Суббота, 22 сентября 2018

Жилье и работа. С какими еще вопросами граждане обращаются в райисполком?

1 395

З надзеяй на вырашэнне ўласных праблем звяртаюцца пружанцы да раённай улады. За мінулы год у райвыканкаме было зарэгістравана 727 такіх зваротаў, яшчэ 544 паступіла ў сельвыканкамы.

Пра тое, якія пытанні найбольш хвалююць жыхароў горада і раёна, якім чынам яны вырашаюцца, расказвае начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Т.Ю.Гаманчук.IMG_5201

— Толькі за чацвёрты квартал 2015 года, — расказвае Таццяна Юр‘еўна, — у райвыканкам паступіла 164 звароты. Найбольш з іх  датычылі пытанняў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, вырашэння жыллёвых праблем, працаўладкавання. На жаль, не меншае зваротаў і з нагоды спрэчак з суседзямі. Таксама сярод актуальных – прыватызацыя кватэр дзяржфонду і набыццё жылля ва ўласнасць у сельгаспрадпрыемствах.

— Колькі са згаданых Вамі зваротаў было задаволена?

— Прыкладна шостая частка  — 27. Многія з іх датычылі высокага кошту жылля пры прыватызацыі. У ходзе разгляду  ацэначны кошт на некаторыя кватэры ўдалося паменшыць, і вельмі адчувальна. Напрыклад, з трохсот мільёнаў рублёў да ста дваццаці.

Па просьбе гараджан былі ўстаноўлены павеці над аўтобуснымі прыпынкамі каля СШ №5 і СШ №1. Таксама па слушных заўвагах жыхароў мы прымусілі некаторыя арганізацыі навесці парадак пасля завяршэння будаўнічых і рамонтных работ. Улічыўшы зварот грамадзяніна, на Дошку гонару раёна былі занесены фотаздымкі ганаровых гараджан Р.Ц.Кротава, М.В.Хацімскага, С.П.Пацярухі.

— Таццяна Юр’еўна, скажыце, калі ласка, а ці разглядаліся калектыўныя звароты?

— Адзін такі зварот быў з нагоды выплаты зарплаты. На момант, калі рыхтаваўся адказ, зарплату таварыства з абмежаванай адказнасцю, пра якое вялася размова, ужо выплаціла. З калектыўнай просьбай з нагоды будаўніцтва станцыі абезжалезвання вады звярталіся жыхары в.Белавусаўшчына. На сённяшні дзень станцыя працуе. Некаторыя калектыўныя звароты, якія тычацца рамонту дарог і шматкватэрных дамоў, знаходзяцца на кантролі.

— Пра што пішуць людзі ў электронных зваротах?

— Як правіла, просяць аб прадастаўленні разнастайнай інфармацыі. У прыватнасці, шэраг грамадзян Украіны цікавіўся нашымі аграгарадкамі і магчымасцю пераезду туды для працаўладкавання і пражывання.

— Ці можаце акрэсліць найбольш хвалюючыя тэмы, якія ўзнімаюць грамадзяне на асабістых прыёмах?

— Яны датычаць працаўладкавання. З такімі пытаннямі наведвальнікі звяртаюцца ўсё часцей. Аднак вырашыць іх няпроста. Па-першае, абмежавана колькасць вакансій,  па-другое, не так проста ўладкаваць на работу чалавека без спецыяльнай адукацыі альбо наогул з пачатковай адукацыяй. Аказваецца, нямала і такіх…

Як і раней, актуальнай застаецца праблема вырашэння суседскіх сварак.

Аднак як у першым, так і ў другім выпадках такія праблемы людзі могуць вырашыць без райвыканкама. Мы, напрыклад, не можам паабяцаць работу чалавеку без інфармацыі цэнтра занятасці. Але ж калі ёсць у наяўнасці вакансіі, сацыяльныя службы  забяспечаць работай  і без райвыканкама.

Тое ж можна сказаць і з нагоды суседскіх разборак. Калі канчатковую кропку ў іх разбіральніцтве можа паставіць толькі суд, звяртацца варта менавіта туды.

— І апошняе: ці былі ананімныя звароты і які лёс іх разгляду? 

— Усяго за год было 12 такіх зваротаў, пяць з якіх паступіла ў апошнім квартале. Згодна з  дзеючым заканадаўствам, калі ў ананімных зваротах не ўтрымліваецца паведамленняў аб злачынствах ці супрацьпраўных дзеяннях, яны наогул не разглядаюцца. Такое паведамленне было толькі ў адным з іх, таму гэты зварот быў накіраваны ў РАУС. Дарэчы, прыведзеныя ў ім звесткі пацвердзіліся.

Карыстаючыся выпадкам, хачу нагадаць, што прамыя тэлефонныя лініі з кіраўніцтвам раёна працягваюць працаваць па суботах з 9 да 12 гадзін. Свае пытанні можна задаваць па нумары 9-03-14. Прыём грамадзян і юрыдычных асоб ажыццяўляецца ў райвыканкаме па серадах з 8 да 13 гадзін.

Гутарыла Галіна Каляда.

 

Один комментарий

  • Оператор

    Коллективное обращение от ооо экобитум вы рассмотрели и зарплату выдали……и точка.A почему не контролировать выплату зарплаты в дальнейшем? Уже пять месяцев мы без зарплаты…..Нужно снова коллектиное обращение?????? Ведь в районе не так много предприятий, а работников после таких обращений наказывают, или рублем,или, вообще, увольнением!!!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *