24 студзеня ў г. Брэсце прайшоў абласны фінал па інтэлектуальнай гульні «Што? Дзе? Калі?» cярод юніёраў (вучняў 9-11 класаў). Каманда «Бліцкрыг» СШ №5 прыняла ў ім удзел як пераможца раённай гульні.
Канкурэнцыя на абласным этапе была проста неверагоднай. На чатырох гульнявых пляцоўках у гарадах Брэст, Пінск, Баранавічы і Кобрын адначасова змагаліся 105 каманд, якія вызначыліся ў сваіх раёнах. Усім удзельнікам было прапанавана адказаць на 45 пытанняў.
Ужо пасля першага тура (15 пытанняў) лідэрства захапілі каманды «Горад катэгорыі Б» (ліцэй №1 г. Брэст) і «Бліцкрыг» (СШ №5 г. Пружаны), якія адказалі на 14 і 13 пытанняў адпаведна.
Далей гульня праходзіла з пераменным поспехам. У выніку гэтыя дзве каманды і апынуліся ў пачатку выніковай турнірнай табліцы. Каманда ліцэя №1 г. Брэста адказала дакладна на 32 пытанні, наша каманда саступіла ўсяго 1 бал, стаўшы другой і апярэдзіўшы моцных традыцыйных сапернікаў з гімназій Брэста, Баранавічаў, Пінска, Маларыты і інш.
Упэўнена вяла «Бліцкрыг» да чарговага поспеху капітан каманды вучаніца 11 класа Лізавета Пракопчык. Каманда ў складзе адзінаццацікласнікаў Дыяны Карпыза і Дзмітрыя Комара, дзесяцікласнікаў Уладзіслава Папко, Аляксея Чапліна і Ангеліны Клімец паўтарыла поспех 2014 года, яшчэ раз пацвердзіўшы, што толькі сістэмная рэгулярная праца і трэніроўкі забяспечваюць неабходныя вынікі.
Каманды-пераможцы атрымалі ганаровае права прадставіць Брэсцкую вобласць на рэспубліканскім фінале па інтэлектуальных гульнях у красавіку 2016 года ў г. Мінску. Работа і трэніроўкі працягваюцца.
P.S. Як рэйтынгавай камандзе нам прыйшло запрашэнне на турнір інтэлектуальных каманд «Кубак» Баранак» (г. Баранавічы), дзе ў сакавіку збярэцца традыцыйна моцны склад удзельнікаў з усёй краіны.
Уладзіслаў Папко, вучань 10 класа СШ №5.