Пятница, 25 мая 2018

Бесконечно жаловаться невозможно. В Закон «Об обращениях граждан и юридических лиц» внесены изменения

753

Змяненні ў Закон “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”, якія днямі ўступілі ў сілу, ускладняць лёс тых, хто любіць паскардзіцца і робіць гэта неабгрунтавана. З гэтага і пачалася наша размова з намеснікам пракурора раёна В.В.Багатырэвіч.жалоба

— Абноўлены Закон, — кажа Вольга Васільеўна, — дае магчымасць арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам звяртацца ў суд для спагнання з заяўніка выдаткаў, панесеных з-за сістэматычна накіроўваемых ім неабгрунтаваных зваротаў ці зваротаў са свядома лжывымі звесткамі. У новым дакуменце ўдакладнілі колькасць такіх зваротаў – памыліцца можна тры разы. Каб вырашыць, гэта абгрунтаваны ці неабгрунтаваны зварот, дзяржорганы ўсё роўна павінны яго апрацаваць. Пры гэтым трацяцца грошы для выезду на месца звароту, паштовыя выдаткі, кансультацыі экспертаў.

— І калі зварот неабгрунтаваны, то…

— Арганізацыя ці індывідуальны прадпрымальнік, у адносінах якіх па зваротах грамадзяніна вялася праверка, змогуць звярнуцца ў суд, каб спагнаць з заяўніка выдаткі, панесеныя з-за разгляду сістэматычна накіроўваемых, неабгрунтаваных зваротаў ад аднаго і таго ж заяўніка.

— Вольга Васільеўна, а прыклады прывесці можаце?

— Напрыклад, летась жыхар горада, якога не задаволіў адказ райвыканкама, такія ж звароты накіраваў у аблвыканкам, КДБ, раённую, абласную і Генеральную пракуратуру… У выніку ўсе яны былі зноў перанакіраваны ў раён, і  службовым асобам давялося толькі множыць па сутнасці тыя ж  адказы. Калі б такая сітуацыя паўтарылася зараз, таго грамадзяніна можна было б смела прыцягваць да адказнасці.

— Але ж неабгрунтаваныя, а то і наогул абсурдныя просьбы грамадзяне выкладаюць не толькі пісьмова, з імі звяртаюцца падчас асабістых прыёмаў і, здараецца, неаднаразова. Сама неаднойчы была сведкай, калі службовыя асобы розных узроўняў улады вымушаны былі губляць свой час на праслухоўванне таго, што проста мроіцца чалавеку…

— Дапаўненнямі ў Закон “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” урэгуляваны асабісты прыём. Цяпер, калі грамадзянін хоча паўторна звярнуцца з тым жа пытаннем, на які яму ўжо далі адказ, у асабістым прыёме яму проста могуць адмовіць. Такі ж вынік будзе чакаць чалавека, калі з ім спынена перапіска. Больш не будзе і прыёму ў “час і дзень”, калі захоча сам грамадзянін. Калі ён звернецца ў непрыёмны час, службовая асоба яму можа адмовіць у прыёме абсалютна законна. Тое ж здарыцца, калі пытанне, з якім звяртаюцца, не ў кампетэнцыі той інстанцыі, куды чалавек хоча трапіць на прыём.

— Змяніліся і патрабаванні да падачы электроннага звароту?

— Найперш хачу нагадаць, што на афіцыйных сайтах прадпрыемстваў і арганізацый абавязкова павінна  быць размешчана інфармацыя аб спосабах падачы такога звароту.  Калі электронны зварот падае не сам заяўнік, а яго прадстаўнік, да электроннага пісьма патрэбна прыкласці  дакументы, якія пацвярджаюць яго паўнамоцтвы. Пры невыкананні такога патрабавання электронны зварот можа быць пакінуты без разгляду. Калі ж для разгляду электроннага звароту неабходна ўказанне персанальных дадзеных, акрамя тых, што ёсць у звароце, заяўніку прапануецца звярнуцца вусна ці пісьмова.

— Што яшчэ, Вольга Васільеўна, заслугоўвае ўвагі ў абноўленым законе?

— Варта ведаць, што цяпер яго дзеянне не будзе распаўсюджвацца на звароты ў адносінах работніка і наймальніка. Зменены і тэрміны, якія даюцца на разгляд зваротаў. У прыватнасці, адлік тэрміну будзе пачынацца не з дня рэгістрацыі звароту, а з наступнага дня. Акрамя таго, пяцідзённы тэрмін, на працягу якога арганізацыі павінны прыняць рашэнне па паступіўшых зваротах, якія не адносяцца да іх кампетэнцыі, будзе вымярацца ў рабочых днях.

Інтэрв’ю ўзяла Галіна Каляда.     

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *