Пятница, 29 марта 2024

Неисправные печки и другие причины пожаров. Сотрудники РОЧС и журналист отправились в рейд по деревням

996

Як сведчыць сумная статыстыка, колькасць пажараў у раёне павялічваецца менавіта ў халодны перыяд года. Ды толькі зараз надвор’е зусім не зімовае, але колькасць трывожных выклікаў пажарных падраздзяленняў не меншае. Як сцвярджае начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях А.А.Ганчароў, адбываецца гэтак з-за таго, што прычынамі пажараў бываюць не толькі няспраўныя печкі або парушэнне правілаў іх выкарыстання.IMG_4684

— Часта агонь пачынаецца з-за кароткага замыкання, калі грамадзяне карыстаюцца састарэлай, а значыць, вельмі небяспечнай электраправодкай. Некаторыя проста засынаюць з запаленай цыгарэтай,— расказвае Андрэй Аляксандравіч.— Апошнім часам назіраецца рост вогненных здарэнняў з-за дзіцячых свавольстваў і з-за крымінальных падпалаў. Словам, прычын вельмі многа, і, каб папярэдзіць бяду, нашы інспектары практычна штомесяц абыходзяць дамы, праводзяць тлумачальныя гутаркі і нават прымяняюць карныя меры.

Неабходнасць падобных рэйдаў інспектары інспекцыі дзяржпажнагляду паказалі на прыкладзе праверак домаўладанняў у вёсках Сланімцы, Гарадняны, Слабудка і Лінова, на якія запрасілі і карэспандэнта «раёнкі».

— Самае складанае — дастукацца да свядомасці тых, хто злоўжывае спіртным,— гаворыць інспектар С.М.Дзеранчук.— Ад іх ствараецца небяспека і навакольным.

На паводзіны свайго вялікаўзроставага сына скардзіцца бабуля з Гараднян: маўляў, ісці на працу не хоча, ды і дома ад яго ніякай дапамогі. А вось заснуць у ложку з цыгарэтай рызыкуе.

У адным з пакояў знаходзіцца пажарны апавяшчальнік, дакладней, рэшткі ад яго. Карціна звычайная: села батарэйка, а састарэлая гаспадыня самастойна памяняць яе не можа. Сыну ж не да такой дробязі…IMG_4680

Ёсць і іншыя сітуацыі, калі домаўладальнікі не разумеюць, што сваімі дзеяннямі ствараюць для сябе небяспеку. У сувязі з адсутнасцю снегу некаторыя пачалі наводзіць парадак на падворку, спальваць смецце і сухую траву. На вясковай ву-ліцы здалёк бачны дым кастроў. Не сталі пажарныя інспектары праязджаць міма мужчыны, які наладзіў вогнішча… непасрэдна пад дрэвамі: зразумела, што варта на мінуту адцягнуць увагу і недалёка да бяды…

Пабывалі мы ў доме адной з маладых сем’яў у Сланімцах. Нібыта ўсё тут у парадку А вось у электралічыльніку стаіць «жучок», які ў спалучэнні са старой электраправодкай у дзевяці выпадках з дзесяці стано-віцца прычынай вогненнага здарэння. Маладыя апраўдваюцца тым, што не хапае часу на ўсё, нешта застаецца па-за ўвагай. Пры першай сустрэчы з пажарнымі такія апраўданні яшчэ слушныя, але ў другі раз гутарка будзе зусім іншая.IMG_4665

Тым больш, што ёсць іншыя прыклады. Жыхарка в.Слабудка жыве адна, але  дзеці і ўнукі па першай просьбе маці і бабулі прыязджаюць на дапамогу: адрамантаваны печкі, заменена электраправодка, пабелены комін, стаіць пажарны апавяшчальнік. Ці многа для гэтага патрэбна сіл і сродкаў? Як сцвярджае гаспадыня, спакойная старасць каштуе непараўнальна больш.IMG_4654

Тое ж самае актуальна і для гараджан. Як гаворыць начальнік РАНС, некалькі выпадкаў атручвання чадам у Беларусі маюць не толькі аб’ектыўныя прычыны з-за зніжэння атмасфернага ціску і адсутнасці належнай цягі. У многім вінаваты і ўладальнікі кватэр, якія карыстаюцца газавымі калонкамі. Зараз па горадзе і населеных пунктах раёна, дзе жывуць такія абаненты, супрацоўнікі райаддзела разам з прадстаўнікамі газавай службы і камбіната супрацьпажарных работ праводзяць масавыя абследаванні. І колькасць розных парушэнняў, у тым ліку і наўмысных, проста прыводзіць у жах. Некаторыя настолькі небяспечныя, што накладаецца забарона на карыстанне газавымі прыборамі да выкаранення недахопаў. Таму інспектары заклікаюць не чакаць, калі да гэтай работы прымусяць прыступіць карныя меры, а самастойна ўзяцца за выпраўленне.

Алег СІДАРЭНКА. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *