Вторник, 23 января 2018

Кастрюля по цене телевизора, или Как не дать себя обмануть

604

Днямі ў рэдакцыю патэлефанавала чытачка, якая папрасіла расказаць усяму раёну яе гісторыю. Дакладней, пра ўчынак яе састарэлай маці.

— На мінулыя выхадныя ў нас у вёсцы заезджыя гандляры ладзілі прэзентацыю «цуда-посуду» ад знакамітых вытворцаў. Запрашалі на гэта відовішча ў асноўным пенсіянераў, прычым дакладна ведалі іх адрасы і нават нумары тэлефонаў. Сярод запрошаных была і мая маці. Ёй настолькі ўскружылі галаву тымі перспектывамі, якія нібыта атрымае пасля набыцця каструляў, што бабуля вырашыла аформіць крэдыт… на 11 мільёнаў рублёў. Цалкам агучаная сума складала 16 мільёнаў, але на пяць «зрабілі скідку».DETAIL_PICTURE_734240_709739031

Прыехалі, каб прынесці «радасць»

Зразумела, нашу чытачку збянтэжыла тое, што кошт набору посуду такі велізарны. Маці са сваёй пенсіі давядзецца пагашаць пазыку мінімум год. Ці праслужаць набытыя каструлі такі тэрмін?

З дапамогай інтэрнэту мы вырашылі вывучыць сітуацыю і прыйшлі да высновы: падобныя гастралёры ездзяць па ўсёй Беларусі. Ды і ў Пружанах своеасаблівае махлярства набывае значныя абароты, прычым задурваюць галаву не толькі посудам. Наша газета некалі пісала пра фільтры для ачысткі вады па завоблачных цэнах. Мой знаёмы набыў для ўнука коўдру з поўсці ламы за суму, эквівалентную 1200 доларам ЗША. Калі яго запытаў, колькі карыснага ён мог бы купіць малому за гэтыя грошы, субяседнік толькі збянтэжана развёў рукамі: напэўна, ужо пралічыў «карысць» свайго падарунка. Чаму гандлярам-гастралёрам так шанцуе? Падобныя прэзентацыі не разлічаны на людзей заможных. Здаецца, што прадаць посуд за 12-16 мільёнаў рублёў практычна нерэальна.

Але сучасныя Астапы Бэндэры падгледзелі ў польскіх калегаў, дзе такая хваля набірае выгляд цунамі не першы год, тысячу і адзін спосаб адносна сумленнага выманьвання грошай у даверлівых грамадзян. За Бугам шустрыя дзялкі арганізоўвалі маляўнічыя дэманстрацыі і прэзентацыі падобнага посуду на арэндаваных плошчах, дзе ва ўсіх фарбах распісвалі нібыта бясспрэчныя перавагі і ўнікальныя ўласцівасці сваіх вырабаў. Усё шоу было накіравана на састарэлых, якія больш даверлівыя, чым людзі сярэдняга ўзросту. Старыя заглыналі нажыўку і набывалі тавар па вельмі завышаным кошце, а, адумаўшыся пасля таго, як прайшло замбіраванне, накіроўваліся шукаць праўду праз суд.

Перанесці немудрагелісты польскі досвед на брэсцкую зямлю аказалася справай тэхнікі. Прафесійна апрацаваныя пакупнікі, амаль не чытаючы, падпісвалі дамову куплі-продажу і, стаўшы шчаслівымі ўладальнікамі нібыта ўнікальнага посуду, спяшаліся дадому падзяліцца радасцю з роднымі і апрабаваць навінкі на кухні. Уся фішка ў тым, што тавар яны куплялі ў растэрміноўку, з першапачатковым узносам усяго ў 100 тысяч рублёў — невялікія грошы, але выплачваць астатнія мільёны прыйдзецца доўгія і доўгія месяцы.

Тэхналогія пошуку патэнцыяльных пакупнікоў таксама прыйшла з-за мяжы. На прэзентацыях прапануюць запоўніць анкету, у адным з пунктаў якой просяць назваць пяць тэлефонаў або адрасоў родных і знаёмых, якіх такім жа чынам можна было б «ашчаслівіць».

Ці ёсць шанцы?

Існуючае заканадаўства, на жаль, не дазваляе вырашыць сітуацыю на карысць пацярпелых пакупнікоў.

Каштаваць звычайны посуд такую неверагодную суму, безумоўна, не можа: напрыклад, у прыватных магазінах у Пружанах тое ж самае можна набыць, заплаціўшы прыкладна ў пяць разоў менш.

Аднак прадпрымальныя дзялкі без асаблівай натугі прадаюць пенсіянерам і іншым даверлівым грамадзянам наборы каструляў і патэльняў па кошце… невялікага аўтамабіля, бо цэнаўтварэнне ў нас сёння адпушчана на волю. А калі ашчасліўлены ўладальнік «залатога» посуду, замбіраваны маляўнічай прэзентацыяй і салодкімі прамовамі гандлёвага менеджара, нарэшце, усвядоміць рэальны кошт, часцяком бывае занадта позна.

Што можна параіць тым, чые бацькі трапілі на такую нажыўку? Гандляры выдатна вывучылі ўсе адпаведныя нарматыўныя акты і, дзе толькі можна, падстрахаваліся. Напрыклад, ва ўсіх ёсць неабходная рэгістрацыя, вось толькі яны часцяком «родам» з такіх аддаленых месцаў, што не ўсялякі пенсіянер вырашыць патраціць некалькі дзён і з’ездзіць разабрацца. Нельга прыцягнуць іх і ў плане парушэння прадпрымальніцкай дзейнасці за гандаль у не прызначаных для гэтага месцах: па факце яны робяць толькі рэкламную кампанію, куды можна ўключаць і прэзентацыі. А тое, што вы набылі ў іх посуд падчас такога азнаямлення, у дакументах не пазначаецца ніякім чынам. Значыць, патрэбны сведкі: да прыкладу, суседзі, якія пацвердзяць факт пакупкі на судзе. Вось толькі ў суд амаль ніхто не звяртаецца. Аб чым сведчыць і статыстыка: у сту-дзені 2016 года судом аднаго з раёнаў Мінска былі ўзбуджаны 120 спраў у дачыненні неплацельшчыкаў па падобных «растэрміноўках» і толькі 14 — па заявах тых, хто зрабіў пакупку.

Адумацца   за два тыдні

Таварыства па абароне правоў спажыўцоў раіць, каб не патрапіць пад чары гандлёвых менеджараў і аддрукаваных у дарагіх друкарнях глянцавых праспектаў і каталогаў, цвяроза падумаць, супаставіць кошт і якасць прадукцыі і вырашыць для сябе, ці можа адлюстроўваць рэальны кошт, да прыкладу, патэльні цэннік з сямю нулямі, нават калі тавар прапануюць у крэдыт або растэрміноўку. Таксама падумаць, колькі часу давядзецца разлічвацца за набытае, эканомячы на ўсім, напэўна, у такой ступені, што той посуд будзе стаяць невыкарыстоўваемы.

Выбар, вядома, заўсёды за пакупніком, але, перш чым прыняць рашэнне, варта ўзважыць усё «за» і «супраць» і абавязкова ўважліва азнаёміцца з ўсімі пунктамі дамовы куплі-продажу, асабліва з тымі, якія надрукаваны дробным шрыфтам. Таксама задумайцеся, ці варта ў прыезджых набываць тое, што значна танней прадаюць мясцовыя, з якімі, дарэчы, намнога лягчэй вырашаць розныя спрэчныя пытанні.

У тых жа, хто набыў «залатыя» вырабы, ёсць адзінае выйсце, якое пакуль не могуць абысці гандляры-махляры: па Законе «Аб абароне правоў спажыўцоў» пакупнік мае права вярнуць тавар нават належнай якасці на працягу 14 дзён з моманту яго перадачы спажыўцу. Праўда, тавар не павінен быць ва ўжыванні, яго спажывецкія ўласцівасці таксама павінны быць захаваны.Умова: тавар не павінен фігураваць у «Пераліку нехарчовых тавараў належнай якасці, не падлягаючых абмену і вяртанню» (посуду ў гэтым пераліку няма).

Пры гэтым варта звярнуць увагу на тое, што, хоць па законе і не абавязкова пісьмова звяртацца да прадаўца ў выпадку прэтэнзій да якасці, вяртанні і бясплатным рамонце тавару, але, як паказвае практыка, лепш усё фіксаваць на паперы. Бо ў выпадку судовага разгляду дата звароту да прадаўца мае вельмі вялікае значэнне. Пры гэтым па заявах, звязаных з парушэннем правоў спажыўцоў, грамадзяне вызваляюцца ад выплаты дзяржпошлін.

Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *