Понедельник, 21 мая 2018

Березовый сок в этом году стал менее популярен

827

Сёлета за гэтую сезонную справу работнікі лясной гаспадаркі ўзяліся рана — у першай палове сакавіка. Свае карэктывы, як звычайна, унесла надвор’е: нябесная канцылярыя не вельмі радавала, таму паўнацэнная нарыхтоўка спажыўнага напою пачалася толькі напрыканцы месяца.

—Збор бярозавіку — справа тонкая: аптымальная сярэднясутачная тэмпература павінна складаць каля 5-10 градусаў вышэй нуля, пры начных замаразках рух соку спыняецца, як і пры тэмпературы вышэй плюс 10 градусаў, калі пачынаюць з‘яўляцца маладыя лісцікі, — тлумачыць ляснічы Бярозаўскага лясніцтва М.В.Калодзіч. — У мінулыя гады пры спрыяльным надвор’і за суткі ўдавалася сабраць каля 30 тон соку. Сёлета такое стала магчыма толькі ў апошніх чыслах сакавіка, дагэтуль ночы былі вельмі халодныя.IMG_1180

Тым не менш гэта не перашкодзіла работнікам Бярозаўскага лясніцтва аказацца ў ліку лідараў сярод лясніцтваў Пружанскага лясгаса.

— Сёлета перад намі паставілі задачу сабраць 70 тон соку. На 30 сакавіка брыгада лясніцтва з чатырох чалавек ужо нарыхтавала больш 50 тон, — зазначае Міхаіл Васільевіч.

Для гэтага давялося падсочыць каля 1700 бярозак. Большую частку сабранага напою адправілі на перапрацоўку ў Гродна на ТДА «АВС», астатняе — на Пружанскі кансервавы завод.

Насельніцтва сёлета чамусьці не так актыўна купляе бярозавік, чым у папярэднія гады. Але нашу прапанову наладзіць для насельніцтва рэалізацыю напою не з лесасекі, а непасрэдна ў лясніцтве Міхаіл Васільевіч адразу ж адхіліў:

— Людзі купляюць сок, як кажуць, каля дрэва і бачаць, што бяруць не ваду. Але галоўнае — не магчымыя прэтэнзіі, а шэраг нюансаў: для транспарціроўкі соку неабходны вялікія ёмістасці, патрабуюцца дазволы ад іншых службаў. Ды і не думаю, што прычына нізкай актыўнасці насельніцтва ў неабходнасці шукаць месца падсочкі: участкі для нарыхтоўкі соку ў нас не мяняюцца каторы год, знаходзяцца недалёка ад трасы і пад’езд да іх нармальны.

Калі для асобна ўзятага Бярозаўскага лясніцтва нарыхтоўка бярозавіку завяршаецца паспяхова, то бягучы сезон для Пружанскага лясгаса лічаць не самым удалым — у плане супрацоўніцтва з перапрацоўшчыкамі. І прычына нават не ў тым, што адпускная цана соку (першапачаткова яна складала каля 1,3 млн. рублёў за тону) некалькі разоў мянялася ў меншы бок: закупшчыкі не забіраюць сок у тым аб’ёме, у якім павінны, згодна з заключанымі дамоўленасцямі.

ААТ «Пружанскі кансервавы завод», напрыклад, сёлета запланаваў перапрацаваць каля 300 тон бярозавіку, і на 6 красавіка больш 200 тон соку ўжо прайшлі старанны працэс фільтрацыі, стэрылізацыю і пастэрызацыю.IMG_1187

— У папярэднія гады аб’ём перапрацоўкі бярозавага соку быў на парадак большы, — гаворыць галоўны інжынер таварыства А.І.Кудрэйка. — З-за розніцы ў курсах валют і імкнення расійскіх і ўкраінскіх калег самім стварыць аналагічны прадукт за мяжой наш сок стаў неканкурэнта-здольным.

Да слова, ільвіная доля напою рэалізуецца па Беларусі, астатняе адпраўляецца ў Расію — у Калінінградскую вобласць. Для камбінатаў школьнага харчавання перапрацаваны прадукт разліваецца ў трохлітровыя слоікі, для гандлёвых кропак — ва ўпакоўку «тэтра-пак».

Сыравіну прадпрыемства не толькі купляе ў Пружанскага і Баранавіцкага лясгасаў, але і нарыхтоўвае ўласным звяном.

Як зазначае Андрэй Іванавіч, эканамічнай службай разглядаюцца ўсе варыянты для памяншэння затрат. Тым не менш знізіць адпускную цану літра соку ніжэй 8 тысяч рублёў прадпрыемства пакуль можа дазволіць сабе толькі для буйных аптовых пакупнікоў.

— Такая сума фарміруецца зыходзячы з кошту сыравіны, расходных матэрыялаў, амартызацыі абсталявання і зарплаты работнікам, — тлумачыць галоўны інжынер. — Астатняе — нацэнкі гандлёвых устаноў.

Гаворачы пра эканамічную складаемую, спецыяліст зазначае, што вырабіць прадукт — не праблема: праблема яго прадаць.

НА ЗДЫМКАХ:  «бярозавы фрэш» — на лініі па выпуску соку «7 цудаў» Пружанскага кансервавага завода; аператар лініі розліву А.В.Басак.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *