Воскресенье, 20 мая 2018

Кот с собачьим характером, или Как пружанцы справляются с мейн-куном

885

Сёння наўрад ці каго здзівіш пародзістым чацвераногім гадаванцам.  І складана сказаць: жаданне завесці ката ці сабаку абавязкова «блакітных крывей» — гэта даніна сучаснай модзе ці штосьці іншае? Сям’я Казловых з Пружан, якая трымае мэйн-куна, напрыклад, такім чынам набыла адданага сябра.IMG_5816

— Чаму мэйн-кун? — перапытвае Галіна. — Ні ў якім разе не дзеля развядзення і атрымання выгады — проста для душы. Усё атрымалася выпадкова…

Казловы заўсёды трымалі катоў ды сабак. Увогуле, муж і жонка лічаць, што наяўнасць чацвераногага сябра дапамагае выхоўваць з малых гадоў пачуццё адказнасці, дабрыню і спагадлівасць. Папярэдні гадаванец трапіў пад колы машыны. Сям’я, вядома, засмуцілася. Але неўзабаве старэйшы сын вырашыў: «Без гадаванца не будзеце: я знайшоў незвычайнага ката — з паводзінамі сабакі». Так у доме Казловых  з’явіўся махнаты прыгажун мэйн-кун Дасцін — кот рэдкай у нашых мясцінах пароды.IMG_5852

Мэйн-куны лічацца самымі буйнымі хатнімі катамі: іх даўжыня можа дасягаць метра, а вага — 10-15 кілаграмаў. Па інтэрнэце гуляе версія, што кот пайшоў ад янотаў. Але знаўцы запэўніваюць: гэта міф — кот, выведзены ў амерыканскім штаце Мэн, не мае ніякага дачынення да янотападобных.

Самі гаспадары лічаць Дасіка (так ласкава называюць ката, які стаў для іх членам сям’і)  звычайным катом (адрозненне хіба што па кончыках вушэй — пэндзлікі, як у рысі): маўляў, для сваёй пароды ён дробны. Сапраўды, у свае паўтара года коцік важыць «толькі» каля сямі кілаграмаў, што  лічыцца мінімальнай вагавай нормай.

— А чаму вы кажаце аб сабачым нораве? — не разумею я.

Галіна  бярэ невялічкі мячык і кідае ў калідор, а праз колькі секунд кот вяртаецца з мячыкам у зубах. Гэтак яго можна прывучыць і газету прыносіць?

— Ён і такі ж адданы гаспадару, як сабака. І дом вартуе:  заўсёды падбяжыць да дзвярэй, каб паглядзець, хто  прыйшоў, — расказвае Аляксандр. — Дарэчы, гэта адзіная парода катоў, у якіх выхаваннем патомства займаецца самец.IMG_5840

Дасцін — кот своеасаблівы, але гаспадары дагаджаюць любімцу толькі ў межах разумнага. А дзверы ў пакой,  дзе ён любіць рабіць «перастаноўку» рэчаў на свой густ, увогуле трымаюць зачыненымі. Махнаты гарэзнік любіць паплюхацца ў вадзе, смачна і многа паесці, пазабаўляцца, але не дапускае залішняй ласкі.

— А нядаўна сын заявіў, што трэба ізноў завесці сабаку: нагледзеў сіба-іну — сабаку японскай пароды, пыска якой заўсёды расплываецца ва ўсмешцы.

Цяпер Галіна і Аляксандр з нецярпеннем чакаюць, калі ў іх з’явіцца новы гадаванец.

Марына Вакульская, фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *