Понедельник, 22 января 2018

Во время операции, на которую собирали всем районом, Арина выросла на 8 сантиметров

1 431

Напрыканцы мінулага года раённым аддзяленнем Фонду міру была абвешчана дабрачынная акцыя па збору сродкаў для 12-гадовай Арыны Семянчук, якой патрабавалася тэрміновая аперацыя на пазваночніку. Як расказвае сакратар  аддзялення В.І.Матвіенка, жыхары раёна прынялі ў гэтай акцыі актыўны ўдзел.

ДУМАЛАСЯ, што напярэдадні навагодняй мітусні, негатыўнага ўздзеяння эканамічнага крызісу мала хто пажадае ўдзельнічаць у акцыі,— расказвае Віталь Іванавіч.— А тут за няпоўны месяц — 25 мільёнаў рублёў!

Адгукнуліся не дзясяткі — сотні людзей, пераводы сталі паступаць з усіх арганізацый Пружаншчыны. Ды што там раён, рэспубліка адрэагавала на бяду дзяўчынкі. Напрыклад, у сталіцы ў офіс Фонду прыйшоў малады чалавек, які прынёс вялікую суму ў валюце! Сапраўды, праблема Арыны проста аб’яднала нас усіх.

Нагадаем, што адпаведную аперацыю згадзіліся правесці маскоўскія хірургі, але на платнай аснове. Бацькам Арыны трэба было сабраць 14 тысяч долараў ЗША плюс грошы на дарожныя выдаткі.

У сярэдзіне студзеня дзяўчынцы зрабілі аперацыю. Зараз яна знаходзіцца дома, у родным пасёлку. І мы вырашылі даведацца пра яе справы.

ДА ГЭТАЙ СУСТРЭЧЫ я бачыў Арыну толькі на пасведчанні інваліда, дзе яна сфатаграфавана ў дзесяцігадовым узросце. Таму, калі мы прыехалі ў Шарашова да Семенчукоў, думалася, што сустрэне нас маленькая дзяўчынка. І вельмі здзівіліся, калі ўбачылі Арыну, ростам вышэйшую за маці. «Гэтак мы выраслі за дзве гадзіны аперацыі»,— паведаміла Марына Мікалаеўна.

Бяда здарылася ў 2007 годзе: падчас гульні дзяўчынка ўпала і моцна ўдарылася спіной. Спачатку былі толькі скаргі на болі ў месцы ўдару, але медыкі не назіралі якіх-небудзь ускладненняў. А праз некаторы час на спіне стаў утварацца горб.

Марыя Мікалаеўна адвезла дачку ў Беларускі навукова-даследчы інстытут траўматалогіі і артапедыі. Там адразу запыталі: «Калі атрымалі інваліднасць?» Ад далейшай гутаркі з урачамі стала яшчэ больш жахліва: Арыне можна зрабіць аперацыю толькі тады, калі споўніцца 16 гадоў. Хаця і гэта не ўратуе ад інваліднасці. Словам, трэба цярпець… шэсць гадоў. У якасці дапамогі медыкі прапісалі дзяўчынцы насіць пластыкавы карсет. Але цвёрдае «сядло» (так выглядае той карсет) і нават ортопедическая решетка не прыносілі аблягчэння.

Крыху дапамог мануальны тэрапеўт, які зняў пастаянныя болі. Аднак здараліся дні, калі Арына нават не магла хадзіць,— успамінае маці тыя два выкрэсленыя з жыцця дачкі гады.

ЗРЭШТЫ, пра Марыну Мікалаеўну трэба сказаць асобнае слова. Часта здараецца так, што маці скараецца напаткаўшай бядзе, знаходзячы выйсце горычы ў слёзах. Марына паступіла інакш: спачатку пісала ва ўсе медыцынскія інстанцыі, асвоіла спецыяльную літаратуру. А потым вырашыла заняцца пошукам праз інтэрнэт. Да таго часу жыхарка пасёлка на мяжы з Белавежскай пушчай толькі чула такое слова, аднак жыццё прымусіла стаць «актыўным юзерам».

Марына Мікалаеўна атрымлівала адну адмову за другой: нідзе не робяць падобныя аперацыі. І толькі новасібірскія і маскоўскія спецыялісты згадзіліся рызыкнуць. Выбар, відавочна, быў на карысць Масквы. Аднак, дзе было ўзяць 14 тысяч долараў ЗША?

І тады я стала звяртацца ў беларускія банкі з просьбай выдаць якую-небудзь льготную пазыку, пажадана на вялікі тэрмін, бо  са сваіх даходаў мы наўрад ці хутка здолеем пагасіць яе.
У «Белгазпрамбанку» жанчыне параілі звярнуцца да дабрачыннай арганізацыі «Шанц». Там вырашылі правесці акцыю па збору ахвяраванняў.

ПАСЛЯ ПУБЛІКАЦЫІ ў «раёнцы» пра бяду Арыны тэлефон у Семенчукоў не змаўкаў: тэлефанавалі прадстаўнікі розных арганізацый і прадпрыемстваў, звычайныя людзі, знаёмыя і незнаёмыя.

Хто проста выказваў сваю спагаду, хто прапанаваў давезці дачку да патрэбнага нам месца. Прасіла прабачэння ў тых, хто хацеў дапамагчы адзеннем, бо нам патрэбны былі толькі грошы, каб разлічыцца за аперацыю. Нават пасля аперацыі тэлефанаваў дырэктар нейкага прадпрыемства (на жаль, ён не назваўся) і пытаў, ці не патрэбна нам далейшая дапамога.

Так дзяўчынка трапіла ў Маскву. Літаральна праз некалькі дзён ёй зрабілі аперацыю, у выніку якой Арына «падрасла» ажно на восем сантыметраў. Безумоўна, спачатку маці гэтага не заўважыла, бо хворай можна было толькі ляжаць.

З-за гэтага мы нават і Масквы не пабачылі. Я крыху паглядзела з акна «хуткай», пакуль нас давезлі да цягніка, а Арына так і не бачыла белакаменнай. Да гасцей з Беларусі прыводзілі цэлыя экскурсіі, каб паказаць на практыцы, што і з такой хваробай можна змагацца. Калі ж Арыне дазволілі ўстаць, то бацькі яе нават не пазналі. І былі слёзы, але цяпер слёзы радасці. Замест дэфармаваных пазванкоў дзяўчынцы ўставілі штыр з асаблівага сплаву, які не будзе перашкаджаць яе росту. Праз пяць гадоў запланавана чарговая аперацыя — замена на пастаянны пратэз. А пакуль Арына павінна кожныя паўгода прыязджаць да маскоўскіх урачоў на прафілактычныя агляды.

АРЫНА СЛУХАЛА нашу гутарку і толькі ўсміхалася. Яна зноў бачыць вуліцу, людзей не праз акно. Яна можа самастойна падысці да сяброў і павітацца з імі. Можа спакойна займацца любімай справай — маляваннем. Дзяўчынка захапляецца анімэ, японскімі мульцікамі, і літаральна ўвесь дом Семенчукоў упрыгожаны яе работамі.

А ў будучым, калі атрымаецца, я мару стаць дызайнерам. Або перакладчыкам,— дзеліцца планамі шчаслівая дзяўчынка.

Вось гэта заслуга шарашоўскіх настаўнікаў, як зазначаюць яе бацькі. З першых дзён бяды яны не збыліся пра сваю, дарэчы, адну з лепшых, вучаніцу. Былі арганізаваны хатнія заняткі для хворай, каб яна не адстала ад  аднакласнікаў. Дзякуючы іх адносінам, Арына без страху гаворыць пра тое, што ў наступным навучальным годзе яна пойдзе ў школу.

НА РАЗВІТАННЕ Марына Мікалаеўна папрасіла праз газету перадаць усім добрым людзям: «Вялікае дзякуй».
Алег Сідарэнка.

  • З задавальненнем чытаю артыкулы Алега Сідарэнкі. Адчуваецца, што аўтар сам чалавек з чулай душой і неабыякавасцю да існуючага. Кранае.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Sidor

    Дзякуй, але чулласць мая ўзнікае тады, калі справа тычыць дзяцей. І толькі

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Egyptian pharaon Ahulinah

    А, когда инвалидов и ветеранов войны, например?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Алег, маю рацыю не пагадзіцца з вамі. Калі б не ведала асабіста, магчыма, паверыла. Ці я настолькі памыляюся???

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Sidor

    Ветеранов избегаю… после о-о-очень грустного события

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Egyptian pharaon Ahulinah

    А поподробнее, плиз?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *