Суббота, 20 января 2018

Молодым — везде у нас дорога…

670

Аказваецца, гэта не толькі радкі са старой добрай песні. Каб сапраўды было так, у раёне праводзіцца мэтанакіраваная работа па выяўленні таленавітай моладзі і вылучэнні яе на кіруючыя пасады. Падрабязна пра гэта – у інтэрв‘ю з начальнікам аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама   Н.П.Зеляняк.

Зеленяк_1736_измен.размер

— Работа з банкам дадзеных здольнай і таленавітай моладзі, — расказвае Наталля Пятроўна, — праводзіцца аддзеламі райвыканкама, як гэта прадугледжваецца адпаведным Указам Прэзідэнта. Яна будуецца на наступных накірунках: выяўленне здольных дзяцей, развіццё прафесійных кампетэнцый педагогаў, расшырэнне спектра адукацыйных паслуг, прадастаўленне вучням магчымасці ўдзелу ў творчых конкурсах і спартыўных мерапрыемствах, прыцягненне іх да навукова-даследчай дзейнасці і алімпіяднага руху. Рэалізуецца праграма “Адораныя дзеці”. У кожнай установе адукацыі вызначаны кантынгент здольных вучняў і вядзецца работа з імі.

Чула, што найбольш паспяховыя маладыя пружанцы занесены і ў рэспубліканскі банк дадзеных?

— Так, у рэспубліканскі банк дадзеных здольнай моладзі ўключаны дырэктар гімназіі Аляксандр Момлік, а таксама Аліна Кныш, Наталля Трус і Анастасія Шанюк, якія сталі дыпламантамі конкурсаў і Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. З 2011 па 2015 гады пяцёра школьнікаў – па двое з гімназіі і СШ №5,  адзін з Параслянскай СШ, сталі стыпендыятамі гэтага фонду. На дадзены момант яны з’яўляюцца студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў.

Наталля Пятроўна, лічу, што добрым стымулам для лепшых прадстаўнікоў моладзі становяцца ўшанаванні на ўзроўні раёна…

— Пачынаючы з 2013 года, у нашым раёне праводзіцца цырымонія ўзнагароджання здольных і таленавітых вучняў “Дараванне” з удзелам старшыні райвыканкама. Грашовымі прэміямі ўзнагароджваюцца пераможцы і прызёры абласных, рэспубліканскіх і міжнародных інтэлектуальных, творчых і спартыўных конкурсаў. Усяго з 2013 года адзначаны   286 школьнікаў Пружаншчыны, сярод якіх за найбольш значныя перамогі – Юлія Сляпцова, Вікторыя Пацяруха, Кацярына Калюта, Анастасія Бублевіч, Ганна Тачко, Анастасія Пугачова, Ксенія Пухнарэвіч.

Наколькі вядома, раён можа ганарыцца і сваімі спартсменамі?

— У нацыянальныя зборныя каманды Рэспублікі Беларусь па відах спорту ўваходзяць 9 прадстаўнікоў нашага раёна: Ганна Рэйшаль (лёгкая атлетыка), Дзмітрый Грышкевіч (футбол), Ганна Гаўра (акадэмічная грэбля), Юлія Асаёнак (цяжкая атлетыка), Ганна Субота і Таісія Насковіч (веласпорт), Анастасія Зайцава, Яўген Пузанаў і Лізавета Маліноўская (фігурнае катанне). Штомесячныя стыпендыі райвыканкама атрымліваюць такія перспектыўныя спартсмены, як Ганна Кобраль, Ганна Рэйшаль, Юлія Асаёнак.

— У пашане, вядома, і выдатнікі вучобы…

— У раёне развіваецца алімпіядны рух. Праводзіцца арганізацыйная работа для забеспячэння ўдзелу школьнікаў раёна ва ўсіх чатырох этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Праводзяцца вучэбна-трэніровачныя зборы, профільныя змены ў аздараўленчых лагерах, стымулюючыя заняткі. Гэта дае свой плён: па выніках трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды ў 2015-2016 вучэбным годзе вучні заваявалі 11 дыпломаў і тры пахвальныя водгукі.

Наталля Пятроўна, ашто Вы можаце сказаць пра падтрымку маладых спецыялістаў?

— У мінулым годзе ў наш раён на працу прыехалі 217 маладых спецыялістаў, 104 з якіх – выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў. Асноўная большасць з іх прыйшла працаваць у сельскую гаспадарку, адукацыю і медыцыну. З мэтай паляпшэння работы з маладымі спецыялістамі, аказання ім дапамогі ў авалоданні прафесіяй уведзена ў практыку настаўніцтва. Настаўнікі вывучаюць дзелавыя якасці маладых работнікаў, аналізуюць іх работу, пры неабходнасці ўносяць прапановы адміністрацыі па ўключэнні работнікаў у рэзерв кадраў.

У арганізацыях раёна ў рэзерв на 2016 год былі зацверджаны на 795 пасад 902 рэзервісты. Па ўзроставым складзе: да 25 гадоў – 124 чалавекі, 26-30 гадоў – 169 чалавек, 31-40 гадоў – 296 чалавек. У бягучым годзе, у параўнанні з мінулым, больш уключана моладзі ва ўзросце 20-25 гадоў. Асобы, якія стаяць у рэзерве, прыцягваюцца да падрыхтоўкі пытанняў на вытворчых пасяджэннях, правядзенню грамадска-палітычных  мерапрыемстваў, падмяняюць часова адсутных работнікаў, што дазваляе на практыцы развіваць навыкі кіраўніка.

Гутарыла  Галіна КАЛЯДА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *