Пятница, 21 сентября 2018

В Пружанах пенсионеры с удовольствием изучают итальянский язык

1 296

Хто сказаў, што на пенсіі жыццё становіцца сумным, губляе фарбы ці ўвогуле амаль што заканчваецца? Не кажыце пра гэта наведвальнікам аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту: у іх цяпер няма вольнага часу, каб забіваць галаву падобнымі глупствамі.IMG_4035

Аддзяленне адкрылася зусім нядаўна на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Для Пружан гэта абсалютна новая форма работы з пажылымі людзьмі.

— Мы прымаем пенсіянераў старэй 60-гадовага ўзросту, якія ўжо не працуюць. Такія людзі абсалютна бясплатна могуць атрымаць кансультацыйна-інфармацыйную, сацыяльна-бытавую, сацыяльна-пасрэдніцкую і іншыя паслугі, — расказвае загадчыца аддзялення Марына Кавальчук.

Прасцей кажучы, тут ладзяць вольны час для пажылых людзей з дапамогай гурткоў і клубных аб’яднанняў. Заняткі праходзяць у будынку былога «Водаканала» па вуліцы Піянерскай пяць разоў на тыдзень з 8 да 17 гадзін. Актыўным, неабыякавым, творчым асобам, якія на заслужаным адпачынку імкнуцца жыць насычана і цікава, прапануюць заняцца самаразвіццём.

Такіх знайшлося ўжо каля чатырох дзясяткаў чалавек. Некаторыя праводзяць у аддзяленні амаль увесь дзень — вывучаюць віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці, авалодваюць новымі тэхнікамі вязання, вучацца вакалу і нават вывучаюць замежную мову. Згодна з журналам наведвальнасці, самымі актыўнымі  з’яўляюцца М.М.Панкратава, А.А.Севасцьянава, С.С.Карпей…

Жадаючыя нават пачалі вучыць італьянскую мову. Праводзіць заняткі з пенсіянерамі сама Марына Аляксандраўна, адна са спецыяльнасцей, якую яна атрымала ў ВНУ, — перакладчык. Вынікі пяці заняткаў відавочны: вучні ўжо ведаюць алфавіт, дзве італьянскія песні і прыступілі да вывучэння граматыкі.IMG_4065

Адна з самых старанных вучаніц Валянціна Мажэйка просіць мяне называць яе проста па імені і тлумачыць чаму:

— Мы ўсе тут вучні, аднолькавыя, без уліку займаемых некалі пасад. А галоўнае — у нас пачалася другая маладосць. Падчас сустрэч у аддзяленні можна знайсці сяброў, цікава бавіць час і нават даць размінку для мозга, каб не «чарсцвеў».

Жанчына расказвае, што большую частку  жыцця правяла ў Брэсце, але, калі выйшла на заслужаны адпачынак, вярнулася на малую радзіму. Нягледзячы на неразуменне з боку некаторых знаёмых: як, маўляў, можна было пакінуць вялікі горад, ні разу не пашкадавала аб пераездзе. На яе думку, у Пружанах усё даступна — вечары адпачынку, творчыя сустрэчы з цікавымі людзьмі, пасяджэнні клубаў, заняткі для здаровага ладу жыцця.

Сапраўднымі актывістамі тут называюць тых, хто прыязджае на заняткі з іншых населеных пунктаў: Р.М.Ялавая, напрыклад, ездзіць з Новых Засімавічаў, Т.А.Піўнева — з Лінова, М.М.Чайкоў — з Малых Якавічаў, а Л.Р. Алешка наогул дабіраецца са Шчарчова.

Самым наведваемым з’яўляецца вакальна-харавы гурток «Забава», які вядзе В.А.Каробка. Валянціна Антонаўна ставіцца да заняткаў з сур’ёзнасцю і строга пытае з вучняў. Тых, у каго не адразу ўсё атрымліваецца, з усмешкай супакойвае: «Калі мядзведзя можна навучыць ездзіць на матацыкле, дык і чалавека — спяваць». Іншы раз сустрэчы гурткоўцаў пераходзяць у культурна-масавыя мерапрыемствы. Так, нядаўна сапраўднае свята пенсіянеры ўстроілі з нагоды дня нараджэння сваёй настаўніцы.

На жаль, з задуманага ніяк не ўвасобіцца ў жыццё абучэнне камп’ютарнай грамаце: пакуль няма сродкаў для пакупкі разумнай тэхнікі, з якой пенсіянеры так  жадаюць стаць на «ты».

І хаця не ўсе выкладаемыя ў аддзяленні дзённага знаходжання пенсіянераў навукі даюцца лёгка, але з дапамогай цярплівых настаўнікаў, перакананы сівавалосыя вучні, усё ім па сілах.

На здымку: урок італьянскай мовы вядзе Марына Кавальчук.

Марына Вакульская (фота аўтара).

Один комментарий

  • Анна

    Марина, умничка!!! Твоей энергии и оптимизма хватит на многие добрые дела!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *