Воскресенье, 21 января 2018

Разговор о предстоящей деноминации с директором Центра банковских услуг

442

Менш месяца засталося да знакавай падзеі ў жыцці нашай краіны — дэнамінацыі нацыянальнай валюты. Знікненне чатырох нулёў на грашовых купюрах пасля 1 ліпеня нараджае шмат пытанняў. Павялічылася і колькасць зваротаў чытачоў у рэдакцыю з просьбай патлумачыць, ці гатова фінансавая сістэма краіны да новаўвядзенняў, ці «хопіць грошай» на ўсіх.

Кононович 005

Гэтыя і іншыя пытанні мы задалі дырэктару Цэнтра банкаўскіх паслуг №122 філіяла №113 ААТ «ААБ Беларусбанк» Э.М.Канановічу.

— Аддзяленні нашага банка маюць неабходны  аб’ём наяўных грошай, каб з 1 ліпеня прыступіць да абмену старых купюр на новыя ўзору 2009 года,— падкрэслівае Эдуард Міхайлавіч.— Гэта тычыцца і банкаматаў, якія з апоўначы гэтага дня прыступяць да выдачы па картках новых грошай.

— Раскажыце падрабязней пра работу банкаматаў, калі ласка.

— Трэба адзначыць, што банкаматы не будуць выдаваць манеты, бо для гэтага не валодаюць адпаведнай тэхнічнай магчымасцю. Калі металічная дробязь будзе патрэбна, то па яе трэба звяртацца ў банкаўскія касы, якія на працягу паўгода будуць ажыццяўляць размен бясплатна.

Наяўнымі па картках можна будзе атрымаць купюры, пачынаючы з 5 рублёў. Таксама ў банкаматах будзе давацца магчымасць зняцця купюр у 10, 20 і 100 рублёў. А вось 200 і 500 рублёвых пакуль там не будзе: гэта зроблена для таго, каб знізіць рызыку для работнікаў магазінаў і банкаў пераблытаць старыя і новыя грошы. Вось калі дэнамінацыя будзе заканчвацца, то такія купюры з’явяцца паўсюдна.

— А што будзе з  укладамі  грамадзян?

— Аўтаматычна ўсе ўклады ў беларускіх рублях (зразумела, не валютныя) з 1 ліпеня страцяць чатыры нулі. Тое ж адбудзецца і з умовамі адкрыцця дэпазіту: напрыклад, калі раней мінімальнай сумай першагаўзносу быў мільён рублёў, то стане — 100 рублёў.

Таксама выдача грошай пры зняцці пэўнай сумы ўкладу або скасаванні дагавора на дэпазітарнае захоўванне будзе ажыццяўляцца толькі ў купюрах узору 2009 года.

— Аднак не ўсе захоўваюць грошы ў банках. Ці можна будзе  абмяняць старыя грошы на новыя тым, хто трымае зберажэнні дома, і як гэта зрабіць?

— Рэгулятарам нацыянальнай фінансавай сістэмы беларускім банкам пастаўлена  задача максімальна садзейнічаць паскарэнню працэсу дэнамінацыі. Таму будуць прыкладацца ўсе намаганні, каб паменшыць аб’ём старых грошай на руках у насельніцтва. Напрыклад, можна прынесці свае зберажэнні ў любое аддзяленне банка і ніякіх дакументаў для гэтага прад’яўляць не трэба. Выключэннем з’яўляюцца толькі тыя выпадкі, калі кліент прыйдзе ў банк з вельмі буйной сумай — звыш 1000 базавых велічынь (зараз гэта 210 мільёнаў рублёў). Тады для абмену спатрэбіцца пашпарт. Але мы такіх выпадкаў не чакаем, бо трымаць вялікую суму «ў панчохах» сёння няма сэнсу, і многія гэта разумеюць.

— І будзе хапаць новых грошай?

— Не выключаю, што могуць узнікнуць выпадкі, калі купюр узору 2009 года сапраўды будзе не хапаць і касірам давядзецца ў якасці здачы даваць старыя грошы. Але гэта дапускаецца толькі ў крайніх выпадках, і нічога страшнага тут няма: старыя купюры дзейнічаюць як плацёжны сродак  да канца бягучага года. А потым іх можна будзе да канца 2019 года абмяняць ва ўсіх банках, а да канца 2021 года — у Нацыянальным банку.

Дадам, што ўсе гэтыя складанасці ўвогуле застануцца незаўважнымі для тых, хто пры разліках карыстаецца пластыкавымі карткамі.

— Якім чынам будуць працаваць з банкам гандлёвыя арганізацыі ў плане здачы выручкі?

— Для здачы грашовай наяўнасці праз службу інкасацыі старыя банкноты і новыя ўзору 2009 года трэба раскласці асобна. Калі сабраны аб’ём наяўных грошай вельмі вялікі, то для іх упакоўкі выкарыстоўваюць асобныя сумкі. Агульная сума на ліцавым баку суправаджальнай ведамасці ўказваецца па новым кошце з указаннем праз коску капеек. На абаротным баку ведамасці распісваецца сума па кожным годзе выпуску купюр. Калі гэты працэс будзе выклікаць складанасці, то нашы спецыялісты акажуць усю магчымую дапамогу. А пры памылках ніхто не будзе прымяняць карныя меры.

— Адна з чытачак спытала, якім чынам будзе на валютным табло адбівацца курс беларускага рубля ў дачыненні да іншых замежных грошай? Магчыма, плануецца акругленне?

— На табло курсы валют будуць адлюстраваны ў выглядзе чысла з чатырма лічбамі пасля коскі. Напрыклад, сёння курс долара складае 19788 рублёў, што з першага ліпеня пераўтворыцца ў 1,9788 або 1 рубель 98 капеек. Невялікае акругленне, як бачна, ёсць, але яно складае незаўважны мізэр, долі капейкі.

— Новыя нязвыклыя купюры грамадзянам давядзецца пэўны час запамінаць. Зламыснікі могуць скарыстаюцца гэтым, каб запусціць у абарот фальшыўкі. Як пераканацца ў сапраўднасці купюр і манет?

— Манеты падрабіць вельмі складана, яны таксама маюць шмат ступеняў абароны, для гэтага патрэбна дасканалая тэхнічная база (якая для фальшываманетчыкаў проста не акупіцца). Банкноты правяраюцца навобмацак, на прасвет, пры нахіле і пры дапамозе спецыяльных прыбораў у банку. Больш падрабязна пра вызначэнне сапраўднасці грошай можна пачытаць на сайце нашага банка.

Гутарыў Алег Сідарэнка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *