Пятница, 19 апреля 2024

Начальник райотдела Следственного комитета Наталья Гурская: «Фильмы о людях в погонах не соответствует действительности»

1 576

Начальнік райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Н.У.Гурская  больш за чвэрць стагоддзя носіць форму. Неаднаразова яе службовая дзейнасць адзначалася рознымі ўзнагародамі, у тым ліку медалямі «За бездакорную службу» ІІІ і ІІ ступеняў. Сёлета Наталля Уладзіміраўна была ўзнагароджана нагрудным знакам выдатніка Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь «За заслугі», які ўручаецца старшынёй Камітэта супрацоўнікам за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, забеспячэнне законнасці і захаванне інтарэсаў грамадства і дзяржавы. І хаця сама начальнік райаддзела лічыць гэту ўзнагароду  заслугай усяго калектыву, зразумела, без прафесіянальных адносінаў да ўскладзеных на яе плечы абавязкаў гэтага не было б.IMG_0274

— Памятаю свой пачатак работы ў органах расследавання, калі больш вопытны супрацоўнік параіў адразу стварыць сям’ю, перш чым прыступаць да выканання абавязкаў: маўляў, потым часу на асабістае жыццё не застанецца,— успамінае Наталля Уладзіміраўна.— Зараз майго вопыту хапае, каб прызнаць яго словы слушнымі, бо, сапраўды, служба займае шмат часу, нават у свабодныя мінуты думаеш пра яе. Хаця сваю сям’ю стварыла менавіта дзякуючы службе ў міліцыі.

— Ці адпавядалі Вашы ўяўленні аб прафесіі  таму, што давялося асвойваць на практыцы?

— Па-першае, амаль з першых дзён пераканалася ў сваіх думках наконт таго, што сумаваць на службе не давядзецца. Літаральна з першай справы: быў абрабаваны сельскі клуб, куды злодзей трапіў праз фортку, каб украсці кнігі і шторы. Па падазрэнні быў затрыманы мужчына даволі мажнага целаскладу, што выклікала сумненні ў яго віне. Але падчас следчага эксперыменту той зноў паўтарыў свой учынак, што здзівіла нават следчых, якія мелі вялікую практыку.

Не скажу, што ўсё давалася лёгка, даводзілася пастаянна вучыцца і асвойваць новае.

У першую чаргу пераканалася ў тым, што кінастужкі пра людзей у пагонах, асабліва сучасныя, не адпавядаюць рэчаіснасці. Часам мару аб тым, каб і ў жыцці следчым было так лёгка, як у фільмах. Але кожнае злачынства непадобна на іншыя, мае свае акалічнасці. Вось і трэба знайсці іх, зачапіць тую нітку, што разблытае ўвесь клубок. Серыялы і рэчаіснасць супадаюць толькі ў тым, што большасць злачынцаў усё-такі атрымлівае пакаранне.

— Але не ўсе абсалютна?

— Каб надзеі на беспакаранасць не было, то і сэнсу ўчыняць злачынства не стала б. А значыць, непатрэбнай стала бы і наша служба. Аднак за чвэрць стагоддзя я не заўважыла ніводнай падставы, якая б паказала, што такое магчыма ў будучым.

— За 26 гадоў Вашай службы значна змянілася грамадства. А вось у практыцы следчага што-небудзь з’явілася новае?

— Адразу адзначу змены ў тэхнічнай аснашчанасці аддзела дзякуючы ўвазе да нашай службы з боку дзяржавы і мясцовых кіруючых органаў. Раней папяровая работа аднімала трэць працоўнага часу. Сёння мы тэхнічна «падкаваны» і можам больш увагі ўдзяліць асноўным абавязкам. Але ж гэта не значыць, што прасцей стала працаваць з людзьмі.

— Па выніках мінулага года ў сваёй падгрупе сярод дзевяці іншых падраздзяленняў дзейнасць Пружанскага РАСК была ў чарговы раз прызнана лепшай. Дзе тоіцца сакрэт такіх дасягненняў, бо калектыў райаддзела — вельмі малады?

— Трэці год запар мы атрым-ліваем пераходную ўзнагароду за выдатную службу, і наш прыклад стаў прычынай разгляду магчымасці пакідаць своеасаб-лівы Кубак выдатніка назаўсёды тым, хто мае такі вынік.

А дасягаем гэтага дзякуючы зладжанай рабоце ўсяго калектыву, калі кожны можа спадзявацца на падтрымку калег, на параду больш вопытных супрацоўнікаў. Спрыяе і маладосць, дакладней, энергія маладосці ў дасягненні пастаўленай мэты. Мы імкнемся атрымаць не прызнанне, а тую справядлівасць, якую ад нас чакаюць людзі.

— Наталля Уладзіміраўна, спадзяюся, што сёлетнія выпускнікі школы вырашаць выбраць Ваш прыклад у якасці будучай прафесіі. Што параілі б ім?

— Трэба прызнаць, што некаторых служба прыцягвае стабільнымі заробкамі і іншым матэрыяльным забеспячэннем. Але поспех чакае толькі тых, хто разумее, што ён закліканы служыць грамадству, якое ацэніць яго работу аб’ектыўна. Калі ёсць гатоўнасць ускласці на сябе такія абавязкі, то тады можна асвойваць прафесію следчага.

Гутарыў Алег Сідарэнка.

 На здымку: падчас атрымання пераходнага Кубка і дыплома выдатніка.

Адным сказам

Галоўнае ў чалавеку — быць прыстойным і не губляць годнасць.

Галоўнае ў сям’і — скласці падмурак узаемаразумення.

Галоўнае ў рабоце — не шукаць лёгкіх шляхоў.

Галоўнае ў жыцці — знайсці сваё шчасце — у сям’і, у рабоце, у здароўі, у дзецях.

Галоўны прынцып — быць сумленным перад сабой і іншымі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *