Четверг, 24 мая 2018

Все краски лета

1 507

Здалёк падалося, што я стала сведкай незвычайнай прыроднай з’явы: нібы рознакаляровыя мурашы спаўзаліся з прылеглых вуліц на плошчу каля Палаца культуры. Аказалася, гэта некалькі сотняў дзяцей з дзіцячых садкоў і школьнікаў-пачаткоўцаў збіраліся на цудоўнае свята «Фарбы лета», арганізаванае работнікамі Палаца культуры.

20160601_6543

Галоўнай вядучай на свяце была прырода, якая з самага пачатку вырашыла праверыць дзяцей на трываласць: зазвінеў па тратуарнай плітцы летні дождж, і дзеці кінуліся пад дах.

А які ж летні дожджык без грыбоў і вясёлкі?! Выхавальніцы-«другія мамы» раскрылі маленькія парасоны, і пад кожным, нібы ў мульціку «Грыбок-церамок» цудам змаглі схавацца групкі дзяцей. Як толькі дождж супакоіўся, дзеці вярнуліся на свае месцы, сталі перад ганкам дугою і ўтварылі самую сапраўдную вясёлку з рознакаляровых капялюшыкаў, банцікаў і панамак. Назіраць за гэтымі выпадковымі метамарфозамі было адно задавальненне!

20160601_6528

Задавальненне ад свята атрымлівалі і дзеці. На тое было многа прычын. Праграма забаў была насычанай і каляровай: дзеці спявалі, скакалі, чыталі вершы, разгадвалі рэбусы і разыгрывалі прызы ў арыгінальных тэматычных эстафетах.

Першымі дзяцей забаўлялі юныя майстры з узорнага ансамбля танца «Круцёлачкі». Яны круціліся ў «Беларускай кадрыльцы», нібы шкельцы з калейдаскопа, і ўтваралі неверагодныя фігуры і ўзоры.

Некалькі згусцілі фарбы загадкі-шарады: калі дзеці сталі іх разгадваць, тут ужо ўся плошча выбухнула ад смеху. Падумайце самі, да чаго яны, не заўважыўшы падвоху, дагаварыліся, працягваючы фразы вядучай Анастасіі Ціхановіч, якая задумала нядобрае: слон-сланіха і баран-бараніха альбо заяц-зайчыха і бык-бычыха.

Цяжка прыйшлося дзяўчынкам у эстафеце «Бабкі-ёжкі», дзе замест ступ давялося «лётаць» у металічных вёдрах. Тут нават сапраўдная Яга не справілася б. Складана было і хлопчыкам, якія нібы ў рэшаце насілі ваду ў маленькіх чайных лыжачках, ды яшчэ напаўнялі ёю шклянкі. Але дзеці праявілі сапраўдны спрыт.

20160601_6508

20160601_6485

20160601_6502

Над прапанаванымі загадкамі прыйшлося папацець і дарослым. Вось вы, напрыклад, ведаеце, які месяц карацей за ўсіх, а якая рака самая страшная? Што стане з зялёным мячыкам, калі ён упадзе ў Жоўтае мора? Ці што можна прыгатаваць, але нельга з’есці? Скажаце: лаўровы ліст! Вось і не – урокі!

Вось такія складаныя заданні прыйшлося вырашаць нашым дзецям, нядзіўна, што на «перапынках» для іх спявалі салісты ўзорнай эстраднай студыі «Меладзін». Расслабіцца дзеці змаглі і падчас танца ансамбля «Тапатушкі». Гэта быў сапраўдны танец фарбаў: сем дзяўчынак у празрыстых, лёгкіх, нібы акварэль, сукенках усіх колераў вясёлкі пад парасонамі-палітрамі  мяккімі рухамі-мазкамі малявалі на ганку сваю карціну. Услед за імі выскачылі і «пэндзлікі» – менавіта іх нагадвалі рознакаляровыя пухнатыя парыкі на танцорах ансамбля эстраднага танца «Рубікон».

20160601_6544

Акрамя навучэнцаў эстрадных, харэаграфічных студый і гурткоў, свае фарбы ў летнюю атмасферу свята прыўнеслі і выхаванцы студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Шклінкі-маляванкі» пад кіраўніцтвам народнага майстра РБ Марыі Кулецкай, а сама майстрыха ўпрыгожвала твары дзяцей аквагрымам у выглядзе розных звяроў і насякомых (былі ўсё ж мурашы на свяце!), што рабіла свята яшчэ больш яскравым і непаўторным.

Таксама дзейнічала выстава-продаж, арганізаваная аддзяленнем дзённага знаходжання інвалідаў ДУ «Пружанскі тэрытарыяльны цэнтр абслугоўвання насельніцтва», на якой можна было пабачыць унікальныя сувеніры: вышытыя атласнымі стужкамі нацюрморты, віншавальныя паштоўкі з квілінгам – кампазіцыямі са скручаных у спіралькі палосак паперы, лялькі-феі, дрэвы з бісеру і іншыя цуда-дробязі, якія змаглі б сваімі фарбамі ўпрыгожыць любую прастору.

Свята атрымалася, пад вясёлую музыку і з вясёлкавым настроем дзеці сыходзілі дадому.  Дзіўна, усяго толькі сем фарбаў ім трэба для шчасця!

Алена Зялевіч

Один комментарий

  • Игорь

    А чего про «колор-фест» не написали? Столько людей было много и все в восторге! В Пружанах было даже круче чем в Бресте https://vk.com/album-119855321_232845503

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *