Четверг, 26 апреля 2018

Легко ли в Пружанах найти местную продукцию?

842

Пружаншчына не можа пахваліцца вялікім асартыментам харчовых тавараў мясцовай вытворчасці. Тым не менш, і нам ёсць што прапанаваць свайму спажыўцу.Пружанская продукция 2

Балазе, сёння паліцы нашых магазінаў не пустуюць: у супермаркетах наогул вочы разбягаюцца ад разнастайнасці. І рэдкі пакупнік не звяртае ўвагу на вытворцу: як правіла, ад гэтай акалічнасці залежыць не толькі якасць, але і кошт прадукцыі. Прыемнай тэндэнцыяй стала тое, што на касах з кошыкаў усё часцей дастаюць айчынныя тавары. А яшчэ вельмі хацелася б, каб гэта былі прадукты мясцовай, пружанскай вытворчасці.

Але, на жаль, як паказаў наш маніторынг, жаданне не заўсёды супадае з рэальнасцю. Чыя ў гэтым віна? Як у вытворцаў, так і прадаўцоў ёсць тлумачэнне, але ў кожнага сваё.

З мясцовых харчовых тавараў найбольшай папулярнасцю карыстаецца, напрыклад, прадукцыя ААТ «Пружанскі малочны камбінат». Як будуе рыначную дзейнасць прадпрыемства? Пра гэта расказаў спецыяліст па маркетынгу А.У.Майсяюк.

— Увогуле, сёння нашым спажыўцам даступна такая малочная прадукцыя, як сыр, тварог і сметанковае масла, — удакладняе Аляксандр Уладзіміравіч. — Што тычыцца тварагу, мы працуем на максімальнай магутнасці, таму цалкам можам задаволіць патрэбы раёна. Ва ўсякім разе, выконваем усе заяўкі, якія нам паступаюць. Больш таго, гэты прадукт адгружаецца на Бярозу, Брэст і Мінск: гандлёвыя кропкі заказваюць яго, нягледзячы на тое, што тэрмін рэалізацыі складае менш тыдня.

У выпадку з тварагом козырам з’яўляецца не толькі якасць прадукта, але і прымальны кошт.

Паводле лічбаў маркетынгавай службы малочнага камбіната, даволі запатрабавана ў пружанцаў і сметанковае масла тлустасцю 72,5%. Дарэчы, сёння гэты прадукт можна купіць ва ўсіх магазінах горада, акрамя «Mart Inn».

Галоўным накірункам перапрацоўкі па-ранейшаму застаецца сыраробства: тут вырабляюць каля трох дзясяткаў відаў сыроў. Больш 80% ад іх агульнага аб’ёму  адпраўляецца на экспарт. Праўда, у сувязі з рэзкімі скачкамі курсаў валют рэалізацыя прадукцыі за межамі рэспублікі ўжо не прыносіць ранейшых прыбыткаў. Спецыялісты выказваюць меркаванне, што цяпер часам больш выгадна выходзіць на ўнутраны рынак. Але…

— Прадстаўніцтваў ці так званых дылераў прадпрыемства ў Беларусі няма. Збытам займаецца выключна маркетынгавая служба: працуем як з рознічным гандлем, так і з аптовымі базамі. З магазінамі райспажыўтаварыства наладзіць супрацоўніцтва значна прасцей. А вось з рознічным сеткавым гандлем справы абстаяць інакш: каб трапіць на паліцы такіх мясцовых магазінаў, як «Еўраопт», «Белмаркет», «Mart Inn», трэба атрымаць заяўку з галоўнага размеркавальнага цэнтра, супрацоўнікі якога аналізуюць  прапановы і цэны, пасля чаго расстаўляюць прыярытэты ў выбары пастаўшчыкоў.

Таму па прычынах, якія не залежаць ад самога ААТ «Пружанскі малочны камбінат», напрыклад, у магазіне «Mart Inn» вы наогул не знойдзеце мясцовай «малочкі», а ў «Белмаркеце» — у вельмі абмежаваным асартыменце.Пружанская продукция 5

Мясцовым сырным гурманам могуць толькі параіць часцей завітваць у фірменныя крамы прадпрыемства: там мясцовая малочная прадукцыя — у тым ліку сыры прэміумнага класа — прадстаўлена амаль у поўным асартыменце.

Мясцовыя прадпрыемствы вырабляюць не толькі малочныя прадукты,  але і хлеб, кансерваваную агародніну, безалкагольныя напоі, сокі і рыбныя прэсервы, мясныя паўфабрыкаты, кулінарную прадукцыю…

Але ці ўсюды можна набыць усе гэтыя прадукты?

Як паказаў наш маніторынг, у поўным аб’ёме названы асартымент прадстаўлены толькі ў магазінах райспажыўтаварыства, а вось у супермаркетах райцэнтра — толькі адзінкі. Напрыклад, у першай палове дня ў мінулую пятніцу  ў «Белмаркеце» з мясцовых вырабаў прадаваўся толькі пружанскі хлеб, у «Еўраопце» — таксама хлеб і агароднінныя салянкі нашага кансервавага завода. У магазіне «Mart Inn» нам наогул не ўдалося знайсці што-небудзь пружанскае.

Здаецца, значна танней даставіць пакупнікам, напрыклад, яйкі з Аранчыцкай птушкафабрыкі, чым прывозіць тое ж самае з Баранавічаў, Салігорска і нават з Магілёўшчыны. Але ж менавіта прадукцыя гэтых рэгіёнаў пануе на прылаўках супермаркетаў. Хаця ў фірменным магазіне Аранчыцкай птушкафабрыкі часам ствараецца нават чарга, што сведчыць аб павышаным попыце яе прадукцыі.Пружанская продукция 7

Як расказвае загадчыца цэнтральнага ўніверсама Ж.В.Ліцкевіч, раённаму спажыўтаварыству выгадней супрацоўнічаць менавіта з мясцовымі вытворцамі.

— Па-першае, транспартныя расходы значна ніжэйшыя, а па-другое, шчыльны кантакт дазваляе пастаянна трымаць «руку на пульсе» попыту,— расказвае Жанна Васільеўна.— Таму ў нас створаны асобныя паліцы менавіта для пружанскіх прадуктаў.

Хаця, на думку загадчыцы магазіна, ёсць тлумачэнне таго, чаму мясцовая харчовая прадукцыя не мае попыту ва ўсіх гандляроў. Найперш здзіўляюць мясцовыя падыходы да цэнаўтварэння: чаму прывезены з Ляхавічаў або Гарыні таматны соус дзешавейшы за мясцовы? Такі нонсэнс мы заўважылі ў адным з супермаркетаў, дзе быў выстаўлены прывезены з Расіі бярозавы сок… удвая таннейшы за аналагічны тавар Пружанскага кансервавага завода. Гэта характэрна і для сокаў, безалкагольных напояў, некаторых іншых прадуктаў.

А, можа, сапраўды самі вытворцы павінны перагледзець падыходы па насычэнні мясцовага рынку сваімі таварамі?

Магчыма, пакупнікам не так ужо і важна, які вытворца ўказаны на этыкетцы.

Ці купляюць тавары мясцовых вытворцаў пружанскія спажыўцы?

Ірына Пасевіч:IMG_5614

— Канешне, харчовая прамысловасць у раёне не настолькі развітая, каб заваліць нашы сталы прадуктамі. Тым не менш, тое-сёе ў нас вырабляюць, і, калі ёсць альтэрнатыва, бяру пружанскае. Калі смятану на паліцах шукаю бярозаўскую, дык масла, сыр і тварог — толькі пружанскія.

Хочацца адзначыць і прадукцыю мясцовага кансервавага завода. Хаця і раблю на зіму нарыхтоўкі, усё роўна не магу стрымацца, каб не купіць варэнне з парэчак пад брэндам «Пружанскі слоік» — вельмі ўжо смачнае. Гаспадыні значна палягчаюць жыццё кансерваваныя расольнік і боршч: з іх можна хутка прыгатаваць смачнае першае, а галоўнае — з мінімумам кансервантаў.

Людміла Коваль:IMG_5611

— Абавязкова звяртаю ўвагу на этыкеткі як на харчовых, так і на прамысловых таварах. І мэтанакіравана аддаю перавагу свайму, беларускаму. Што тычыцца прадуктаў харчавання, на Пружаншчыне вырабляюць нямала тавараў, якія, на мой погляд, здольны скласці канкурэнцыю іншым вытворцам. У мой кошык у магазіне трапляюць, напрыклад, тварог і цвёрдыя сыры толькі Пружанскага малкамбіната.

На жаль,  давялося звыкнуцца з адсутнасцю мясцовых кефіру і смятаны, а цяпер — і пастэрызаванага малака. Хлебабулачныя вырабы нашага завода падкупляюць не толькі смакам, але і цаной. Добрыя суадносіны цаны-якасці ў мясных паўфабрыкатаў, якія вырабляюць на ФПР «Камбінат кааператыўнай прамысловасці». А яшчэ нашай сям’і падабаюцца пружанскія кандытарскія вырабы.

Увогуле, ёсць нямала айчынных вытворцаў, якія прапануюць цудоўныя рэчы: пры жаданні можна знайсці прыгожыя мадэлі адзення, абутку. Ва ўсякім разе, лічу беларускія рэчы лепшыя за тыя, што сёння прапануюць на рынках.

Вольга Дрозд:IMG_5625

— Здаецца, у раёне не знойдзецца такога спажыўца, які сказаў бы, што яму не падабаецца прадукцыя пад брэндам «Шчодрая масленіца». Сметанковае масла, канешне, не таннае, але цана і якасць тварагу задавальняюць. Праўда, калі смачнейшага за пружанскую «цаглінку» хлеба няма, дык батон больш падабаецца ад брэсцкіх пекараў. Даспадобы і кансерваваная прадукцыя ў слоіках, накшталт салянкі, баршчу. Але сокі пружанскія не купляем: цана высокая, а ўпакоўка нязручная — без закруткі.

А яшчэ хочацца згадаць, што не раз купляла камплекты пасцельнай бялізны, якія шыюць у лячэбна-вытворчых майстэрнях «Магілёўцы». Прывабліваюць якасцю і цаной.

Падрыхтавалі Алег Сідарэнка, Марына Вакульская.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *