Четверг, 24 мая 2018

На пачатку было слова

1 376

Менавіта так называецца выстава, якая адкрылася да Дня славянскага пісьменства ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”. На ёй прадстаўлена каля 60 графічных работ (розныя малюнкі, лінарыты, афорты і літаграфіі) ад васямнаццаці беларускіх мастакоў — класікаў другой паловы ХХ стагоддзя, вядомых далёка за межамі Беларусі. Гэты сапраўдны скарб сабраў у сваю прыватную калекцыю мастак з г.Мінска Уладзімір Крукоўскі, ужо вядомы пружанскім аматарам мастацтва па сваёй выставе, якая адбывалася летась у палацыку. 

На выставу Курган Яўгена Куліка

Усе карціны паслужылі ілюстрацыямі да шырока вядомых беларускіх выданняў. На выставе можна ўбачыць, перш за ўсё, вобразы беларускіх асветнікаў і першадрукароў: Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны, Міколы Гусоўскага і іншых.  Тут і вядомыя са школьнай лаўкі партрэты і сюжэты з жыцця класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Алаізы Пашкевіч (Цёткі),  Максіма  Багдановіча і Вінцука Дуніна-Марцінкевіча. Ёсць  і старонкі з “жамчужын” старажытнаславянскай літаратуры  –  “Песні пра зубра” і “Слова пра паход Ігаравы”.  Знайшлі сваё ўвасабленне і героі  вядомых беларускіх майстроў слова: Якуба Коласа, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, В. Каратынскага і іншых.

На мой погляд, найбольшай увагі заслугоўваюць творы геніяльнага мастака Яўгена  Куліка, які стаяў ля вытокаў беларускага культурнага адраджэння. Партрэт  Міколы Гусоўскага  ў яго выкананні бачыў ці не кожны з нас, менавіта такім гэты асветнік ужо замацаваўся ва ўяўленні беларусаў.  Уразіў і партрэт Максіма Багдановіча, напісаны абсалютна лаканічна – літаральна адным росчыркам пяра.

А ілюстрацыі Куліка да «Песні пра зубра» – увогуле вяршыня беларускага афарміцельскага мастацтва. Адзначаныя на Рэспубліканскім конкурсе «Мастацтва кнігі» дыпломам Скарыны, а на Усесаюзным — дыпломам 1-й ступені, яны зроблены ў духу старасвеччыны і адраджаюць традыцыі класічнага аздаблення старабеларускіх кніг.

Асабняком стаяць і творы Міхася Басалыгі , асабліва серыя іллюстрацый да паэмы Янкі Купалы “Курган”, для якой характэрна “сармацкая” летапісная стылістыка. Мануменальная постаць сівога гусляра перадае быццам цэлую эпоху, а распластанае  белае адзенне на фоне раздробненай чарнаты адразу ўтварае ў падсвядомасці асацыяцыі з  пакутамі Хрыста.

Увогуле, для ўсіх заяўленых на выставе мастакоў (Міколы Купавы, Васіля Камарова, Арлена Кашкурэвіча, Васіля Шаранговіча, Пятра Драчова і іншых) характэрна імкненне да асацыятыўнасці. Усе яны шукаюць нацыянальную вобразнасць і фальклорны пачатак і напаўняюць творы лірызмам  і філасофіяй.

Многіх з майстроў ужо няма ў жывых, і чым болей часу праходзіць, тым больш маштабнымі паўстаюць іх постаці ў беларускім мастацтве і культуры.

 

На здымку: ілюстрацыя да паэмы Янкі Купалы «Курган».

Алена Зялевіч

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *