Суббота, 20 января 2018

«Бриллиантовые» юбиляры из Прилутчины ждут весну и ласточек

618

За 60 гадоў у шлюбе – менавіта столькі крочаць разам па жыцці жыхары вёскі Прылутчына Міхаіл Міхайлавіч і Ніна Антонаўна Гусакі, яны не толькі пакінулі след на зямлі добрымі справамі, але і захавалі паміж сабой надзвычай трапяткія адносіны. І нічога, што ім абодвум ужо за восемдзесят, аднак  дагэтуль сваю другую палавінку муж называе толькі “мая жоначка”.

З самага каштоўнага пачынаюць пералік “брыльянтавыя” юбіляры:

—У нас васьмёра праўнукаў, чацвёра ўнукаў, двое дзяцей, — кажуць. – І жывем у хаце, якую на пачатку сямейнага жыцця перавезлі з іншай вёскі. Калі падлічыць, ёй ужо даўно за сто гадоў…IMG_4227

Няпростая доля выпала для гэтых людзей. Хлапчуком быў паранены Міхаіл Міхайлавіч у гады Вялікай Айчыннай вайны, падчас бамбардзіроўкі. Цудам выжыў. А Ніна Антонаўна наогул засталася сіратой. Бацькоў расстралялі фашысты. Выжывала тым, што пасвіла ў людзей жывёлу. Вайна і цяжкая сялянская праца не далі магчымасці вучыцца. Міхаіл Міхайлавіч скончыў чатыры класы, калі яму споўнілася васямнаццаць…

Іх аб’яднаў падобны лёс, таму, як кажуць, і пабраліся. Самі, без дапамогі бацькоў, будаваліся, трымалі гаспадарку, выхоўвалі дзяцей. Міхаіл Міхайлавіч працаваў малаказборшчыкам і нават заваёўваў першыя месцы ў раёне па закупу малака. Сваім конікам вывозіў ад насельніцтва па 15-18 тон малака ў год. І гэта – толькі ад жыхароў Прылутчыны і бліжэйшых хутароў. Пасля быў пчаляром. Ніна Антонаўна таксама працавала ў калгасе, спачатку даяркай, а затым паляводам.

На пытанне, як усё паспявалі ды яшчэ так прыгожа жылі, муж з жонкай  адказваюць:

—Стараліся ўмела дзяліць паміж сабой і кепскае, і добрае.

Людзям працавітым хапала работы і апроч калгаснай. Жывучы сярод балота, мясцовыя жыхары на ім працавалі, дзякуючы яму і карміліся.

—Дарога да нас была такая, што часам гусенічны трактар праехаць не мог, — расказвае старажыл вёскі М.М.Гусак. – Выручала чыгунка. Па ёй хадзілі па хлеб да прыпынку Лясы. Па іншыя пакупкі ездзілі на цягніку ў Жабінку. Але ж балота давала сена жывёле, ягады і асабліва рыбу – людзям. Памятаю, пастаўлю вершу, дык падняць яе не магу ад улову. Шчупакоў і в’юноў мяшкамі прадаваць на базар вазілі. Калі балота асушылі, рыба прапала, дождж і той цяпер нас мінае…

Некалі ў гэтай вёсцы сярод балота і лугоў было каля трыццаці жылых хат і ў кожнай – па чацвёра-пяцёра дзяцей. Цяпер цепліцца жыццё толькі ў трох, дзе дажываюць свой век пенсіянеры. Дапамагаюць адзін аднаму, дзякуюць за клопат мясцовай уладзе, амаль што моляцца на сваю “дакторку Іванаўну” – загадчыцу Гарадзечненскага ФАПа Алену Іванаўну Мазан.

І… чакаюць вясну, бо ластаўкі прыляцяць.

Галіна Каляда, фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *