёвай квоты бязвыплатна можа быць перададзена жыллё інвалідам з дзяцінства, пацярпелым ад катастрофы на ЧАЭС, Героям Беларусі, Героям Сацыялістычнай Працы і іншым. Калі чэкі «Жыллё» дагэтуль былі выкарыстаны, ільгота губляецца.

Пасля падачы заявы на працягу месяца будзе вынесена адпаведнае рашэнне аб перадачы жылога памяшкання ва ўласнасць грамадзяніна.

— Гэтае рашэнне з’яўляецца сапраўдным на працягу года — такі тэрмін даецца чалавеку на тое, каб ён зрабіў мінімальны першапачатковы ўзнос — 10% ад належачай аплаце сумы. Астатняя афармляецца ў выглядзе растэрміноўкі, якую неабходна пагасіць за сорак гадоў. Індэксацыя ці налічэнне працэнтаў за гэты час рабіцца не будзе, таму з улікам інфляцыі гэтыя сумы могуць стаць мізэрнымі.

Тым не менш, пакуль справа не дойдзе да афармлення папер у натарыяльнай канторы і не будзе зарэгістраваны дагавор куплі-продажу, уласніку ўсё-такі давядзецца ўносіць не толькі камунальную, але і арэндную плату за жыллё. Інакш кажучы, рашэнне райвыканкама — яшчэ не пацвярджэнне таго, што жыллё знаходзіцца ў прыватнай уласнасці.

З першага ліпеня той, хто так і не прыватызаваў жыллё, пяройдзе ў разрад кватэраздымшчыкаў (нягледзячы на тое, што ўсё свядомае жыццё пражыў у гэтай кватэры) і пачне плаціць арэнду. Для тых, хто не першы год жыве ў жыллі, якое хутка стане камерцыйным, пры разліку арэнды прадугледжаны паніжаючы каэфіцыент. А вось для новых здымшчыкаў ніякіх скідак ужо не прадугледжваецца, таму памер арэнды, як і за службовае жыллё, можа аказацца дастаткова ўнушальным.

 

Падрыхтавала Марына Вакульская

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *