Четверг, 24 мая 2018

65 мгновений памяти

11 470

Урачыстыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня Перамогі, у Пружанах праходзілі два дні. Восьмага мая каля брацкай магілы на гарадскіх могілках сабраліся тыя, хто лічыць сваім абавязкам аддаць даніну павагі ўсім, чые грудзі сёння ўпрыгожваюць узнагароды, каму, на жаль, не давялося дажыць да сёлетняга свята. Адкрыў мітынг уступным словам намеснік старшыні райвыканкама М.П.Кудравец. Ён адзначыў, што 9 Мая — гэта дзень смутку і радасці адначасова, а подзвіг людзей, якія набліжалі Перамогу і на чыю долю выпала нямала выпрабаванняў, з гадамі становіцца ўсё больш значна ацэньваемым у грамадстве.

Усё далей і далей ад нас трагічныя па-дзеі, памяць пра якія беражліва захоўваецца ў  граніце і мармуры. Але, бясспрэчна, самы вялікі і непарушны помнік — людская памяць. Былы вязень фашызму С.С.Карпей, разам з тысячамі іншых спазнаўшая жахі лагера смерці «Азарычы», якая выступала ад імя свайго пакалення, просіць Бога, каб падобная трагедыя не паўтарылася больш ніколі.

Пачуццё глыбокай пашаны да ветэранаў і пажаданне толькі святочных салютаў у небе выказаў начальнік службы бяспекі палётаў 181 баявой верталётнай базы В.С.Тараканаў. Ад маладога пакалення вучні СШ №5, актывісты БРСМ Дар’я Ласкевіч і Сяргей Казлоўскі запэўнілі, што будуць захоўваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне памяць пра гераічных продкаў, і паабяцалі працягваць справу бацькоў і дзядоў — мір захоўваць і хлеб вырошчваць.

Напэўна, сімвалічна, што дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, які адзначаецца ў другую нядзелю мая, сёлета супаў з Днём Перамогі. З гэтай нагоды прадстаўнікі працоўных калектываў, якія з раніцы ўсклалі вянкі і кветкі да помнікаў і абеліскаў горада, сабраліся на плошчы каля райвыканкама.

Права адкрыць цырымонію прадаставілі старшыні раённага Савета дэпутатаў В.М.Макарэвічу. Вышэйшыя сімвалы беларускага народа прайшлі доўгі шлях станаўлення, яны атаясамліваюцца з незалежнасцю і свабодай, а стаўленне да дзяржаўнай сімволікі — гэта адносіны да Радзімы, да зямлі, дзе жылі продкі, якія змаглі захаваць сваю культуру і самабытнасць, адзначыў Віктар Мікалаевіч. Сугучным з гэтым было і выступленне старшыні раённага савета ветэранаў М.Я.Дулько. Ганаровая місія ўзняцця беларускага сцяга была прадастаўлена ветэрану вайны і ганароваму грамадзяніну Пружанскага раёна В.А.Гаўрыловічу і вучням СШ №1 Вераніцы Круглей і Канстанціну Станкевічу.

Свята працягвалася. Пад гукі аркестра калона накіравалася да помніка спаленым вёскам. Узначалілі калону воіны на матацыкле з чырвоным сцягам, за імі — пасівелыя ветэраны ў ваенных аўтамабілях. Каля кінатэатра «Спадарожнік» і Палаца культуры пераможцаў віталі песнямі.

Амаль кожнага трэцяга жыхара страціла Беларусь у гэтай вайне, сярод якіх нямала сыноў і дачок Пружаншчыны, зазначыў у сваёй прамове старшыня райвыканкама А.І.Юркевіч, які адкрыў мітынг каля помніка спаленым вёскам: «Чым далей ад нас адыходзіць мінулае, тым яскравей веліч народнага подзвігу».  Акрамя ахвяр, вайна дала і герояў, сярод іх і нашы землякі. На жаль, штогод  рады ветэранаў радзеюць: сёння засталося ў Пружанскім раёне 224 чалавекі.

Вялікая Айчынная — суровы іспыт, для адолення ворага спатрэбіўся ўвесь патэнцыял краіны, адзначыў у сваім выступленні І.М.Алякумаў, якому выпаў лёс прайсці дарогамі вайны. Што тычыцца сучасных вайскоўцаў, ім ёсць што і чым абараняць. Заваяванне бацькоў і дзядоў яны не аддадуць нікому, і памяць пра іх подзвіг будзе жыць вечна, запэўнівалі намеснік камандзіра па ідэалагічнай рабоце 181 баявой верталётнай базы С.В.Сухарабскі і навучэнец Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа Віталь Сакалюк.

Вельмі падобныя лёсы ў беларускага і польскага народаў  шматлікія ахвяры, пакалечаныя лёсы, разруха і голад. Ад імя суседзяў-палякаў, якія першымі ў 1939 го-дзе прынялі на сябе гітлераўскі ўдар, на мітынгу слова трымаў старшыня Савета Гайнаўскага павета Сергіюш Койла. Госць, сардэчна рады запрашэнню, сказаў шмат цёплых слоў у адрас ветэранаў і пажадаў маладому пакаленню ведаць пра вайну толькі з фільмаў і гісторыі.

Нельга інакш, як цудам Божым, назваць Дзень Перамогі, на думку настаяцеля сабора святога Аляксандра  Неўскага айца Міхаіла.

У межах святкавання Дня Перамогі ў Пружанах адбыўся шэраг іншых мерапрыемстваў.

У суботу на плошчы каля Палаца культуры прайшоў раённы агляд-конкурс строю і песні «Вялікай Перамозе прысвячаем». Як адзначыў адзін з ветэранаў, песня заўсёды побач крочыла з салдатамі: з ёй ішлі ў бой, з ёй атрымлівалі перамогу.

Удзел у спаборніцтве прымалі каманды пяці школ раёна, якія прайшлі ў фінал: Кляпацкая, Ружанская і Шаняў-ская сярэднія школы, СШ №4 г.Пружаны і Мокраўскі ВПК-дзіцячы сад. Спачатку майстар-клас паказалі вайскоўцы з Новых Засімавічаў. Кампетэнтнае журы ацэньвала форму адзення ўдзельнікаў, якасць і тэхніку падыходу і адыходу ад камандзіра, адказ на прывітанне, перастраенне ў шарэнгу, змыканне і размыканне ў страі, рух страявым крокам, выкананне страявой песні… У выніку найбольш высока па гэтых крытэрыях была адзначана каманда дзяўчат з Шаняўской СШ. Другое і трэцяе месцы занялі вучні з Мокрага і Ружан.

Прыйшліся да спадобы гасцям і жыхарам Пружан гулянні, якія разгарнуліся ў гарадскім парку на наступны дзень. Там панавала атмасфера 1940-ых гадоў, на дарожках там-сям сустракаліся вайскоўцы ў форме таго часу. Жадаючыя маглі апынуцца ў партызанскім гарадку. Была магчымасць запісацца добраахвотнікам і адчуць сябе навабранцам Чырвонай Арміі: прайсці курс маладога байца, пабываць на лініі агню і зрабіць некалькі стрэлаў у мішэні, атрымаць неабходную медыцынскую дапамогу ў санчасці, падсілкавацца кашай і чаем ля палявой кухні… Да паслуг быў таксама салдацкі клуб, адкуль ліліся ніколі не старэючыя мелодыі франтавых песень, паляна адпачынку, дзе ўсе жадаючыя сядзелі ля кастра, палатка сувязі і многае іншае.

А на другім канцы парку кіпела сучаснае жыццё: працаваў выязны гандаль, самадзейныя калектывы Пружаншчыны давалі канцэрт. Дарэчы, сярод артыстаў былі і госці з Польшчы — хор Гайнаўскага Дома культуры «Рэха пушчы».

З парку гулянне перанеслася да Палаца культуры: у будынку прайшоў прагляд фільма «Лейтэнант Сувораў», быў наладжаны вечар танцаў пад духавы аркестр, спяваў хор ветэранаў.
А вечарам быў дадзены святочны салют — салют Вялікай Перамозе Вялікага народа ў Вялікай вайне.
Марына Ахрамовіч.

Один комментарий

  • Женя

    И не одного комента, в отличии от развлекаловки. ПОМНИМ…?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *