Воскресенье, 27 мая 2018

Молодой преподаватель ЦТДМ привлекает в кружки современными разработками

722

Кіраўнікі аб’яднанняў па інтарэсах Пружанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі па-рознаму спрабуюць зацікавіць хлопчыкаў і дзяўчынак: адны развіваюць творчыя здольнасці сваіх вучняў, прымяняючы правераныя часам методыкі, другія выкарыстоўваюць сучасныя распрацоўкі. Але ў любым выпадку педагогі дадатковай адукацыі знаходзяцца ў пастаянных пошуках. Творчы пошук прывёў  у Пружаны і Аляксандра Савіцкага.IMG_5530

Бягучы навучальны год для Аляксандра Савіцкага на педагагічнай ніве першы: малады спецыяліст толькі пачаў набірацца вопыту пасля атрымання дыплома Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Магчымасць прымяніць на практыцы атрыманыя падчас вучобы веды яму прадаставілі ў ЦТДМ: даверылі кіраўніцтва аб’яднаннямі «Арт-дэкор» і «Майстэрня творчасці», а таксама ў Мураўскім СДК, дзе вядзе два гурткі.

— На занятках аднаго аб’яднання дзятва атрымлівае навыкі розных відаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці: дэкупажу, газетапляцення, выцінанкі, квілінгу,  — расказвае малады майстар «хэнд-мэйду». — Наведвальнікі другога гуртка атрымліваюць базавыя веды мадэльнага канструявання: клеяць макеты дамоў, складваюць модульныя арыгамі. Акрамя творчых здольнасцяў, такая дзейнасць развівае камунікатыўныя і маторныя навыкі, мысленне, пачуццё колеру і формы.

За паўгода заняткі Аляксандра змаглі ўсур’ёз зацікавіць каля трох дзясяткаў дзяўчынак і хлопчыкаў, якія рэгулярна наведваюць гурткі пад яго кіраўніцтвам. Увогуле, запісацца ў аб’яднанні ў ЦТДМ могуць усе жадаючыя не старэй 45-гадовага ўзросту. Праўда, у якасці выключэння педагог дзеліцца вопытам і з мужчынам-пенсіянерам, які праявіў цікаўнасць да дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Лепшая ўзнагарода для настаўніка — захопленыя водгукі і падзякі бацькоў, якія ацанілі вынікі творчай работы сваіх дзяцей. Дарэчы, некалькі ўвасобленых у жыццё ідэй ужо былі заўважаны не толькі бацькамі: напрыклад, Вікторыя Мурына і Дар’я Семаковіч атрымалі падарункі ад беларускага Дзеда Мароза за навагоднія цацкі для галоўнай пушчанскай ёлкі.

Ёсць у Аляксандра Савіцкага, канешне, і асабістыя перамогі. Самай значнай ён лічыць другое месца ў студэнцкім рэспубліканскім конкурсе па аб’ёмным канструяванні. На паперу і кардон юнак перанёс помнік архітэктуры. Каб стварыць паменшаную дакладную копію Траецкага касцёла, яму спатрэбілася некалькі месяцаў.

— Свае лепшыя работы давялося пакінуць каледжу, — тлумачыць Аляксандр, паказваючы сціплую калекцыю карцін і дэкаратыўных сувеніраў уласнага аўтарства. — Ну, што ж?! Буду рабіць новыя.

Варта адзначыць, Аляксандр Савіцкі — самавучка: у свой час у роднай Мураве побач не знайшлося педагогаў, у якіх можна было пераняць вопыт. Напэўна, таму хлопец ніяк не здаволіць прагу да адукацыі: ён прызнаецца, што плануе паступаць на завочнае аддзяленне ў Брэсцкі ўніверсітэт, каб быць не проста педагогам-мастаком, але яшчэ і мастацтвазнаўцам.

— Больш ведаў — большыя магчымасці рэалізаваць сябе ў прафесійным плане,— лічыць малады спецыяліст.

Марына Вакульская, фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *