Четверг, 20 сентября 2018

Пад аховай крыжа і буслоў

948

На беларускіх землях здаўна склалася традыцыя ўсталёўваць у асаблівых памятных месцах, непадалёк ад гарадоў і вёсак, на скрыжаваннях дарог манументальныя крыжы. А пра людзей, якія маюць дачыненне да гэтай падзеі,  заўсёды  адзываюцца з вялікай цеплынёй, у чым я і змагла пераканацца, наведаўшы вёску Роўбіцк.

IMG_1715

Праязджаючы па вёсцы, здалёк заўважыла новы прыдарожны васьміканцовы крыж. Паблізу разгледзела: вышынёй каля чатырох метраў, дыхтоўна зроблены з дубовага масіву, упрыгожаны металічным распяццем, а каля падножжа, як і належыць, камянямі выкладзена невялікае ўзвышэнне, якое сімвалізуе гару Галгофу. Мяркуючы па зробленай на скорую руку агароджы і расчышчанай тэрыторыі, тут яшчэ плануюцца нейкія работы па добраўпарадкаванні.

Задала пытанне, калі і хто зрабіў тут гэтую прыгажосць, сустрэчным жанчынам, якія ішлі з нядзельнага богаслужэння. У тых загарэліся вочы:

Гэта нашы “губернатары”!

Убачыўшы поўнае здзіўленне на маім твары, вясковыя жыхаркі падхапілі мяне пад рукі, завялі ў двор і ў альтанцы за лічаныя хвіліны накрылі стол, — падрыхтаваліся, так бы мовіць, да сустрэчы высокіх гасцей.

Сарафаннае радыё спрацавала імгненна – чакаць іх давялося нядоўга. Аказалася, “губернатарамі” жыхары з любоўю  называюць старасту вёскі Генадзя Канстанцінавіча Жукоўскага і адказнага за добраўпарадкаванне могілак Мікалая Барысавіча Прытульчыка.

Першы пры знаёмстве ахарактарызаваў сябе вельмі коратка: “Беспартыйны жыхар вёскі Роўбіцк”. Значна больш пра яго распавялі іншыя. Генадзь Жукоўскі ўсё сваё свядомае жыццё займаецца кіакушынкай каратэ, з’яўляецца афіцыйным прадстаўніком гэтага віду адзінаборстваў у Беларусі. Уладальнік чорнага пояса 4-га дана, на яго рахунку перамогі на чэмпіянатах Беларусі і Расіі. Цяпер ён кіруе брэсцкім спартыўным клубам «Усход».

Жукоўскі Генадзь

Другі суразмоўца таксама быў нешматслоўны:

Былы ваенны, аб’ездзіў паўкраіны, доўгі час служыў у Венгрыі, жыў у Брэсце, перыядычна прыязджаў у пустуючы бацькоўскі дом. Калі выйшаў на пенсію, вырашыў вярнуцца ў родную вёску назаўжды. Дык вось, 20 гадоў тут і жыву, імкнуся служыць сваім аднавяскоўцам.

У мінулым годзе мужчыны ініцыявалі добраўпарадкаванне вясковых могілак (там таксама ўсталявалі паклонны крыж і пачысцілі тэрыторыю), знос старых дамоў і аварыйных дрэў, рамонт сельскіх дарог і аднаўленне агароджы.

Прайшоў год, а вёску не пазнаць. Мы ўжо старыя, нямоглыя, няма сіл нават на сваім падворку прыбраць. А яны  паклапаціліся пра парадак і акультурванне нікому не патрэбнай тэрыторыі. Стараста ў вёсцы – што гаспадар у доме, у першую чаргу ідзем да яго са сваімі просьбамі і праблемамі, – справядліва адзначае гаспадыня падворка, дзе мы сабраліся.

Сапраўды, адчуваецца, што да  абавязкаў сваіх мужчыны ставяцца рупліва, сваім энтузіязмам зараджаюць астатніх. Вакол зірнеш – чысціня! І на дварах, і ля агароджы з боку вуліцы – усё якасна, грунтоўна, усюды “прыкладзены рукі”.

Дарэчы, у Сухопальскім сельвыканкаме пацвердзілі, што вёсцы Роўбіцк пашанцавала са старастам.

Але мяне ўсё ж цікавіць крыж, таму накіроўваю размову ў патрэбнае рэчышча:

Вы верыце ў Бога?

Атэістаў у нас у вёсцы няма. Калісьці старажылы распавядалі, што ставілі такія крыжы, каб абараніць паселішча  ад розных бедаў і няшчасцяў: падчас эпідэмій, засухі, паморку жывёлы. У нашай вёсцы на ўсіх дарогах стаяць крыжы, але хацелася, каб узвышаўся і на галоўным скрыжаванні. Яно небяспечнае, побач і аўтобусны прыпынак. Цяпер, адпраўляючыся ў дарогу, чалавек можа папрасіць у Бога дапамогі ў шляху, – падкрэслівае Мікалай Барысавіч Прытульчык. – А яшчэ наш крыж служыць пажылым людзям месцам для малітвы. Да бліжэйшага храма ў Сухопалі восем  кіламетраў. Не ўсе могуць туды дабрацца, і на Вялікдзень для асвячэння кулічоў тут будуць збірацца, як калісьці каля ранейшага крыжа, гаспадынькі і з суседніх вёсак  (Чадзеля, Прыкалесі, Ляўкоў).

Раней недалёка ад гэтага месца быў крыж, але ён састарэў, страціў дастойны выгляд.  Ды і стаяў у нязручным месцы: яго не відаць было з галоўнай вуліцы. Ля крыжа па традыцыі спыняліся з нябожчыкамі. Мяне мучыла сітуацыя, што не было дарогі, як той казаў, “ад крыжа  –  да крыжа”. Таму з блаславення сухопальскага святара айца Віталія Навасада вырашыў узяцца за ўстаноўку новага крыжа. Па традыцыі яго вырашылі зрабіць драўляным – з дуба.

Крыж асвяцілі ў Вялікі пост, афіцыйнага адкрыцця не было, бо мужчыны плануюць яшчэ добраўпарадкаваць навакольную тэрыторыю: зрабіць прыгожую агароджу, з такога ж дуба змайстраваць  лаўкі для пажылых людзей.

Усёй вёскай збіралі камяні для альпійскай горкі – разаб’ем вакол кветнікі. Плануем задзейнічаць і слупы, якія стаяць на скрыжаванні. Зробім буслянкі. Памятаеце, раней была такая перадача «Буслы Роўбіцка»? Вось хочам, каб гэтыя птушкі заўсёды заставаліся атрыбутам нашай вёскі.

Адзначу, што падчас  размовы Генадзь Канстанцінавіч і Мікалай Барысавіч неаднаразова дзякавалі жыхарам вёскі за дапамогу. Асобна прагучалі словы падзякі ў адрас  дырэктара ААТ «Роўбіцкае» Мікалая Іванавіча Пстыгі за рэгулярную пасільную дапамогу і  Генадзя Хоміча, які непасрэдна  займаўся сталярнымі работамі.

На развітанне не ўтрымалася і спытала пра іншыя планы на будучыню. Іх аказалася столькі, што гутарка зацягнулася яшчэ на гадзіну. У праграме развіцця вёскі на першым месцы стаіць правядзенне штогадовага свята вёскі. Практычна вызначыліся і з датай святкавання – гэта першыя выхадныя жніўня (улічылі пажаданні пажылых вернікаў, у якіх з 14 жніўня пачынаецца строгі Успенскі пост). Асноўным брэндам свята можа стаць правядзенне вясельнай цырымоніі з вядомым у акрузе з даўніх часоў абрадам “Сава”, ёсць ужо жадаючыя пабрацца шлюбам у старых традыцыях.

Ёсць яшчэ адна мара, якую вырашыў агучыць Генадзь Канстанцінавіч:

Практычна побач з вёскай праходзіць аб‘язная траса. Мы марым выкапаць азярцо (ёсць даволі падыходзячае  месца – ля перасячэння двух каналаў, дзе можна было б прымяніць сістэму абнаўлення вады), добраўпарадкаваць зону для кэмпінгу, каб турысты, якія праязджаюць транзітам, затрымліваліся менавіта ў нас. Жыхары гатовы пастаўляць ім мясцовую прадукцыю – экалагічна чыстае харчаванне яшчэ ніхто не адмяняў. Вядомасць вёскі ўзрасла б у разы.

Мяркую, што падарожнікаў, асабліва велатурыстаў, тут нямала: пакуль ехала, бачыла некалькі сем’яў на веласіпедах з прычапнымі каляскамі для дзяцей. Так што будзем спадзявацца, што мары гэтых людзей здзейсняцца, а вёска Роўбіцк заквітнее і разрасцецца, як  калісьці.

На здымку: Мікалай Барысавіч Прытульчык каля новага крыжа ў Роўбіцку, Генадзь Канстанцінавіч Жукоўскі.

 

Алена Зялевіч

Один комментарий

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *