Суббота, 26 мая 2018

Тренер Елена Адамчук: «Футбол меня нашел»

924

Выдатніца СШ №3 г.Пружаны, выпускніца з чырвоным дыпломам Брэсцкага пед-інстытута, майстар спорту Алена Адамчук пра захапленне свайго жыцця, якое стала прафесіяй, гаворыць так: “Футбол мяне знайшоў”.

Яна ўспамінае дзяцінства. Сям’я жыла побач з гарадскім стадыёнам, і старэйшы брат, бегучы туды паганяць у футбол, браў з сабой малодшую сястру. А ёй гэта падабалася, а галоўнае — атрымлівалася пафутболіць не горш за хлапчукоў.IMG_4818

— То быў час, калі ўсе ганялі мяч. Былі дваровыя каманды, якія “біліся” за гонар прадстаўляць свой раён, — успамінае Алена Фёдараўна.

Непрымірымыя сапернікі — “Паркавая” і “Базар”, часта сыходзіліся ў футбольных баталіях. І Алена вельмі ганарылася, калі знаёмыя хлапчукі прыбягалі да яе дамоў і са словамі “Лена, мы прайграем!” клікалі ў каманду.

А неўзабаве баявая, эмацыянальная і надзвычай рухавая дзяўчынка не толькі з задавальненнем гуляла ў футбол на роўных з хлопцамі, яшчэ і арганізоўвала спаборніцтвы, купляла цукеркі і рабіла папяровыя медалі пераможцам. Гэта ёй прыносіла сапраўднае задавальненне.

Па прызнанні Алены Фёдараўны, якая слаба падначальвалася каму-небудзь і чаму-небудзь, яна і ў жыцці рабіла тое, што падабалася ёй, – выдатна вучылася і актыўна займалася спортам. Таму пасля заканчэння школы мела не толькі атэстат з пяцёркамі, але і другі дарослы разрад па валейболе. Футболам у той час у Пружанах ніхто з дзецьмі не займаўся.

Яе спартыўныя здольнасці заўважылі адразу, на першым курсе інстытута. У мужчынскай футбольнай камандзе не хапала іграка, і яна, не раздумваючы, заняла яго месца. А неўзабаве ў інстытуце з’явіўся вядомы на той час у Брэсце трэнер Георгій Дарбуашвілі і запрасіў першакурсніцу Алену Адамчук у жаночую футбольную каманду “Вікторыя”, якая толькі стваралася.

Першая паездка “Вікторыі” ў Маскву, дзе праходзілі гульні другой лігі чэмпіянату СССР, стала для нашай зямлячкі лёсавызначальнай. Там яе заўважылі і запрасілі ў саюзную зборную. Яна была адзіным прадстаўніком Брэстчыны, каго запрасілі ў камандны від спорту Савецкага Саюза.

— Тады, у пачатку 90-х гадоў, — расказвае А.Ф.Адамчук, — жаночы футбол толькі пачынаў развівацца. І хоць у нашай зборнай камандзе футбалісткі – пераважна майстры розных відаў спорту былі значна мацнейшымі за мяне фізічна, у тэхніцы футбола я іх пераўзыходзіла. Вось дзе спатрэбілася школа дваровай гульні, якую я прайшла на пружанскім стадыёне.

Гульні на такім высокім узроўні, бясспрэчна, мелі значную ролю ў жыцці футбалісткі. Аднак усё змянілася з развалам Саюза… І запрашэнні гуляць у футбол пачалі паступаць да Алены Адамчук з розных клубаў Беларусі. Гуляла за “Бабруйчанку”, гродзенскую каманду “Нёман”, магілёўскую “Надзею”, брэсцкую “Вікторыю”, каля дзесяці гадоў уваходзіла ў зборную Беларусі. Неаднаразовы чэмпіён рэспублікі і неаднаразовы ўладальнік Кубка Беларусі па футболе Алена Адамчук цяпер пра свае спартыўныя дасягненні гаворыць сціпла.

Хаця пра тое, што спартыўныя перамогі – гэта не толькі вялікая радасць, але і цяжкая праца, сцвярджае надзвычай сур’ёзна. Былі моманты, калі наогул хацелася развітацца са спортам. Але, як прызнаецца, прыходзіў новы дзень, з’яўляліся новыя сілы і жаданне новых перамог. У якасці нападаючай, а затым паўабаронцы Алена Адамчук шмат разоў перажывала хвалюючыя моманты пад гімн Беларусі.

— Многія жыхары Ірландыі, Швецыі, Англіі, Францыі, — успамінае яна, — наогул на той час нічога не ведалі пра нашу краіну. Таму гучна хацелася заявіць пра яе…

З беларускай зборнай па футболе спартсменка аб’ехала практычна ўсю Еўропу. Удзельнічала ў адборачных гульнях чэмпіянатаў Еўропы і свету. Аднак у пачатку 2000-х гадоў з-за сямейных абставін з кар’ерай прафесійнай футбалісткі давялося развітацца. Лёс падарыў радасць нараджэння дачкі і разнастаіў жыццё новай работай – трэнерскай.

Менавіта з прыходам у пружанскую ДЮСШ №1 трэнера вышэйшай катэгорыі Алены Адамчук і было адкрыта аддзяленне футбола.

На заняткі з дзяўчынкамі проста не хапала часу, займалася з хлапчукамі рознага ўзросту. І працавала трэнер надзвычай плённа: на абласных спаборніцтвах Пружаны прадстаўлялі юныя футбалісты ўсіх узроставых катэгорый. Ёсць, праўда, прыемныя выключэнні. Адзіную дзяўчынку ў камандзе пружанскіх хлапчукоў – Карыну Крайнюю не толькі заўважылі, як некалі і яе, але і ўключылі ў зборную вобласці па футболе. Цяпер Карына – кандыдат у зборную Беларусі.

І гэта — не адзіная таленавітая выхаванка Алены Фёдараўны. Яўген Бабрук, якога трэнер лічыць самым яркім футбалістам краіны, з’яўляецца кандыдатам у зборную Беларусі. Дабіліся поспехаў у футболе Дзмітрый Грышкевіч, Антон Кусцінскі, Уладзіслаў Сарачынскі. А Вольга Цярэшка з Маладзечна з’яўляецца суддзёй ФІФА. На працягу апошніх дзесяці гадоў выхаванцы пружанскага трэнера папаўняюць розныя зборныя краіны.

— У спорце без характару нікуды, — гаворыць Алена Адамчук. – Наша задача гэты характар разгледзець і дапамагчы падлетку сцвердзіцца ў жыцці. Таму ў мяне, як трэнера, падыход да кожнага заўсёды індывідуальны. І нават калі мой выхаванец не зможа зрабіць футбольную кар’еру, спадзяюся, што ён будзе асобай.

— А што трэба, каб усё ж стаць знакамітым футбалістам?

— Збег абставін: фізічныя дадзеныя, цвёрды характар, неверагодная працавітасць, а магчыма, і шчаслівы выпадак ці нават лёс, як у мяне…

Галіна КАЛЯДА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *