Суббота, 26 мая 2018

Ларыса Быцко: «Кожная вёска — гэта Сусвет, які не павінен знікнуць»

1 588

Наша даведка

Ларыса Мікалаеўна Быцко – загадчыца аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра.IMG_2668

Арганізатар і  рэжысёр абласных святаў-конкурсаў фальклорнага мастацтва, у тым ліку “Галасы Палесся”(г.Іванава),  “Таночак” (в.Бездзеж Драгічынскага раёна). Пад яе кіраўніцтвам у Брэсцкай вобласці рэалізуецца этнаграфічны праект “Рух зямлі”. Ініцыятар правядзення міжнародных пленэраў ганчароў у в.Гарадная Столінскага раёна, абласных пленэраў разьбяроў манументальнай скульптуры.

Папулярызатар народнага мастацтва, у тым ліку, творчасці народнага майстра разьбы па дрэве М.В.Тарасюка. Аўтар і каардынатар праекта “Вясковы рэнесанс”, рэалізаванага ў 2014 г. у вёсцы Стойлы Пружанскага раёна і  накіраванага на прыцягненне ўвагі да праблемы знікнення лакальнай самабытнай культуры ў знікаючых вёсках. У 2014 годзе ўзнагароджана нагрудным знакам «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

З Ларысай Быцко мы нядаўна сустрэліся ў Шарашове. І зусім не падчас чарговага пленэру, фестывалю ці этнаграфічнай экспедыцыі. У кампаніі сяброў яна ачышчала ад гадамі назапашанага ламачча старую хату. Перыядычна чуліся воклічы, накшталт: «Глядзіце, якая шафка самаробная!», «Гэты куфар мы выкідаць не будзем, грузіце ў машыну!», «А такой хлебнай лапаты ў нас няма!»

—Спадарыня Ларыса, што тут робіце? Няўжо ў Шарашова вырашылі  перабрацца?

—Амаль што так. Будзем перавозіць гэтую хату ў Стойлы. Вы ж ведаеце, мы пачалі на нашай аграсядзібе «Стулы» будаўніцтва шмат-профiльнага культурнага центра, такой кропкi збору неабыякавых да творчай спадчыны Мiколы Тарасюка людзей, на яго малой радзiме, які мы плануем назваць “Вясковы рэнесанс”. Вось і выкарыстаем яе для  начлегу ўдзельнікаў нашых мерапрыемстваў. Сельвыканкам паставіў адну ўмову: пакінуць за сабой чысценькі ўчастак. Дык трэба перад тым, як разбіраць хату, вырашыць, што спаліць ці вывезці на палігон, а што можна выкарыстаць у якасці экспанатаў магчымай музейнай экспазіцыі, якую мы плануем стварыць у гэтым занядбаным шарашоўскім доме. Бо і гэты дом-вагон, і само мястэчка Шарашова – сапраўдны цуд. І мы вельмі цешымся, што займелі магчымасць даць новае жыццё гэтаму дому.

—Вельмі старажытных, тым больш рарытэтных рэчаў тут, як бачу, няма.

—Тым не менш, знайшлі цікавыя ўзоры самаробнай мэблі, прылады, якімі карысталіся яшчэ нядаўна, гадоў 50 таму. Паглядзіце, наколькі ў сялянскай хаце ўсё рацыянальна зроблена, прадумана. Я проста ў захапленні ад гэтага!

—І калі пачнеце работы?

—Ды яны даўно ідуць! Дом плануем перавозіць пасля Вялікадня, а цяпер усе намаганні на будаўніцтва альтанкі, якая мае шматфункцыянальнае прызначэнне. Менавіта там мы і марым здзяйсняць творчыя планы: ладзіць выставы, майстар-класы па рамёствах, розныя канферэнцыі, сустрэчы з цікавымі людзьмі і многія іншыя імпрэзы. Але пра ўсё не буду распавядаць, каб не сурочыць. Ужо заліты падмурак пад устаноўку гэтай альтанкі.IMG_4783 Фундамент беседки

— Няўжо праект «Сцежкі Міколы Тарасюка», распачаты ў мінулым годзе, займее працяг?10май2015_3841

—Мы марым пра гэта, хацелася б ладзіць яго штогод. Гэта, мне здаецца, вельмі важна для захавання памяці аб знаным майстры. Я працую шмат гадоў з народнымі творцамі і бачу, як разам з  зыходам фізічным зыходзіць і іх імя. Прыкладаў шмат. Асабіста я лічу гэта сваёй місіяй, хаця можа гэта гучыць і занадта высакамоўна. Старэнькая сястрычка Міколы Тарасюка Марыя, з якой мы з мужам сябруем, кажа: “Моёму братіку Біг даў гэто всё робыты, а тобі, Ніколаеўна, Біг даў займатыся моім братіком”.

У мінулым годзе пасля смерці майстра так хацелася нешта зрабіць для яго памяці, і  мы прыдумалі гэтыя “Сцежкі Міколы Тарасюка” і вырашылі з Аляксандрам, што калі не знойдзем фінансавання – будзем ладзіць за сваю зарплату. І, ведаеце што, на дапамогу прыйшло нямецкае прадстаўніцтва асацыяцыі народных універсітэтаў у РБ DVV International,  з якім мы рэалізоўвалі праект “Вясковы рэнесанс”, адгукнуўся і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама. А майстры працавалі над мемарыялам  на валанцёрскіх пачатках, хаця праца з дрэвам проста фізічна цяжкая, не гаворачы пра творчы патэнцыял.

На май месяц, пасля Вялікадня, пад  84-годдзе майстра, плануем зноў ладзіць гэтыя “Сцежкі”, бо менавіта ім усё і пратаптана у гэтых Стойлах. Зноў шукаем грошы для правядзення запланаваных мерапрыемстваў. Можа, хто неабыякавы і адгукнецца!

Зрушылі з месца — мусім круціцца, зваротнага шляху няма. Але калі пачнеш думаць пра будаўніцтва, – зямля сыходзіць з-пад ног. Нялёгка ўсё гэта. Асабліва, калі ты ўмееш сцэнарыі пісаць, фестывалі ладзіць, а ад будаўнічай прафесіі далёкі. Дзякуй Богу, што нас і Пружанскі райвыканкам падтрымлівае, і “Белаграпрамбанк”, і многія добрыя людзі на Пружаншчыне ідуць нам насустрач. Я вось думаю, калі мы з мужам усё асілім – напішу сагу пра сваё будаўніцтва і пра шлях да “Вясковага рэнесанса”.10май2015_3943

Спадзяемся, што тое, што ўжо зроблена намі ў Стойлах (Тарасюковы мемарыял, карта вёскі, аналагаў якой я, прынамсі, не ведаю, пяцімятровы драўляны крыж-абярэг,  зроблены народным майстрам Беларусі Уладзімірам Чыквіным) прыцягнуць нейкую колькасць удзельнікаў нашых мерапрыемстваў. І наталіцца пушчанскай запаведнай атмасферай жадаючыя ёсць. Наогул, да нас у «Стулы» нямала прыязджала людзей цікавых, неардынарных. Па кнізе водгукаў гэта бачна, і лісты шлюць. Мы распрацавалі вельмі цікавую экскурсію-гульню (зараз гэта па моднаму называецца квэст), падчас якой у  незвычайнай форме знаёмішся з прыродным патэнцыялам і культурнай спадчынай фактычна зніклай ужо вёскі. І цягнецца гэтая экскурсія каля дзвюх гадзін. Цікава і для дзяцей і для дарослых!

 —Ларыса Мікалаеўна, пры Вашым удзеле самабытны мастак Мікола Тарасюк атрымаў званне народнага майстра, стаў  шырокавядомым не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Але ж і  ён, у сваю чаргу, паўплываў на Ваш лёс?

—Скажу адно: калі б ні дзед Тарасюк, я б ніколі не стала жыхаркай Пружанскага раёна (я ж зарэгістравана зараз у Стойлах).IMG_2126

А пачыналася ўсё вельмі даўно, больш дваццаці гадоў таму. Праз пэўны час пасля заканчэння Інстытута культуры я стала працаваць метадыстам па рамёствах і народных промыслах у культурна-грамадскім цэнтры. Аднойчы сын Міколы Тарасюка прынёс да нас у аддзел чамадан з драўлянымі фігуркамі. І мы паехалі ў Стойлы. Дзед быў даволі малады, не такі знакаміты: ніхто пра яго асабліва і не ведаў. Тады яшчэ і музея «Успаміны Бацькаўшчыны» не было. Мы дзеда пачалі раскручваць, туды-сюды вазіць, выпусцілі пра яго буклецік…

Потым я пайшла ў дэкрэт – у 93-м нарадзіла сына Міколу, выйшла на нейкі годзік і пайшла зноў, з Ангелінай. Прыехала ў Стойлы пасля сваіх дэкрэтаў, а дзед Тарасюк мяне заводзіць ужо ў музей – дзверы ўрачыста адчыняе (ён жа быў неверагодны артыст), і мы на яго творы глядзім. І ў мяне адразу ўражанне, што ўсе гэтыя людзі — жывыя. Пасля бачыла фільмы пра ягоны «люд», там усе яны насамрэч жывуць: працуюць, зямлю аруць, дзяцей нараджаюць, паміраюць…

Сапраўды, Мікола Тарасюк быў геніем, роўным, напрыклад, вялікаму Ніко Пірасмані. Але грузіны са сваім Пірасмані носяцца, ён сусветна вядомы, а мы…

Вельмі шкада, што зараз адбываецца з  Тарасюковай калекцыяй і ягонай спадчынай. У «Пружанскім палацыку» 104 творы, гэта шмат, але ж трэба, каб і ў Стойлах быў музей-сядзіба. Мікалай Васільевіч марыў пра гэта — захаваць сваю бацькаўшчыну!

—Усё ж, што больш па-ўздзейнічала на Ваша жаданне стаць жыхаркай Стойлаў: зносіны і  сяброўства з Міколам Тарасюком або ціша пушчанскай вёскі?

—Неяк усё разам. Мы тут ладзілі беларуска-шведскі праект. Чалавек 20 прыехалі, разьбяры выразалі фігуркі (дарэчы, яны былі ў палацыку на выставе, калі мы ўручалі Тарасюку грамадскі ордэн «За вернасць Бацькаўшчыне»). І вось з гэтымі шведамі сядзім на прызбе і «палудняем», як дзед казаў. А я гляджу вакол – такая бясконцасць прасторы! Поле, за ім рэчка, пасля лес… І думаю: чаму б ні купіць тут сабе домік? Гэта першы раз узнікла думка. А пазней неяк з мужам размаўлялі, і ён сказаў: чаго мы туды-сюды матаемся, давай купім хату, хоць будзе, дзе пераначаваць.

Калі б зрабілі гэта раней, не тры, а 10 гадоў таму, зразумела, мелі б магчымасць неяк па-іншаму падысці да стварэння аграсядзібы.

—Год, як Міколы Тарасюка няма, але Вы па-ранейшаму расказваеце  байкі  з ягонага жыцця, усміхаецеся ягоным жартам…

—Калі дзед пайшоў з жыцця, замест таго, каб па ім плакаць (а мне варта было паплакаць, ён у маім сэрцы займаў і займае шмат месца), рыхтавала матэрыялы па захаванні яго памяці, разоў пяць выступала на розных канферэнцыях.

Вакол Тарасюка заўсёды было нейкае шоу, нейкі цуд. Мы тут весяліліся: былі жарты і ўспаміны вясёлыя. Калі купілі гэтую хату, у першы год рабілі тут час ад часу рамонты. Вячэраем і ўжо а дзясятай вечара паўзем да дзедавай хаты, там ліхтар нейкі  вісіць. Мы  зрываем белы наліў і разважаем: як там дзед, ці спіць, ці аб нечым думае?10май2015_3762

Нам на самай справе яго не хапае…

 —На якім этапе Ваша праца перарасла ў захапленне? І як Вам цяпер удаецца сумяшчаць асабістыя праекты і працоўныя абавязкі?

—Творчая праца і ёсць захапленне, якому павінен прысвячаць сябе цалкам.   Мне шчасціць у тым, што ўся сям‘я, сваякі і сябры не проста падтрымліваюць мае праекты — дапамагаюць канкрэтнымі справамі. Сястра старэйшая шмат робіць. Дачка Ангеліна, якая зараз вучыцца ў Польшчы, вывучае турыстычную справу, піша рэферат па Тарасюку. Муж Аляксандр у свой вольны час «перакваліфікоўваецца» ў работніка культуры. Ведаеце, усё пераплялося. І на маёй працы, і ў маіх прыватных справах — адна місія: зберажэнне спадчыны. Атрымліваецца, што займаешся гэтым і на працы, і дома. Затое ўвесь час рухаешся наперад, хоць і з цяжкасцямі. Але, калi бачыш, што людзi атрымалi задавальненне ад праведзеных мерапрыемстваў, што яшчэ адзiн дзень iх жыцця можаш зрабiць  шчаслiвым i радасным, то пра перашкоды, праз якія давялося крочыць, ужо i не памятаеш.

—Калі меркаваць па выніках, па ажыццёўленых праектах, здаецца, што гэта не цяжкія павольныя крокі, а лёгкі бег. Ну, магчыма, з перашкодамі…

— Галоўная перашкода ў тым, што народныя промыслы знікаюць не проста хутка — імгненна, вопыт майстроў не перадаецца, як гэта калісьці было, з пакалення ў пакаленне.

Займаюся  Гарадной на Століншчыне – больш дзясятка гадоў ладзім там міжнародныя пленэры ганчароў.  Пяць апошніх стагоддзяў тут у кожнай хаце быў ганчарны круг.  У адрозненне ад чорна-глянцаванага пружанскага рабілі белагліняны непаліваны посуд. Адныя назвы чаго вартыя: мамзэлек, сямак, адзінец, паляк…  Цяпер тут створаны цэнтр ганчарства і ёсць надзея, што промысел не знікне.

У 2014 годзе мы рабілі выставу “Ад зямлі да сонца” — да 110-годдзя вашага земляка ганчара Антона Такарэўскага і майстрыхі саломапляцення Веры Гаўрылюк. Шыкоўная выстава атрымалася. Але ж ад творчасці Веры Гаўрылюк анічога не засталося. Такое можа стацца і са спадчынай Міколы Тарасюка, калі не займацца ёй. А займацца вельмі складана, пакуль родныя  — нашчадкі — паміж сабой не дамовяцца, што з гэтым рабіць. Трагедыя на самой справе.

— «Школы Такарэўскага», якую меркавалі стварыць у Пружанах, таксама няма.

—Не захавалася нават памятная дошка на доме, дзе жыў Антон Такарэўскі, якую мы  зрабілі да 100-годдзя з дня нараджэння майстра. Хаця яе знікненне лагічнае: там прыватны дом, дзе жывуць ужо іншыя, чужыя людзі.

А калекцыя твораў Такарэўскага ёсць у музеі, і памяць аб ім, дарэчы, жыве не толькі ў Пружанах. Я пасябравала падчас пленэраў  з Таццянай Галаванавай, мастаком-керамістам з Расіі, са Скапіна Разанскай вобласці.  І вось яна распавяла мне, што вучылася ганчарству па Антону Такарэўскаму.

 —Пленэры мастакоў, ганчароў… А былі ж яшчэ і разьбяроў манументальнай скульптуры. Дзякуючы апошнім у Ружанах з‘явіліся драўляныя постаці колішніх уладальнікаў — князёў Сапегаў.

—Кампазіцыя, прысвечаная атрыманню мястэчкам Магдэбургскага права, якая зроблена ў  2013 годзе, адна з маіх любімых. Таксама лічу вельмі ўдалымі пленэры ў Камянцы (прысвечаны беларускім асветнікам), і асабліва ў Пінску (тэмай яго стала «Пінская шляхта»).

У мяне стаяла мэта – наладзіць пленэры разьбяроў у кожным раёне, райцэнтры Брэстчыны. У мінулым годзе была чарга Маларыты, але ўзніклі праблемы з фінансаваннем.

—Разам з грамадскім аб‘яднаннем «Тур», нямецкім фондам «Памяць. Адказнасць. Будучыня»,  міжнароднай грамадскай арганізацыяй «Узаемапаразуменне» i  Прадстаўнiцтвам DVV International у Рэспублiцы Беларусь, Вы ладзіце праекты,  закліканыя прыцягнуць увагу да знікаючых вёсак. Але чым  дапамогуць гэтыя гутаркі, канцэрты, сустрэчы старым, якія сумуюць і хварэюць у апусцелых паселішчах?

—Ведаеце, калі пачала працаваць вельмі блізка з пажылымі людзьмі, то зразумела, што гэта (прабачце за высокія словы) — маё прызначэнне. Я разумею, што моладзь – вельмі цудоўна. Але калі мне нехта кажа: «Ларыса, як ты ладзіш з гэтымі старымі, яны ж цягнуць энергію?» — я адказваю, што з мяне яны нічога не цягнуць. Аказалася, што, калі для іх нешта робіш, то атрымліваеш самы вялікі кайф у жыцці, сапраўднае задавальненне.

Аляксандр прыдумаў, што можна павазіць іх на экскурсіі. І мы заказвалі бус, збіралі старых людзей — з кіёчкамі, хто з адным, а хто і з двума. Яны настолькі радаваліся паездкам!  Вось на гэтым здымку, напрыклад, мы ў Мотальскім музеі. «Дытыно, я, акрамя поля, ніц у жыцці не бачыла», — казала мне састарэлая жанчына.

Некалькі гадоў мы рэалізоўвалі праект «Вёска, якая не павінна знікнуць». Ездзілі з этнаканцэртамі і майстар-класамі па малых вёсках Брэстчыны, трацілі свае выхадныя, але мелі вялікую асалоду ад зносін з пажылымі людзьмі, запісвалі іх песні і ўспаміны. Па выніках гэтых сустрэч выпусцілі альбом «Твары вёсак, якія знікаюць». Тут фотаздымкі, малюнкі, цытаты з размоў з вясковымі старажыламі — на мясцовых дыялектах.

Кожная вёска — гэта цэлы Сусвет, са сваімі звычаямі, гаворкамі, рамёствамі. І — калі нават не застаецца ў вёсках жыхароў, трэба, каб застаўся гэты Сусвет у нашых каранях, на ўзроўні генетычнай памяці  нашчадкаў.

Гутарыла  Ірына СЯДОВА.

P.S Да 16 сакавіка можна падтрымаць праект Ларысы Быцко «Сцежкамі Міколы Тарасюка — 2016», дзяліцеся праз сацсеткі!  https://maesens.by/cause/stsezhkami-mikoly-tarasiuka-2016

Один комментарий

  • Ларыса Быцко

    Дзякуй вялікі за артыкул і за прапанову дапамагчы голасам праект «Сцежкамі Міколы Тарасюка»Але галасаванне скончыцца 16 сакавіка, не чэрвеня!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *