Четверг, 24 мая 2018

Японская айва на пружанских подворьях!

1 891

Чэрвень

Неспрыяльныя дні

Нічога нельга садзіць 1-3, 28 (з 16.00), 29, 30

Дні, рызыкоўныя для сяўбы і пасадкі 12,15,16,17

Нельга сеяць агародніну 21,22

Спрыяльныя дні:

Сяўба, пасадка

Салата і зяленіўныя культуры 4,5,13,14,21-23

Радыс і рэдзька                     26-28

Бульба                               9,10

Гарох,фасоля                           23

Гарбузы, кабачкі                4,5,26-28

Высадка расады розных сартоў капусты 13,14,19,20,23

Высадка расады памідораў, сяўба агуркоў

у адкрыты грунт       13,14,23

Барацьба з мучністай расой

Мучністая раса — хвароба, шырока распаўсюджаная ў пладова-ягадных культур. Яна паражае з пладовых дрэў — яблыні, а з ягадных культур — парэчкі чорныя, чырвоныя, белыя, агрэст, суніцы.

Да метадаў барацьбы адносяцца знішчэнне крыніц зімуючай інфекцыі, выразка пашкоджаных галін і кустоў, знішчэнне апалага пашкоджанага лісця.

Апырскванне — гэта самы надзейны спосаб барацьбы супраць мучністай расы. Прапануем некалькі рэцэптаў.

1.Апырскванне 4-працэнтнай мачавінай. Узяць 10 літраў вады пакаёвай тэмпературы, дадаць 400 грамаў мачавіны і даць растварыцца, вытрымаць не больш чым адзін дзень.

2.Узяць 50 грамаў кальцыніраванай соды і 50 грамаў вадкага ці наструганага гаспадарчага мыла на 10 літраў вады, даць настаяцца на працягу 5-6 гадзін, потым апырскваць.

3.Апырскваць хворыя кусты настоем гною ці перапрэлага сена. Трэцюю частку вядра каравяку (ці сена) заліць трыма літрамі вады, праз тры дні разбавіць вадой у суадносінах 1:3. Настой працадзіць і апырскваць у дзень прыгатавання.

4.Можна выкарыстаць і добры народны сродак. Змяшаць 9 літраў вады і 1 літр малака (лепш нават сыроваткі). Апырскаваць гэтым растворам у халаднаватае надвор’е. Малочнакіслыя бактэрыі, якія ўтвараюцца на лісцях, перашкаджаюць развіццю мучністай расы.

Вадкая падкормка

Лепш за ўсё ў гэтай справе выкарыстоўваць бочку (не важна, драўляную ці пласмасавую). Гной пакладзіце ў яе да сярэдзіны, даліце даверху вадой, закрыйце шчыльнай накрыўкай і пакіньце на два тыдні — няхай бродзіць. Раз у 3-4 дні масу неабходна памешваць. Праз два тыдні ўсё гатова. Перад унясеннем у глебу разбаўляйце атрыманую падкормку вадой — у 2-4 разы.

Падобна паступаюць са свежым птушыным памётам — разбаўляюць вадой (дзве часткі вады на частку памёту) і пакідаюць брадзіць у закрытай ёмістасці дзён дзесяць. Перад ужываннем настой разбаўляюць мацней, чым, напрыклад, каравяк: не ў 2-4 разы, а мінімум у 10 разоў.

Айва японская

Апошнім часам сярод садаводаў-аматараў вялікай папулярнасцю карыстаюцца нетрадыцыйныя ягадныя культуры. Адной з такіх культур з’яўляецца айва японская нізкая (хенамелес японскі). Айва з даўніх часоў вырошчваецца ва Усходняй Азіі як дэкаратыўная, пладовая і лекавая расліна. Дзікія віды яе сустракаюцца ў Японіі, Кітаі і Карэі. У Еўропу айва завезена ў канцы XVIII- пачатку XIX стагоддзя.

Айва японская ўяўляе сабой кустарнік вышынёй 0,5-0,7 метраў з густой кронай. Галінкі звычайна калючыя, але сустракаюцца і без калючак. Кветкі буйныя, вельмі прыгожыя, ярка-чырвоныя або аранжава-чырвоныя. Выспяваюць плады позна, у канцы верасня-пачатку кастрычніка. Плады грушападобнай, лімонападобнай, яблыкападобнай формы з жоўтай, светла-зялёнай або зялёнай афарбоўкай. Ураджайнасць з аднаго куста — 3-5 кілаграмаў. Адрозніваюцца плады кіслым смакам і моцным водарам.

Галоўная каштоўнасць пладоў  айвы — высокае ўтрыманне вітаміну С (120-180 мг на 100 г), што ў 2,5 раза больш, чым у лімоне.

Айву японскую размнажаюць у асноўным вегетатыўным спосабам: прышчэпкай, зялёнымі чаранкамі, атожылкамі.

Расліна адрозніваецца вялікай устойлівасцю да шкод-нікаў і хвароб у параўнанні з традыцыйнымі пладовымі культурамі. Па гэтай прычыне айву можна вырошчваць без прымянення хімічных сродкаў аховы.

Большасць прадуктаў перапрацоўкі захоўвае каштоўныя якасці пладоў яйвы японскай і яе моцны водар. З іх можна прыгатаваць сок, сухафрукты, варэнне, жэле і іншае.

Слоўнік дачніка

Бардоская вадкасць — фунгіцыд, радыкальны сродак барацьбы з грыбковымі і бактэрыяльнымі хваробамі раслін. Прымяняецца ў выглядзе сумесі раствору меднага купарвасу і вапнавага малака ў 1-працэнтнай канцэнтрацыі.

Інсектыцыд — хімічнае рэчыва для барацьбы з насякомымі.

Падрыхтаваў Мікола Архуцік.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *