Суббота, 22 сентября 2018

Не стареют душой ветераны. Шерешовец Сергей Казмерчук рассказал о военной молодости

774

Сяргей Аляксеевіч Казмярчук — адзін з нямногіх на сённяшні дзень удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, што пражываюць у Шарашоўскім сельсавеце.

У небагатай сям’і з вёскі Чапялі ён быў пятым дзіцём. Як і большасці аднагодкаў, хлопчыку было не да навук — ён закончыў усяго два класы польскай школы: змалку трэба было дапамагаць дарослым па гаспадарцы. 15-гадовы падлетак толькі пачынаў будаваць планы на жыццё, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна: пра тое, што сталенне пачнецца з такіх падзей, ён не мог і падумаць.IMG_7435

Як і многім іншым, сям’і Казмерчукоў давялося падпарадкавацца акупантам і жыць па новым рэжыме. Некалькі гадоў Сяргей цяжка працаваў на торфанарыхтоўках, пакуль нарэшце не прыйшло такое доўгачаканае вызваленне. Быццам учора было, памятае Сяргей Аляксеевіч тыя падзеі 1944-га:

— Яшчэ паспеў дапамагчы прыбраць жыта, а далей мабілізацыя — трапіў у артылерыйскую мінамётную часць сувязістам. Пасля непрацяглай падрыхтоўкі баявы шлях пачаў у Венгрыі. Канешне, сувязісты не так часта рызыкавалі жыццём, тым не менш панюхаць пораху даводзілася.

І тое, што нарадзіўся ў кашулі, С.А.Казмярчук зразумеў там, на фронце.

— Байцы ідуць у атаку, а сувязісты следам цягнуць правады. Прыкладна такім быў парадак маіх дзеянняў. Калі выконвалі чарговае заданне, замаскіраваліся ў яры. Раптам адкуль ні вазьміся з’явіўся самалёт і скінуў бомбу. Большасць саслужыўцаў загінула, а мяне, напэўна, бараніў Бог…

Для байца С.А.Казмерчука вайна закончылася ў Аўстрыі. Некаторы час часць, у складзе якой ён служыў, стаяла ў Балгарыі, затым была пераведзена на ўсход Расіі, адкуль Сяргей Аляксеевіч і быў дэмабілізаваны ў сакавіку 1948 года.

Ладзіць мірнае жыццё франтавік вырашыў у Шарашове. Неўзабаве абзавёўся сям’ёй, усяго за год пабудавалі хату, займелі падсобную гаспадарку. Да выхаду на заслужаны адпачынак Сяргей Аляксеевіч працаваў у шавецкай майстэрні, на смалзаводзе… Галоўным яго жыццёвым багаццем сталі сын і дачка, чацвёра ўнукаў ды столькі ж праўнукаў.

Сёння, гледзячы на гэтага сівавалосага чалавека, не адразу паверыш, што нядаўна ён адзначыў 90-гадовы юбілей.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ, фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *