Четверг, 18 января 2018

Интервью с главным врачом Пружанской ЦРБ В.М.Дороневичем

645

Прафесія ўрача адна з самых запатрабаваных. Кожны з нас хоць бы раз у жыцці звяртаўся да доктара па дапамогу. Сучасная ахова здароўя, накіраваная на лячэнне хвароб і падтрыманне здароўя чалавека, патрабуе пастаяннага развіцця і ўдасканалення. Пра гэта размова з галоўным урачом Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы В.М.Дараневічам.

1330600634_измен.размер

— Аб’ём бюджэтных асігнаванняў на ўтрыманне медыцынскіх устаноў раёна ў 2015 годзе склаў звыш 94,8 мільярда рублёў, — расказвае Віктар Міхайлавіч. – На выдаткі на амбулаторна-паліклінічную работу прыпадае 43,9% ад фактычных расходаў, стацыянарную дапамогу – 40,1%, на хуткую дапамогу – 5,4%, іншыя выдаткі, уключаючы капітальныя і льготнае забеспячэнне, – 10,6%.

Як і раней, у мінулым годзе выконваліся мерапрыемствы па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя раёна, праводзіліся бягучыя рамонты аб’ектаў. Напрыклад, былі зроблены рамонты ў  Шарашоўскай гарадской бальніцы, рэанімацыйным аддзяленні і галоўным корпусе раённай бальніцы, Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду. У выніку атрымалася даволі ўнушальная сума — звыш 510 мільёнаў рублёў.

Віктар Міхайлавіч, нашых чытачоў цікавіць далейшы лёс неўралагічнага корпуса і пытанне перааснашчэння медыцынскім абсталяваннем устаноў аховы здароўя.

— Будаўніцтва неўралагічнага корпуса працягваецца, выканана работ на агульную суму 15,9 мільярда рублёў. На перааснашчэнне медыцынскім абсталяваннем арганізацый аховы здароўя раёна ў мінулым годзе выдаткавана больш 600 мільёнаў рублёў. Да ўсяго на суму звыш 640 мільёнаў рублёў мы атрымалі новага абста лявання бязвыплатна, у тым ліку  апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, кіслародны інгалятар, інкубатар інтэнсіўнай тэрапіі нованароджаных.

Наколькі вядома, вырас даход ад аказання платных медыцынскіх паслуг. Ці звязана гэта з больш эфектыўным сучасным абследаваннем, якое можа прапанаваць, напрыклад, наша паліклініка?

— Даходы ад небюджэтнай дзейнасці фарміруюцца ў тым ліку і за кошт  даходаў ад платных медыцынскіх паслуг. Арыфметыка тут такая: у 2015 годзе ад пазабю-джэтнай дзейнасці мы атрымалі звыш 5 млрд. 104 млн. рублёў. Сума ад аказання платных медыцынскіх паслуг склала крыху больш 4 млрд. 926 млн. рублёў, у тым ліку насельніцтву – 3 млрд. 517,5 млн. рублёў. Што да абследавання, дык для паліклінікі ЦРБ набыты новы апарат ультрагукавой дыягностыкі высокага класа, укаранёны методыкі ўльтрагукавой дыягностыкі артэрый. Значна павялічылася колькасць  УГД сэрца: з 817 у 2011 годзе да 2074 у 2015-м. Дзякуючы ўкараненню яшчэ адной методыкі, палепшылася дыферэнцыяльная дыягностыка інфарктаў міякарду і нестабільных стэнакардый.

Фактычны нарматыў бюджэтнай забяспечанасці на аднаго жыхара раёна ў 2015 годзе склаў каля 1 мільёна 955 тысяч рублёў.

— Ці выкананы асноўныя сацыяльныя стандарты?

— Яны выкананы ў поўным аб’ё ме. Калі казаць аб забяспечанасці ўрачамі пярвічнага звяна, дык у нас адзін урач прыпадае на 1427 жыхароў. У раёне функцыянуе 351 стацыянарны ложак, або 7 ложкаў на 1 тысячу жыхароў. Стандарт забяспечанасці хуткай медыцынскай дапамогай – гэта адна брыгада на 12 тысяч жыхароў, у нас жа адна брыгада абслугоўвае 9702 жыхары. Тое ж можна сказаць і пра забяспечанасць жыхароў аптэкамі, а медыцынскіх устаноў — аўтатранспартам і санітарна-тэхнічным абсталяваннем.

Укаранёны шэраг новых метадаў лячэння і абследавання пацыентаў: запушчаны ў работу гемалітычны аналізатар, які дазваляе дыягнаставаць анеміі, рабіць ацэнку якасці і памераў трамбацытаў, не праводзячы ўнутрывенны забор крыві ў дзяцей.

Віктар Міхайлавіч, скажыце, калі ласка, што ў цэнтральнай раённай бальніцы робіцца для таго, каб зрабіць медыцынскую дапамогу для жыхароў раёна больш даступнай?

— Для даступнасці медыцынскай дапамогі і памяншэння чэргаў у паліклініках праводзіцца актыўная работа па інфарматызацыі ўстаноў аховы здароўя. Устаноўлены і працуюць шэраг камп’ютарных праграм, якія дазваляюць без прыходу ў рэгістратуру паліклінікі запісацца на прыём да ўрача. І такія праграмы паспяхова працуюць не толькі ў Пружанскай, але і ў Ружанскай і Шарашоўскай паліклініках.

— А наколькі прывабнай застаецца раённая бальніца для маладых спецыялістаў і што робіцца для таго, каб затрымаць іх у нашым раёне?

— У мінулым годзе да нас прыбылі на першае працоўнае месца 18 урачоў і 11 сярэдніх медыцынскіх работнікаў, прыступілі да праходжання інтэрнатуры 8 спецыялістаў. Усе маладыя спецыялісты забяспечаны жыллём: выдзелена 16 кватэр, прадастаўлена 5 месцаў у інтэрнаце, восем чалавек маюць уласнае жыллё.

У сувязі з прафесійным святам хачу падзякаваць усім нашым медыцынскім работнікам за нястомную працу і цярпенне, пажадаць дабра, невычэрпных сіл і працавітасці. Няхай любоў і шчасце напаўняюць кожны ваш дом, а праца дзеля здароўя людзей прыносіць толькі задавальненне.

Гутарыла Галіна Каляда

Сяргей Талашкевіч (фота)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *