Воскресенье, 20 июня 2021

Пружаны присоединились к акции в поддержку людей с аутизмом

1 319

Сёлета ў Беларусі ўпершыню маштабна адзначылі другое красавіка — Сусветны дзень распаўсюджання інфармацыі аб праблеме аўтызму. Дата была ўстаноўлена рэзалюцыяй Генеральнай асамблеі ААН і адзначаецца з 2008 года. Яе мэта — падкрэсліць неабходнасць дапамагаць лю-дзям, якія пакутуюць непапраўным парушэннем развіцця, каб павысіць узровень іх жыцця.IMG_0793

З ГЭТАЙ нагоды ў сталіцы, напрыклад, прайшлі шматлікія мерапрыемствы, масавы забег. Акрамя таго, у суботу Беларусь упершыню прыняла ўдзел у сусветнай акцыі «Light It Up Blue», што перакладаецца як «запалі сінім». Менавіта гэты колер абраны не выпадкова: большасць аўтыстаў — хлопчыкі. І ў чым прычына такой заканамернасці, у навукі адказаў на гэтае пытанне пакуль няма. Вечарам у гэты дзень падсветка спартыўных комплексаў, аб’ектаў грамадскага прызначэння, гандлёвых і бізнэс-цэнтраў стала сіняй у знак увагі да праблемы аўтызму.IMG_0789

ДАЛУЧЫЛІСЯ да сусветнай ініцыятывы і Пружаны. Чацвёртага красавіка ў гарадскім парку спецыялісты цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі правялі мерапрыемствы ў падтрымку дзяцей з аўтызмам. Удзельнікамі маршу, міні-мітынгу і флэшмобу сталі педагогі і выхаванцы цэнтра з асаблівасцямі развіцця, іх бацькі, а таксама члены валанцёрскай групы аграрна-тэхнічнага каледжа «Рука дапамогі». Акрамя таго, акцыю падтрымалі дырэктар музея-сядзібы «Пружанскі-палацык» Ю.С.Зялевіч, дырэктар рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій М.М.Бегер, аніматар Алена Каўганка, якія дапамаглі ў яе арганізацыі.IMG_0868

Тыя, хто трапіў на мерапрыемства — мэтанакіравана ці выпадкова, адзначалі, што падобныя акцыі патрэбны. У дадзеным выпадку хаця б таму, што людзі змаглі даведацца, што такое аўтызм: прахожыя атрымалі інфармацыйныя буклеты.

— Аўтызм часта называюць захворваннем, — гаворыць намеснік дырэктара раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Н.У.Талстуха. — Але гэта, хутчэй, асаблівасць псіхічнага развіцця чалавека.IMG_0907

Расстройства па-рознаму адбіваецца на розных людзях: некаторыя могуць жыць параўнальна незалежным жыццём, у той час як іншыя маюць дастаткова сур’ёзныя парушэнні і патрабуюць пажыццёвай падтрымкі з боку навакольных. Як правіла, людзі з аўтызмам адрозніваюцца гіпер- альбо гіпаадчувальнасцю да гукаў, дотыкаў, смаку, пахаў, асвятлення і колераў.

Наталля Уладзіміраўна зазначае немалаважную акалічнасць: нярэдка людзей з аўтызмам складана выявіць, каб аказаць дапамогу, — многія знешне нічым не адрозніваюцца ад абсалютна здаровага чалавека. А некаторыя маюць значныя расстройствы маторыкі, мовы, паводзінаў.

…СКАЖЫЦЕ шчыра, а вы многа ведаеце пра аўтызм? Большасць скажа: «Не». А такіх людзей нямала.

— Сёння кожнае сотае дзіця пакутуе расстройствам аўтычнага спектру, — падкрэслівае Наталля Уладзіміраўна. — Проста ніхто не ведае, як іх многа: большасць з іх сядзіць дома. На сённяшні дзень у нашым цэнтры, напрыклад, атрымалі дапамогу толькі шэсць чалавек.IMG_0932 IMG_0929

На жаль, наша грамадства яшчэ не гатова да таго, каб успрымаць людзей з парушэннямі рознага кшталту як роўных яго членаў. Таму падобныя акцыі не проста патрэбны — яны неабходны, каб такія людзі не былі ізгоямі для грамадства. Усё гэта сімвалічна было падкрэслена флэшмобам і блакітнымі паветранымі шарамі, якія выпусцілі ў неба.

Варта ведаць

***

Аўтызм — пажыццёвае парушэнне развіцця, якое ўплывае на камунікацыю і зносіны з іншымі людзьмі, а таксама на ўспрыманне і разуменне навакольнага асяроддзя.

***

Усе людзі з аўтызмам маюць так званую «трыяду парушэнняў»: складанасці з сацыяльнай камунікацыяй, складанасці з сацыяльным узаемадзеяннем, складанасці з сацыяльным уяўленнем.

***

Самі людзі з аўтызмам прызнаюцца, што для іх навакольны свет — гэта хаос з людзей, месцаў, падзей, у якім немагчыма разабрацца. Гэта выклікае ў іх моцную трывожнасць.

Топ 10 фільмаў пра аўтыстаў

Пра людзей, якія маюць псіхічнае парушэнне, стаяць асабняком ад усіх астатніх, знята нямала мастацкіх стужак. Вось дзясятак фільмаў, якія варта паглядзець:

1. «Человек дождя»

2. «Тэмпл Грендин»

3. «Меня зовут Кхан»

4. «Я — Сэм»

5. «Контакт»

6. «Мэри и Макс»

7. «Карточный домик»

8. «Снежный пирог»

9. «Рай океана»

10. «Без ума от любви»

Падрыхтавала Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *