Суббота, 22 сентября 2018

Порядок на земле — бренд нашей страны. Доклад заместителя председателя райисполкома С. М. Гука

837

Як мы паведамлялі ўжо, на апошняй сесіі раённага Савета дэпутатаў было разгледжана пытанне аб рабоце сярод насельніцтва, якая праводзіцца органамі самакіравання сумесна з зацікаўленымі службамі выканаўчых і распарадчых органаў Пружанскага раёна, па прыцягненні грамадзян да непасрэднага ўдзелу ў добраўпарадкаванні населеных пунктаў, навядзенні і падтрыманні парадку ў месцах пражывання і дваровых тэрыторыях.

пружанский район

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка патрабуе: «На зямлі павінен быць ідэальны парадак. Гэта наш брэнд, гэта наш твар. Хто б у краіну ні прыязджаў, адзначае нашу гармонію з прыродай, што мы яе не спаскудзілі, не перакруцілі, што чалавек у нашай краіне можа і адпачываць, і жыць. Чысціня — гэта і паветра, і зямельныя рэсурсы, лес — гэта здароўе нашага чалавека».

Разглядаемае сёння на сесіі раённага Савета дэпутатаў пытанне шматграннае, і ключавыя словы ў ім: насельніцтва, грамадзяне, парадак.     Народная мудрасць абвяшчае: чыста не там, дзе мятуць, а там, дзе не смецяць. На жаль, смецяць і  больш за ўсё смецяць менавіта нашы грамадзяне, хоць і юрыдычныя асобы перыядычна ўносяць свой уклад. Але ў большасці сваім, няхай гэта будзе пакет смецця ці пластыкавая бутэлька на абочыне дарогі, стары тэлевізар, халадзільнік ці кучка бітай цэглы ў лясным масіве, хаатычна раскіданыя будматэрыялы ці быльнік з галінкамі насупраць прыватнай хаты – усё гэта справа рук нашых грамадзян.      І ніякі «добры дзядзька» ў асобе «Камунальніка», дарожных службаў ці работнікаў лесу не справіцца з валам смецця датуль, пакуль гэты вал не вычарпаецца.

Чалавецтва за ўвесь час свайго існавання не вынайшла іншых спосабаў уздзеяння на індывіда, акрамя славутых «перніка» і «пугі». На жаль, «пернік» у выглядзе маральна-псіхалагічнага ўздзеяння, агітацыі, прапаганды, сацыяльнай рэкламы, матэрыяльных і маральных мер заахвочвання грамадзян за падтрыманне парадку і добраўпарадкаванне дзейнічае не на ўсіх і патрабуе перабудовы чалавечай псіхалогіі, што можа адбыцца пры мэтанакіраванай рабоце ў гэтым кірунку толькі праз некалькі людскіх пакаленняў.      «Пуга», гэта значыць адміністрацыйная адказнасць, папярэджанні і штрафы, як нам уяўляецца, — больш эфектыўныя на дадзеным этапе развіцця нашага грамадства.

Фронт работ па навядзенні парадку ў раёне — гэта ўся яго тэрыторыя плошчай 2,8 тысячы кіламетраў квадратных, у тым ліку: 246 населеных пунктаў, 290 шматкватэрных жылых дамоў і 56 дваровых тэрыторый пры іх,   979 кіламетраў дарог, 1916 кіламетраў прыдарожных палос, 396 кіламетраў вуліц, 85 кіламетраў тратуараў, 139 тысяч гектараў лясных угоддзяў, 128 тысяч гектараў сельскагаспадарчых земляў, больш паўтары тысячы гектараў земляў агульнага карыстання, 8 дачных таварыстваў, 15 гаражных кааператываў, 55 могілак, 63 вайсковыя пахаванні, 491 будуемы зараз індывідуальны жылы дом, 11 будпляцовак, 5 добраўпарадкаваных зон адпачынку пры вадаёмах, 1489 водных аб’ектаў, больш сямі тысяч прыватных падворкаў, з якіх 2154 пустуючыя і трухлявыя хаты.

Варта  адзначыць, што  Правілы добраўпарадкавання вызначаюць  дакладны  пералік  суб’ектаў, якія выконваюць  работы  па  добраўпарадкаванні, утрыманні,  і  іх  абавязкі. На жаль, у адносінах да шэрагу юрыдычных і да ўсіх фізічных асоб  Правілы патрабуюць падтрымліваць парадак  толькі ў межах адведзеных зямельных  участкаў і ніяк не адлюстроўваюць патрабаванні да падтрымання парадку на прылеглых тэрыторыях, г.зн. землях агульнага карыстання. Гэта прыводзіць да празмернай нагрузкі на бюджэт, за кошт якога спецыялізаваныя арганізацыі, у прыватнасці КУВП «Камунальнік», падтрымліваюць парадак побач з нейкай заводскай прахадной ці насупраць офіса, канторы,  індывідуальнага жылога дома.   Лічу мэтазгодным падрыхтаваць хадайніцтва ад імя райвыканкама або раённага Савета дэпутатаў у аблвыканкам ці абласны Савет дэпутатаў аб ініцыяванні ўнясення змен у Правілы добраўпарадкавання, якія абавязвалі б юрыдычных і фізічных асоб падтрымліваць парадак і праводзіць уборку смецця на прылеглых тэрыторыях, да сярэдзіны праезнай часткі, калі гаворка ідзе пра вуліцы, ці на строга вызначаную адлегласць у іншых кірунках.    Зацвярджэнне такіх змен дазволіць з’эканоміць і без таго малыя сродкі, якія выдаткоўваюцца на добраўпарадкаванне.

Сельвыканкамы  ажыццяўляюць кантроль за выкананнем планаў па навядзенні парадку на сваіх тэрыторыях, а раённага плана мерапрыемстваў — раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Для рашэння бягучых пытанняў добраўпарадкавання і  маніторынгу сітуацыі распараджэннем старшыні райвыканкама створана раённая група (раённы штаб) па навядзенні парадку на зямлі. За мінулы  год было праведзена 15 пасяджэнняў раённага штаба, на якіх  разглядаліся  пытанні ўтрымання тэрыторый арганізацый і прадпрыемстваў, прыдарожных палос, лясных масіваў, могілак, міні-палігонаў. У выніку было выдадзена 71 прадпісанне і рэкамендацыі па ўхіленні парушэнняў правіл добраўпарадкавання юрыдычнымі асобамі.

Немалаважную ролю ў прыцягненні юрыдычных асоб і, галоўнае, насельніцтва да пытанняў навядзення парадку адыгрываюць штогадовыя месячнікі па добраўпарадкаванні. У цэлым па раёне ў правядзенні гэтага мерапрыемства летась прынялі ўдзел 19750 чалавек, наведзены парадак на тэрыторыі мемарыялаў, помнікаў, вайсковых пахаванняў, пасаджана больш 1500 дрэў, 1130 кустарнікаў, 10500 штук расады кветак, вывезена 140 тон смецця, прыбрана 235 гектараў тэрыторый населеных пунктаў, пабудавана новых і адрамантавана  1150 метраў агароджы, спілена больш 300 аварыйных дрэў і г.д.

Рашэннем Брэсцкага аблвыканкама вызначаны тэрміны  правядзення сёлетняга месячніка з 28 сакавіка па 30 красавіка. Паводле гэтага рашэння,  неабходна распрацаваць планы мерапрыемстваў па прывядзенні адміністрацыйных тэрыторый у належны санітарны стан з указаннем тэрмінаў выканання работ. Акрамя гэтага, на 23 красавіка назначана правядзенне рэспубліканскага суботніка.

Адной з асноўных праблем у сельскай мясцовасці раёна з’яўляюцца пустуючыя і трухлявыя хаты. Парадак вырашэння гэтай праблемы  вызначаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лютага 2012 г.  № 100 «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і трухлявых дамоў у сельскай мясцовасці». Варта сказаць, што за 2015 год работнікамі сельвыканкамаў праведзена пэўная работа ў гэтым накірунку. Паўторна абследаваны ўсе сельскія населеныя пункты, удакладнена колькасць  незаселеных дамоў, уладальнікі якіх не пацвердзілі намер выкарыстоўваць дамы па прызначэнні або зусім адсутнічаюць. Такіх дамоў у  раёне 2154. Найбольшая іх колькасць у  Ружанскім (598), Зеляневіцкім (422), Ліноўскім (237) сельсаветах.    У 2015 годзе знесена 109 дамоў і наведзены парадак на ўчастках. Значную работу ў гэтым плане  правялі ў  Мокраўскім (20 дамоў), Сухопальскім (17), Зеляневіцкім  (16) сельсаветах.

Нельга не звярнуць увагу на тое, што ў сельвыканкамаў ёсць аб’ектыўныя фінансавыя цяжкасці ў прызнанні дамоў прыналежнымі памерлым грамадзянам, прыняцці іх у сваю ўласнасць. Так, пры падачы адпаведнай іскавай заявы ў суд плаціцца пошліна – дзве базавыя велічыні, ці 420 тысяч рублёў. Для таго, каб разабрацца з усімі 2154 дамамі, неабходна каля 905 мільёнаў рублёў. Такіх сродкаў у сельвыканкамаў няма. Таму лічу патрэбным звярнуцца з хадайніцтвам у абласныя структуры аб неабходнасці памяншэння памеру пошліны ці яе адмены за іскавыя заявы.

Акрамя таго, сельвыканкамы павінны самастойна адшукваць пазабюджэтныя сродкі на афармленне іскавых заяў шляхам продажу ўжо аформленых  у іх уласнасць пустуючых дамоў.     На наш погляд, сельвыканкамы да пытання продажу звернутых у сваю ўласнасць пустуючых дамоў нават не падступаліся, матывуючы гэта дрэнным станам дамоў, аддаленасцю населеных пунктаў, адсутнасцю попыту.

Дзейнасць служб райвыканкама, сельвыканкамаў па падтрыманні ў належным стане мемарыялаў, помнікаў, месцаў пахаванняў каардынуе аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. За 2015 год на рамонт і добраўпарадкаванне вайсковых пахаванняў са сродкаў, заробленых падчас правядзення рэспубліканскага суботніка, было выдаткавана 47,9 мільёна рублёў.

На працягу года метадыст аддзела робіць аб’езд помнікаў. Складаюцца акты абследавання, рассылаюцца напаміны ўласнікам пра добраўпарадкаванне. За кожным вайсковым пахаваннем замацаваны шэфскія арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у навядзенні парадку на аб’екце, аказваюць спонсарскую дапамогу ў бягучым рамонце помнікаў. Да Дня Перамогі ўсе яны прыводзяцца ў парадак. Але ў другой палове года нярэдка можна назіраць іншую карціну: не праводзяцца мерапрыемствы па ачыстцы ад смецця, лістоты,  сухой расліннасці. Не прамываюцца надмагільныя пліты, не чысцяцца  надпісы. І такія адносіны недаравальныя.

Хочацца зноў звярнуцца  да агучанай ужо  напачатку даклада тэмы «пугі» і «перніка» ў рабоце з насельніцтвам па пытаннях навядзення парадку.  Да  маральна-псіхалагічнага ўздзеяння на насельніцтва  можна аднесці: педагагічнае — уплыў сям’і і ўстаноў адукацыі на экалагічнае выхаванне і асвету, фарміраванне ў школьнікаў культуры ў пытаннях падтрымання парадку і добраўпарадкавання, культуры абыходжання з адыходамі;  ідэалагічнае — уздзеянне на насельніцтва шляхам фарміравання экалагічнай культуры, у тым ліку пры садзейнічанні сродкаў масавай інфармацыі,  шляхам ужывання мер маральнага і матэрыяльнага заахвочвання насельніцтва.

Ацэньваючы работу раённых служб па маральна-псіхалагічным уздзеянні на насельніцтва, вымушаны канстатаваць, што сістэмна яна не вядзецца. Пакіну без разгляду ўплыў сям’і, бо гэта асаблівая сфера.  Але, напрыклад, аддзел адукацыі пры падрыхтоўцы матэрыялаў да сённяшняй сесіі не змог выразна растлумачыць, у рамках якога навучальнага або факультатыўнага курсу і ў якім аб’ёме нашым сённяшнім школьнікам прывіваецца экалагічная культура і культура абыходжання з адыходамі. Як вынік – перакуленыя сметніцы, зламаныя платы, пагнутыя дарожныя знакі і раскіданыя пакеты ад чыпсаў на газонах…

Наша раённае выданне  — газета «Раённыя будні» ў сілу сваіх магчымасцей імкнецца асвятляць арганізацыйныя меры, якія прымаюцца органамі мясцовай улады, па навядзенні парадку і паляпшэнні работы па добраўпарадкаванні. Так, напрыклад, у мінулым годзе публікаваліся справаздачы з пасяджэнняў раённага штаба па навядзенні парадку, сустрэчы кіраўніцтва раёна і некаторых служб з жыхарамі г.п.Ружаны,  раённага сходу стараст населеных пунктаў. У 2015 го-дзе было апублікавана сем выпускаў старонкі «ЭКА-планета». Астатняя інфармацыя па навядзенні парадку схавана, калі так можна выказацца,  у рубрыцы «Мясцовая ўлада». У «дзясятку» за мінулы год,  на мой погляд, патрапіў адзін артыкул пад назвай «Смеццязвалкі прыбіраюцца, каб ізноў вырасці?». Выкажу меркаванне раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і сваё ўласнае, што гэтага не дастаткова.

А цяпер пра адміністрацыйнае ўздзеянне суб’ектаў прафілактыкі на фізічных асоб. Кодэкс Рэспублікі Беларусь «Аб адміністрацыйных правапарушэннях» надае шырокія паўнамоцтвы органам улады ўсіх узроўняў, спецыялізаваным і кантраляючым арганізацыям уздзейнічаць на насельніцтва шляхам вынясення папярэджанняў і штрафаў пры выяўленні розных парушэнняў у экалагічнай сферы.

Напрыклад, за забруджванне лесу ці драўняна-хмызняковай расліннасці – папярэджанне ці штраф да 20 базавых велічынь (4,2 млн. рублёў), складаць пратаколы могуць работнікі РАУС, сельвыканкамаў, райвыканкама, «Камунальніка», інспекцыі прыродных рэсурсаў, лясгаса; за забруджванне прыбярэжных палос водных аб’ектаў – штраф фізічным асобам да 10 базавых велічынь (2,1 млн. рублёў); за парушэнне  заканадаўства аб абыходжанні з адыходамі — папярэджанне ці штраф ад 5 да 20 базавых велічынь; за парушэнне санітарных норм, правіл і гігіенічных нарматываў — штраф да 30 базавых велічынь; за пашкоджанне  або забруджванне аўтамабільнай дарогі ці іншага дарожнага збудавання — штраф ад 2 да 5 базавых велічынь; за парушэнне архітэктурнага рашэння фасада будынка ці збудаванняў — штраф ад 2 да 15 базавых велічынь; за парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў фізічныя асобы штрафуюцца да 5 базавых велічынь…

Складаць пратаколы па гэтых артыкулах, апроч вышэй пералічаных службаў, упаўнаважаны яшчэ раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

Аналіз за 2015 год  выпадкаў прымянення службамі і арганізацыямі раёна сваіх правоў у адносінах да парушальнікаў павяргае ў шок і прымушае ўсумніцца ў тым, дзе мы жывём — у Пружанскім раёне ці ў самым чыстым горадзе планеты Сінгапуры…

За ўвесь мінулы год за забруджванне лясоў сем чалавек папярэджаны, выпісана штрафаў ажно… на 90 тысяч рублёў! За забруджванне прыбярэжных палос вадаёмаў штрафы склалі 1,8 млн. рублёў, што нават ніжэй за адзін максімальны штраф па гэтым артыкуле – 2,1 мільёна. Парушэнні заканадаўства аб абыходжанні з адыходамі фізічнымі асобамі выліліся толькі ў адно(!) папярэджанне – штрафы не выпісваліся. За       парушэнні санітарных нормаў, правіл і гігіенічных нарматываў да фізічных асоб штрафы не прымяняліся, за забруджванне прыдарожных палос – штрафаў няма!   За парушэнні  архітэктурнага рашэння фасада будынка ці збудавання (а гэта ў тым ліку нашы знакамітыя крывыя і гнілыя платы, дамы, абітыя гнілой ДСП у цэнтры Шарашова і многае іншае)  за 2015 год пацягнулі на штрафы ў 2,1 млн. рублёў.

Гэтыя  дадзеныя за мінулы год, але, паверце, і ў 2014-ым, і ў папярэднія гады сітуацыя была такая ж. Гэта доўжыцца гадамі, дзесяцігоддзямі… Мы, з аднаго боку, не «прамываем» у добрым сэнсе гэтага слова мазгі падрастаючаму пакаленню і насельніцтву ў цэлым у пытаннях навядзення парадку, экалагічнай культуры, а з другога — не ловім і не хапаем нікога за руку, якая выкідвае смецце ў неналежным месцы. Мы пакорліва прыбіраем і прыбіраем, ліквідуем стыхійныя звалкі, сляды вандалізму,  рамантуючы сметніцы, лаўкі, платы і дарожныя знакі, марнуючы на гэта дэфіцытныя бюджэтныя сродкі.

Агульны вывад негатыўны: і «пернік» у нас у раёне не вельмі салодкі, ды і «пугай» махаць нашы службы не жадаюць ці не могуць. Вынік гэтай аморфнасці і мяккацеласці службаў у адносінах да фізічных асоб у любым кутку нашага раёна бачны няўзброеным вокам.

Спадзяюся, што сённяшняя сесія стане той адпраўной кропкай, пасля якой сітуацыя ў сферы навядзення парадку і добраўпарадкавання ў раёне будзе толькі паляпшацца. Інакш нельга, бо нават у назве нашай краіны – Беларусь, крыюцца стагоддзямі падтрымліваемыя нашымі продкамі чысціня і парадак. Бо Белая – гэта значыць светлая і чыстая.  Беларусі не ўласцівы яркія фарбы Міжземнамор’я, не валодае яна  дзіўнай экзатычнасцю Афрыкі ці тонкай хітрасцю Усходу. Яе ціхае абаянне  ў мяккіх пералівах ранішняга неба, у зеляніне прывольных  палёў, у падбадзёрваючым водары хваёвага бору, у плёскаце чыстай вады ў рацэ.

І ад усіх нас  залежыць, якой мы перадамо нашу зямлю будучым пакаленням.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *