Воскресенье, 21 января 2018

Низкий поклон тебе, товарищ батюшка!

583

21 чэрвеня 1941 года быў днём шанавання ўсіх святых, а наступная раніца перастала быць мірнай. Ужо значна пазней 22 чэрвеня суджана было стаць Днём усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Тыя суровыя гады сталі сапраўдным выпрабаваннем, вайна праверыла на трываласць кожнага чалавека. У тым ліку і духоўных пастыраў, сярод якіх быў і бацюшка Антоній Юшко.

20160620_8642_измен.размер

Служэнне царкве, народу для айца Антонія прыпала на цяжкія часіны. Нарадзіўся ён у 1896 годзе ў вёсцы Юшкаў Гродзенскага павета ў шматдзетнай сялянскай сям’і, таму не дзіўна, што ўсе дзеці змалку ведалі сапраўдную цану хлеба і працы.

Пасля вучобы ў Свіслацкай настаўніцкай семінарыі Антон Юшко паступіў у  мітрапалітальную духоўную семінарыю ў Вільні, якую паспяхова закончыў у лістападзе 1925 года. Тады ж пачалася яго царкоўная дзейнасць.

У  пачатку  30-х гадоў айцец Антоній стаў свяшчэннаслужыцелем Зельзінскага прыхода. Варта зазначыць,  што мясцовым вернікам і дагэтуль шанцавала на добрых бацюшкаў, з прыходам жа іерэя Антонія Юшко Зельзінская царква зажыла новым жыццём. Захапляла тая энергія, з якой пастыр працаваў на ніве рэлігійна-маральнай асветы. Матушка Лідзія, валодаючы музычным дараваннем, стала  рэгентам, кіраўніком царкоўнага хору. Яе голас на працягу многіх гадоў аздабляў богаслужэнні. На здзіўленне,  яна да апошніх гадоў жыцця нясла сваё кліраснае паслушэнства.

20160620_8640_измен.размер

Вернікі палюбілі сціплага і стараннага бацюшку, цанілі яго дабрату, чуласць. Пропаведзі айца Антонія  няслі прыхаджанам святло Хрыстовай веры, вучыў ён і любові да Айчыны.

З самага пачатку вайны людзі асабліва пацягнуліся да царквы, спадзеючыся, што бацюшка ўмацуе іх дух,  царква дапаможа разабрацца ў жыццёвых падзеях.

Пазней айцец Антоній, успамінаючы той грозны час, расказваў: “Вайна была аб’яўлена Айчыннай, як і вайна 1812 года. Па радыёпрыёмніку ў першы ж дзень вайны мы пачулі зварот мітрапаліта Сергія як фактычнага кіраўніка Праваслаўнай царквы ў статусе месцаахоўніка  патрыяршага прастола. За час Вялікай Айчыннай вайны ён 24 разы звяртаўся да пастыраў  і паствы хрысцянскай Праваслаўнай царквы з заклікам абараніць Айчыну. Ён казаў, што,  парушыўшы ўсялякія дагаворы і абяцанні, фашысты абрушыліся на нас і што кроў мірных грамадзян ужо арашае зямлю, што паўтараюцца часы Батыя, нямецкіх рыцараў, Карла шведскага, Напалеона, што нікчэмныя нашчадкі ворагаў праваслаўнага хрысціянства хочуць яшчэ раз паспрабаваць паставіць народ наш на калені…”

Бацюшка добра разумеў, што ён таксама не павінен заставацца ў баку ад ваенных падзей і проста абавязаны хоць нейкім чынам унесці асабісты ўклад у агульную справу перамогі над ворагам.

У першыя дні вайны раздробненыя  воінскія часці армій неарганізавана адступалі, пры гэтым вялі няроўныя баі, вырываючыся з акружэння. Рызыкуючы сваім жыццём і жыццём родных, айцец Антоній дапамагаў чырвонаармейцам, накіроўваў параненых да надзейных людзей, у дамах якіх савецкіх байцоў пераапраналі ў цы-вільнае адзенне. Калі ў наваколлі з’явілісялюдзі з паклажай за спіной,  бацюшка разам са сваімі вернікамі прыходзіў на дапамогу і гэтым бежанцам: давалі людзям магчымасць адпачыць, кармілі чым маглі.

Жыццё ў акупацыі было няпростым. Разумеючы, што  людзям патрэбна цяпер асаблівая падтрымка, бацюшка словам і справай рабіў гэта. Аб чым сведчаць і ўспаміны простых вернікаў, людзей, якія ведалі айца Антонія.

Н.Чайкоўская ўспамінала, што “бацюшка ў царкве служыў так палымяна, што людзі плакалі. Асабліва падтрымліваў старых людзей, тых, хто хварэў і хто быў ў глыбокай жалобе. Прычашчаў хворых і параненых, адпяваў памерлых і загінуўшых. У галодны час ён раздаваў тое невялікае, што прыносілі яму ў царкву. Нямецкія паборы былі цяжкія. Насельніцтву даводзілася здаваць малака па 450 літраў у год ад каровы, тры яйкі ад курыцы на тыдзень. Немцы забаранялі рэзаць жывёлу без дазволу. Людзі абавязаны былі здаваць бульбу, плаціць падаткі. Сабак у вёсцы было мала – немцы пастралялі, а тыя, у каго яны былі, плацілі за сабак падатак.

Ведаючы цяжкае становішча людзей, бацюшка не браў грошай за хрышчэнне, раздаваў хлеб, просьбы без увагі не пакідаў, людзей пры магчымасці абараняў”.

З аповеда В.Панасіка:

“Да вайны мы хадзілі ў царкву. Перада мной заўсёды быў абраз Мікалая Цудатворца з Евангеллем у руках… На мяне глядзелі блакітныя вочы, напоўненыя любоўю. Побач было шмат іншых абразоў, але я свае надзеі звязваў з Цудатворцам.

Ішоў 1943 год. Каб засцерагчы нас, дзяцей, ад голаду і холаду, мы з мамай накіраваліся  ў лес па сухоегаллё. Ішлі пешшу. Раптам нам насустрач немцы. Мы кінуліся бегчы, але пачулася стральба. Давялося спыніцца. Піхаючы прыкладамі, нас павялі па дарозе. Мама прасіла немцаў не чапаць дзяцей, а нам сказала: “Маліцеся Госпаду, Багародзіцы і Мікалаю Цудатворцу”.

Раптам з-за павароту паказаўся веласіпед, на якім ехаў бацюшка Юшко. Ён звярнуўся да нямецкіх салдат: “Куды вы іх ведзяце?” Тыя адказалі, што хочуць нас расстраляць. Бацюшка папрасіў: “Адпусціце іх. Калі перастраляеце ўсё насельніцтва, хто будзе на вас працаваць?” Калі бацюшка пераканаўся, што немцы, выслухаўшы яго, пагадзіліся адпусціць нас, сеў на веласіпед і паехаў. Мы былі ўратаваны…”

Так атрымалася, што Зельзінскі прыход аказаўся ў зоне партызанскага ўплыву. Многія з мясцовых жыхароў  спачувалі і аказвалі патрымку народным мсціўцам. У іх ліку – і зельзінскі бацюшка.

З пісьма настаўніка А.Я.Осіпава:

“У час акупацыі  Юшко А.  не згубіў чалавечага аблічча, дапамагаў партызанам. Калі немцы загадалі насельніцтву здаць у камендатуру радыёпрыёмнікі,  нічога не зробіш – здавалі. Але Юшко А. захаваў радыёпрыёмнік і дома асцярожна слухаў Маскву… Менавіта адсюль распаўсюджваліся зводкі Савінфармбюро, перадаваліся звесткі аб перамяшчэнні варожых войскаў. Пасля вызвалення Юшко А. быў узнагароджаны партызанскім медалём”.

У 1943 годзе на тэрыторыі Пружанскага і суседніх раёнаў Брэсцкай і Гродзенскай абласцей дзейнічала разведгрупа “Захад”. Паслявайны камандзір гэтай групы Ляон Агабекаў  напісаў кнігу “Радирует “Запад”. У ёй расказаў не толькі пра разведчыкаў, але і пра людзей, якія ім дапамагалі.З разведчыкамі перапісваліся краязнаўцы Магілявецкай школы. Вось што пісаў Л.Агабекаў:

“Помню сям’ю свяшчэнніка Юшко. Паверце, гэта была цудоўная сям’я – гаспадар, яго жонка і дачка аказвалі нам усемагчымую дапамогу. Яны хавалі нас, кармілі, выязджалі ў горад  і выконвалі нашы заданні.

Уявіце сабе карціну. Калі вярталіся з задання, нас заспеў дзень. Што рабіць? Прыйшлі да папа. Ён размясціў нас у царкве. Знаходзячыся там, мы зверху назіралі, як немцы разгульваюць па вёсцы, некалькі разоў заходзілі да іх у дом. Нягледзячы на вялікую небяспеку, гэтая сям’я знаходзіла магчымасць прыйсці да нас, расказаць навіны,  узяць з сабой што-небудзь паесці. Хіба гэта можна забыць?..”

Пісьменнік Аляксей Карпюк у кнізе “Реквием”  таксама піша пра Антонія Юшко:

«Местный священник был заодно с партизанами». Успомніў і пра матушку: «Матушка подошла к каланче с ведрами и на веревке, привязанной к языку колокола, подала десантникам суп, картошку».

IMG_0279_6404_измен.размер

Ці вось яшчэ: “На этот раз они сидели в каком-то погребе. Погреб был настолько мал, что в нем даже не горела свечка – не хватало кислорода. В темноте и промозглой сырости только и слышно было, как тяжело, с перерывами дышит командир. Остальные бодрились. Десантники давились от приглушенного хохота, когда вспоминали встречу с батюшкой. Дело в том, что Сережа Панин, обращаясь к попу, всякий раз называл его «товарищ батюшка»…

IMG_0296_6421_измен.размер

Закончылася вайна. У 1949 годзе айца Антонія Юшко пераводзяць у Лыскаўскі прыход. І тут гэтак жа, як і раней,  старанна, без фарысейства  нёс наканаваны лёсам крыж, імкнучыся  пасяліць у людскія сэрцы дабро і спагаду. Пасляваенны дырэктар Лыскаўскай школы, былы партызан Д.А.Сінькоў успамінаў:

“У мяне былі сустрэчы з протаіерэем Юшко. Мы вялі размовы пра вайну і мір. Ён гаварыў пра тое, што зямля не павінна ўздрыгваць ад войнаў, што нам наканавана жыць у братэрстве паміж народамі. Выказваў захапленне подзвігамі духу на вайне. З цікавасцю расказваў аб подзвігу Паўлава падчас Сталінградскай бітвы і пра тое, што ён не змог змірыцца з успамінамі аб бітве і сышоў у манастыр, разам з вернікамі дапамагаў параненым  у шпіталях…”

Бацюшка А.Юшко  прайшоў праз ганенні на царкву, пакорліва  сцярпеўшы усе нягоды. Вельмі засмучаўся, што Зельзінская Крыжа-Узвіжанская царква была адабрана пад вясковы клуб. Але пераабсталяваць будынак пад клуб было вельмі складана, і яго выкарыстоўвалі ў якасці стралковага ціра для вучняў. А затым у царкве здарыўся пажар… Людзі старэйшага пакалення помняць тыя часіны, калі зразалі крыжы, былі забаронены хрэсныя ходы, карыстанне званамі, нашэнне нацельных крыжыкаў ды і наогул наведванне цэркваў.

Бацюшка жыў сярод людзей, жыў для людзей, абнадзейваючы іх верай у лепшыя часіны. Ён быў майстрам на ўсе рукі: сам будаваў дом, капаў калодзеж, займаўся пчалярствам, садзіў дрэвы і кусты. Унукі айца Антонія сталі дастойнымі людзьмі, хоць і на іх долю выпала нямала цяжкасцей. Толькі нядаўна яны адкрылі сямейныя альбомы, якія беражліва захоўвалі многія гады. На жаль, бацюшка не дажыў да таго часу,калі страшны эксперымент жыцця без Бога завяршыўся.

У 1972 годзе падчас службы айцу Антонію стала дрэнна – інсульт, і хутка душа праведнага пастыра адляцела на нябёсы. Перад ціхім, мірным скананнем на яго  вачах з’явіліся слёзы. Што аплакваў пастыр перад адыходам у іншы свет? Ці не лёс нашага зямнога жыцця? Ці не аб нас, непакаяных грэшніках, плакаў святы бацюшка?

На здымках:

Айцец Антоній, пасляваеннае фота. Антоній і Лідзія Юшко, 1920-я гады.  Званіца Зельзінскай царквы, дзе хаваліся партызаны. У Зельзінскай царкве.

Вера Церахава

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *