Вторник, 23 января 2018

Летняя площадка ждет своих читателей!

617

Ці маюць патрэбу кніга і чытанне як спосаб адпачынку ў рэкламе? Для пастаянных карыстальнікаў – не. Але для тых, хто ў летнія дні праходзіць міма вокнаў бібліятэкі і не здагадваецца, наколькі насычанае і цікавае тут жыццё, гэтая праблема актуальная як ніколі.

20160615_7898

Таму па добрай традыцыі гарадская бібліятэка прапануе ўсім атрымаць новыя ўражанні на летняй пляцоўцы, якая адкрылася ў гэтыя дні перад цэнтральным уваходам у бібліятэку.

Для хлопчыкаў і дзяўчынак з летніх прышкольных лагераў, якія сабраліся на адкрыцці, супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі выдатную забаўляльна-гульнявую праграму «Вакол свету за 90 дзён».

Прадстаўленне пачалося на імправізаванай сцэне – круглай пляцоўцы каля памятнага валуна, дрэвы вакол былі ўпрыгожаны шарамі, сцяжкамі і кветкамі. Увазе дзяцей была прадстаўлена выстава з сямі тэматычных раздзелаў, якая запрашала ўсіх здзейсніць літаратурнае падарожжа ў розныя часткі свету.

Знаёмыя з дзяцінства казачныя героі – сапраўдны разбойнік Бармалей і не зусім сапраўдная Баба-Яга (дзеці раз-пораз касіліся на старую з ружовымі валасамі) – павіншавалі школьнікаў з пачаткам летніх канікул і напрасіліся з імі ў далёкае плаванне. Усе разам сустрэліся з еўрапейскімі казачнікамі, з джынам зляталі на Усход, на залатой ладдзі праплылі па Нілу, пагасцявалі ў індзейцаў у вігвамах, скакалі з кенгуру і стомленыя вярнуліся на радзіму.

20160615_7891

20160615_7885

20160615_7873

У шляху юнгам прыйшлося нялёгка: адгадвалі загадкі па гісторыі і геаграфіі, удзельнічалі ў міні-віктарынах, разгадвалі літаратурныя крыжаванкі, расшыфроўвалі карты-рэбусы, чыталі вершы. Цяжэй за ўсё дзецям прыйшлося на апошнім этапе, на жаль, пра Беларусь і пра родны горад яны ведаюць значна менш, чым пра іншыя краіны. Краязнаўчую віктарыну змаглі адолець толькі некаторыя юныя знаўцы.

Самыя актыўныя і знаходлівыя вандроўцы атрымалі салодкія прызы. Але галоўным падарункам стала атрыманая магчымасць з карысцю запоўніць вольны час на адкрытай летняй пляцоўцы. Работнікі бібліятэкі абяцаюць дзецям штотыднёвыя інтэрактыўныя пазнавальна-гульнявыя праграмы, а дарослым – займальныя літаратурныя святы.  Будзе магчымасць і свабоднага абмену літаратурай сярод насельніцтва, стэлажы буккросінгу на час дзеяння пляцоўкі будуць размяшчацца на вуліцы.

Такім чынам, чытальная зала пад адкрытым небам чакае чытачоў кожны аўторак і сераду з 11.30 да 16.00 гадзін (з улікам надвор‘я, зразумела). 

Алена Зялевіч

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *