Понедельник, 22 января 2018

Преподаватель ДШИ Инесса Головницкая об успехах и достижениях: «Нужно слушать и слышать»

794

Калі меркаваць па дасягненнях вучняў, настаўніца Пружанскай дзіцячай школы мастацтваў Інэса Васільеўна Галаўніцкая лічыцца адной з самых паспяховых. Хаця сама жанчына тлумачыць такую выніковасць проста — адданасцю музыцы ў цэлым і ігры на домры — у прыватнасці.IMG_4807

— Але ж са сваёй музычнай перавагай Вы вызначыліся не адразу?

— Сапраўды, спачатку, як і сяброўкі, я паступіла ў клас фартэпіяна. Аднак пасля году заняткаў вымушана была іх завяршыць па прычыне адсутнасці грошай у бацькоў на музычны інструмент. Пасля я вучылася ігры на акардэоне і зноў мела той жа вынік… Толькі калі мой выбар спыніўся на домры і мама даведалася, што гэты інструмент каштуе восем з паловай савецкіх рублёў, дала згоду на вучобу. Тады прэстыжна было вучыцца музыцы. З нашага, напрыклад, класа (а я вучылася ў СШ №2) палова вучняў наведвала музычную школу. Мне таксама гэта вельмі падабалася, былі першыя поспехі і нават запрашэнне на далейшую вучобу ў школе пры Мінскай кансерваторыі. Аднак зноў жа разам з сяброўкамі паступіла ў Брэсцкае музычнае вучылішча, нягледзячы на ўгаворы настаўнікаў агульнаадукацыйнай школы. Мяне, як выдатніцу, яны вельмі не хацелі адпускаць пасля восьмага класа.

— І ўсё ж давялося зноў вярнуцца ў родны горад?

— Я нават не паспела скончыць вучылішча, калі дырэктар запрасіў на работу — падмяніць настаўніцу падчас дэкрэтнага водпуску. Вучылася і працавала. Затым было замужжа, дзеці, завочная вучоба ў Мінскім інстытуце культуры. Так прысвяціла сябе рабоце ў Пружанскай музычнай школе, як яна называлася раней. Паступова музыкай напоўнілася ўсё маё жыццё – выступленні ў гарадскім хоры, хоры ветэранаў, ансамблі “Пружанскі палацык”.

— Найперш дзякуючы домры?

— Калі б было інакш, я наогул не працавала б у школе мастацтваў. Хаця прычына не толькі ў любві да гэтага дзіўнага музычнага інструмента з прыгожым гучаннем. Мне вельмі падабаецца займацца з дзецьмі музыкай. Тады не толькі аддаеш часцінку сябе, але і вучышся сам. За гэта я вельмі ўдзячна сваім вучням, і такі кантакт дарагога каштуе… Магчыма, таму дагэтуль прыходзяць і тэлефануюць нават першыя мае выпускнікі.

— Інэса Васільеўна, а іх у Вас шмат? І якія вучні запомніліся найбольш?

— Я падрыхтавала звыш пяцідзесяці выпускнікоў, дванаццаць з іх таксама звязалі сваё жыццё з музыкай. Святлана Бартноўская і Людміла Кавалевіч наогул цяпер з’яўляюцца маімі калегамі і вучаць ігры на домры пружанскіх і шарашоўскіх дзяцей. Я памятаю ўсіх сваіх вучняў. Хаця найбольш прыемна, калі яны самі з цеплынёй успамінаюць нашу школу.

— Вы маўчыце пра пераможцаў музычных конкурсаў з-за сваёй сціпласці? Але ж толькі за апошнія два гады Вашы вучні прынеслі школе 11 дыпломаў, а калі іх падлічыць за ўсю педагагічную дзейнасць, лічба перамог наблізіцца да паўсотні…

— На самой справе за гэтымі лічбамі тоіцца радасць дзіцячых перамог на прэстыжных конкурсах, уключаючы рэспубліканскія і міжнародныя. Напрыклад, такія, як Рэспубліканскі конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя І.І.Жыновіча і міжнародны “Залатая ліра”…

— Як гэта Вам удаецца?

— На вучня трэба глядзець і бачыць, яго трэба слухаць і чуць. Гэта ўдаецца не ўсім. Я імкнуся данесці музычныя веды так, каб яны былі зразумелыя кожнаму вучню. А яшчэ дзяцей трэба ўмець зацікавіць — з дапамогай педагогікі, псіхалогіі і проста дабрыні.

Гутарыла Галіна КАЛЯДА.

НА ЗДЫМКУ: І.В.Галаўніцкая са сваёй вучаніцай Ангелінай Гарус.

Фота аўтара.

Один комментарий

  • Мыкола

    А каб яны яшчэ больш беларускіх песень у рэпертуар далі — зусім было б цудоўна!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *