Вёска Лазоўка некалі налічвала з паўсотні хат. Цяпер жылых тут засталося толькі дзве… Адна з іх — на вуліцы Партызанскай, дзе пражываюць муж з жонкай Іван Фёдаравіч і Серафіма Мікалаеўна Шанюкі.
Прабіраемся па заснежанай вуліцы: ні каляіны ад машыны, ні следу ад нагі чалавечай. Мясцовых “партызан” выдае па-гаспадарску пачышчаны ад снегу двор. Яшчэ дужы пажылы мужчына адстаўляе у бок заснежаную лапату і запрашае ў хату.
Як аказалася, гэтыя, верныя сваёй вёсцы і адзін аднаму людзі хутка адзначаць 60-годдзе сумеснага жыцця. Хаця разам яны ўжо больш за восемдзесят… Як расказваюць, абодва з Лазоўкі, па-суседству жылі, разам раслі, так і пажаніліся.
Усё сваё працоўнае жыццё Іван Фёдаравіч і Серафіма Мікалаеўна прысвяцілі працы ў калгасе “Перамога”. Яна шчыравала ў паляводстве, ён звыш сарака гадоў адпрацаваў шафёрам. Заўсёды трымалі вялікую ўласную гаспадарку. Цяпер у іх толькі каты ды сабачкі. Трымаць карову і каня, як некалі, здароўе не дазваляе, а свойскую птушку шулякі не даюць.
—Усіх курэй павыносілі, — скардзіцца гаспадар.
—Цяжка некалі працавалі, — расказвае Серафіма Мікалаеўна, — усё рабілі ўручную. Бульбу саджалі, палолі і капалі толькі рукамі. Адных буракоў даводзілася па гектару палоць.
Аднак, як зазначаюць Шанюкі, і з суседзямі па-людску жылі, і дзяцей добрых выгадавалі. Сын Леанід, як і бацька, працуе вадзіцелем. Ганарацца яны і дачкой Валянцінай – педагогам па прафесіі. Ды і пра ўнукаў і праўнукаў нагаварыцца не могуць. Унукі амаль што выраслі ў вёсцы: у грыбы і ягады бегалі, ды і з нялёгкай вясковай працай тут пазнаёміліся. Цяпер ужо самі ўнукі клапоцяцца пра дзядулю з бабуляй, прыязджаюць, дапамагаюць.
Не забываюць пра іх і прадстаўнікі мясцовай улады. Рэгулярна з “Раённымі буднямі” спяшаецца паштальёнка, прыязджае ў вёску аўталаўка.
—Раней гэты магазін на колах, — кажа Іван Фёдаравіч, — ажно тры разы на тыдзень да нас прыязджаў. Дык мы сказалі, каб ездзілі радзей, хопіць і двойчы. Навошта машыну ганяць?
Лазоўка, якая раней звінела дзіцячым смехам, цяпер сіратліва сцішылася. Каб было лягчэй бацькам, запрашаюць дзеці пераехаць да іх і Івана Фёдаравіча з Серафімай Мікалаеўнай.
—Ну і чаго вы не едзеце са свайго “партызанскага” краю? – пытаюся.
—Дык тут весела: зайцы, лісы бегаюць, птушкі лятаюць! А што там, у горадзе?
Галіна Каляда, фота аўтара.