Четверг, 18 января 2018

Читательница много лет хранит «Раённыя будні» с фотографиями близких

627

Журналісты «раёнкі» заўсёды імкнуцца быць карыснымі для сваіх чытачоў, сярод якіх нямала тых, хто памятае, як выглядала раённае выданне яшчэ да таго, як набыло цяперашнюю назву «Раённыя будні». У ліку такіх адданых падпісчыкаў і гараджанка Валянціна Саўчук.

Усю перыёдыку, якую  прыносіць паштальён, Валянціна Фёдараўна ўважліва чытае, пасля чаго акуратна складвае ў кардонныя скрынкі. Самыя цікавыя і памятныя экзэмпляры трапляюць у асобны стос: гэта выпускі «раёнкі», на старонках якіх з’яўляліся фота і артыкулы пра блізкіх ёй людзей.IMG_5549

— Напрыклад, тут у аб’ектыў фотаапарата карэспандэнта трапіў зяць, а ў гэтым нумары было надрукавана спачуванне з выпадку смерці майго мужа, — расказвае жанчына пра кожную пажаўцелую ад часу газету, якую захоўвае ў сямейным архіве.

З адной з газетных старонак на чытачоў глядзіць і сама Валянціна Фёдараўна, якая, дарэчы, не раз станавілася гераіняй журналісцкіх артыкулаў.  У  1990 годзе карэспандэнт пісаў пра яе  — работніцу Пружанскага плодакансервавага камбіната: «…Чалавек з вялікім пачуццём адказнасці. Гэтая рыса яе характару заўсёды накладвала адбітак на ўсю яе працу, якую выконвае яна добрасумленна і якасна. А работа ж нялёгкая».

Сёння Валянціне Фёдараўне 79-ы год. Ёй, пражыўшай доўгае жыццё, ёсць што расказаць карэспандэнтам, і не толькі аб працоўных буднях.

Валянціна Саўчук нарадзілася  ва Украіне.  Гады дзяцінства прыпалі на перыяд ваеннага ліхалецця. Нягледзячы на малы ўзрост, у памяці трывала заселі карціны тых жахаў, якія прынесла вайна.

— Апанаваныя страхам, мы часта хаваліся ў склепе. І вельмі абрадаваліся, калі на грукочучых танках нарэшце ўбачылі чырвоныя зорачкі, — успамінае пенсіянерка. — А неўзабаве бацьку прыйшла павестка на службу ў армію. Больш яго сям’я не ўбачыла: у 1945 годзе ён памёр. Так мама засталася з трыма дзецьмі на руках.

Нямала выпрабаванняў чакала ў пасляваенны час: рады былі кожнаму кавалку хлеба, не мелі свайго жылля. Старэйшы брат Павел пайшоў у Харкаўскае лётнае вучылішча, а на трэцім курсе загінуў — не раскрыўся парашут, малодшага Анатоля, каб зберагчы ад галоднай смерці, маці вымушана была на некаторы час аддаць у прытулак.

Валянціне Фёдараўне, якая да таго часу ўжо закончыла сем класаў, дапамаглі ўладкавацца на кансервавы завод А праз некаторы час 17-гадовая камсамолка папрасілася на асваенне цалінных земляў: было хаця і цяжка, затое не галодна. Адтуль яна вярнулася дамоў ужо замужняй жанчынай.

У 1963 годзе сям’я пераехала на радзіму мужа, на Пружаншчыну. З гэтага часу працоўная біяграфія Валянціны Фёдараўны звязана з Пружанскім плодакансервавым камбінатам. Фота вакуумшчыцы Валянціны Саўчук красавалася нават на дошцы гонару ВДНГ у Маскве. Калі атрымала медаль «Ветэран працы»,    у жанчыны было ажно    44  гады працоўнага стажу.

Нельга не згадаць і пра тое, што Валянціна Фёдараўна — ганаровы донар Рэспублікі Беларусь.

— У работніцы камбіната здарылася бяда з сынам — патрэбна была донарская кроў, — успамінае жанчына першую сваю кровадачу. — Тады я і даведалася, што ў мяне даволі рэдкая чацвёртая група крыві са станоўчым рэзусам. Заўсёды імкнулася дапамагчы людзям: па першым жа выкліку імчалася ў бальніцу. Аднойчы спатрэбілася нават прамое пераліванне крыві.

За гады донарства В.Ф.Саўчук дапамагла многім: уявіце сабе, агульны аб’ём здадзенай ёю крыві — больш 17 літраў.

… Сёння Валянціна Фёдараўна жыве адна: пахавала мужа, сына. Частымі гасцямі ў яе кватэры бываюць дачка, пяцёра ўнукаў і сямёра праўнукаў, поспехамі якіх яна вельмі ганарыцца. Пенсіянерка цікавіцца падзеямі не толькі ў свеце і краіне: каб быць у курсе мясцовых падзей, чытае «раёнку».

— Газеты не проста гартаю — чытаю, як кажуць, ад вокладкі да вокладкі. Асабліва люблю чытаць пра сталых людзей — лёсы ў нас падобныя.

Марына Вакульская. Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *