Суббота, 26 мая 2018

Белоусовщина-Пружаны. Кому помешала дорога, которой 70 лет?

1 901

Жыхары аграгарадка Белавусаўшчына — а пад зваротам, які даслалі ў рэдакцыю, падпісаліся без малога сто чалавек — просяць пакінуць ім палявую дарогу, якая вядзе ў Пружаны: дзякуючы ёй шлях да горада можна значна скараціць.

Карэнныя жыхары вёскі зазначаюць, што гэтай дарозе не менш 70 гадоў. У свой час пра яе падсыпку і ўпарадкаванне клапаціліся былыя кіраўнікі Брэсцкай абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі П.М.Мінюк, Т.Ф.Лукуць, а таксама эксперыментальнай базы «Белавусаўшчына» І.А.Трахімчук і М.І.Лявошка. Нават у эксплікацыі зямельных угоддзяў гэтых арганізацый яна лічылася: у планах абазначалася як палявая.IMG_8580

І жыхары Белавусаўшчыны заўсёды карысталіся дарогай: гэта самы кароткі шлях да горада, усяго каля двух кіламетраў. Сёння немалаважны факт на карысць права існавання гэтай дарогі ў тым, што ў вёсцы з 550 жыхароў прыкладна 200 чалавек пенсіянеры, большасць якіх не мае ўласнага аўтатранспарту, іх асноўны сродак руху — веласіпед.

«Пажылым людзям куды больш зручна ездзіць у царкву, паліклініку ці ў магазіны «Белмаркет», «Еўраопт» (у нас жа ў магазіне толькі тавары першай неабходнасці) па дарозе, дзе няма асаблівага руху, — зазначаюць у сваім звароце жыхары Белавусаўшчыны. — Акрамя таго, вяскоўцы ездзяць на работу ў горад — настаўнікі, медработнікі, аграхімікі, прадаўцы, будаўнікі… А з Пружан на работу ў аграгарадок дабіраюцца выхавальнікі дзетсада, прадаўцы, начальнік аддзялення сувязі, трактарысты, вадзіцелі, фельчар і іншыя».IMG_8589

У прынцыпе, можна параіць людзям карыстацца аўтобусам. Але аўтобус заходзіць у вёску чатыры разы на тыдзень (у сераду, пятніцу, суботу і нядзелю) раніцай і вечарам не ў самы зручны час. Як вынік, працуючых ён не задавальняе, у паліклініку  таксама ім не заўсёды паедзеш.

Альтэрнатывы палявой дарозе існуюць: дабрацца да райцэнтра можна і па больш зручнай асфальтаванай трасе Ружаны — Пружаны ці зрабіўшы «крук» праз Бузуны. Але ж у аб’езд працягласць маршруту складае (што ў адным, што ў другім выпадку) каля пяці-шасці кіламетраў — удвая даўжэй.

На здзіўленне: «Чаму кароткую дарогу, па якой людзі хадзілі і ездзілі шмат гадоў, вырашылі перакрыць?» — у доследнай станцыі жыхарам Белавусаўшчыны адказалі, што «псуецца плот». Але якім чынам, калі да металічнай сеткі, якой абгароджана тэрыторыя пладовага саду гэтай арганізацыі, ад дарогі добрых пару метраў?

Сёння рух па палявой дарозе забаронены адпаведным дарожным знакам і абмежаваны сеткай, якую нацягнулі праз яе. Але жыхары Белавусаўшчыны спадзяюцца, што пытанне вырашыцца ў іх карысць і дарогу ізноў адкрыюць.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

2 комментариев

  • Роман

    неужели так сложно подъехать с ножницами по металлу и полностью срезать два этих пролета сетки?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Александр

    А последствия???!!!Прежде чем советовать_ПОДУМАЙ!!!!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *