Суббота, 20 января 2018

Крыж айца Фамы

660

Некалі мне здавалася, што гісторыя кожнага асобнага месца, кожнага перыяду жыцця мае свае дакладныя пачатак і заканчэнне. Але ж цяпер ведаю: на самой справе яна падобна на пакамечаны, неахайна зматаны скрутак нітак. Тузанеш за кончык, каб разблытаць, але аказваецца, што гэта — не пачатак клубка, а так, нейкі абгрызак з сярэдзіны тырчыць. Выцягваеш нарэшце доўгую нітачку, а яна шчыльным вузельчыкам пераплялася з іншай…

Напэўна, таму і гісторыкаў пастаянна абвінавачваюць у падтасоўванні фактаў, перапісванні мінуўшчыны. А яны ж і не вінаватыя: проста аднаму падабаецца чырвоная нітка, другі цягне за белую, трэцяга нехта ў бок штурхае: шукай, маўляў, толькі чорную, чацвёрты самы заблытаны кавалак нажніцамі выража і выкіне…

Дзе ўзяць столькі ўмення і цярпення, каб разблытаць клубок падзей з пачатку да канца? Як зразумець, што мінулае краіны нельга размаляваць ні ў чорны, ні ў белы, ні нават у колеры дзяржаўнага сцяга? Яно такое, якім было.

Фама Клюка — фельдфебель царскай арміі.
Фама Клюка — фельдфебель царскай арміі.

**

Восенню 2014 года я рыхтавала артыкул да 100-годдзя царквы ў Аранчыцах Пружанскага раёна. Як звычайна бывае, напісала – і занялася іншай тэмай. І нават падумаць не магла, што тая вандроўка па дарогах часу атрымае свой працяг, а гісторыя Крыжаўзвіжанскага храма акажацца ў пэўнай ступені пераплеценай з зусім, здавалася б, іншымі падзеямі. Адпраўной кропкай стаў лёс аднаго чалавека – Фамы Лук‘янавіча Клюкі.

Жыхарка Аранчыцаў Зоя Фамінічна Мяшкова беражліва захоўвае сямейны архіў. Альбомы з фотаздымкамі, пісьмы, паслужныя спісы… Але самае каштоўнае, што ёсць у гэтай сталай жанчыны, — гэта яе памяць аб мінулым, яе жыццёвая мудрасць.

Бытавыя клопаты вясковага святара нічым не адрозніваліся ад сялянскіх.
Бытавыя клопаты вясковага святара нічым не адрозніваліся ад сялянскіх.

За цікавай гутаркай час ляціць непрыкметна.  Аповяды матушкі Зоі пра былое такія вобразныя і яркія, што нібы ўвачавідкі адкрываюцца мне шляхі-дарогі, якімі прайшоў протаіерэй Фама.

Дарога  жыцця

Чацвёртае дзіця ў сям‘і  Лук‘яна Клюкі назвалі Фамой. Зразумела, падчас таінства хрышчэння ніхто і ўявіць не мог, што цярністы і пакутніцкі шлях служэння Богу, падобна  святому апосталу Фаме, давядзецца прайсці і яму.  Ды наогул  простыя сяляне з Камянецкага прадмесця Замасты наўрад ці задумваліся, якім чынам выбар імя можа прадвызначыць лёс хлопчыка: бацюшка па святцах як трэба назаве.

Хаця Лук‘ян Васільевіч не быў такім ужо “простым” непісьменным вяскоўцам. Ён адслужыў 15 гадоў у арміі, куды ўзяты быў па рэкруцкім наборы, удзельнічаў у Крымскай вайне 1855 года, меў нават медаль у памяць аб гэтых падзеях. Адным словам, прайшоў агонь, ваду і медныя трубы. Ажаніўся позна, пасля рэкрутчыны, але за 17 гадоў у шлюбе паспеў стаць бацькам пяцярых дзяцей (яшчэ двое памерлі маленькімі).

Фама  нарадзіўся 10 снежня 1884 года. Напэўна, ад бацькоў і сялянскіх продкаў займеў ён працавітасць і прагу да ведаў, а ад свайго хрысціянскага заступніка – мару стаць святаром.

Пасля Камянецкай чатырохкласнай школы Фама Лук‘янавіч скончыў царкоўна-настаўніцкую школу ў Трасцянцы  і – у 1906 годзе – аднагадзічныя царкоўна-пеўчыя курсы ў Гродне. Працаваў псаломшчыкам у Сакольскім павеце. Не тое, каб расчараваўся ў выбраным шляху, але не знайшоў паразумення з настаяцелем царквы, чалавекам жорсткім і патрабавальным, і праз якія паўгода вырашыў пайсці ў армію. 15 лістапада 1906 года па жэрабі ён быў прыняты на тэрміновую ваенную службу. Адукаванага юнака адразу залічылі вучнем у пісарскі клас, а пасля заканчэння вучобы накіравалі ў Варшаву, у акруговае артылерыйскае ўпраўленне. Тут ён даслужыўся да фельдфебеля і застаўся на звыштэрміновую службу з мэтай трымаць экзамен на ніжэйшы афіцэрскі чын, але па сямейных абставінах у 1911 годзе звольніўся ў запас, вярнуўся дадому.

На гэтым этапе жыцця малады чалавек усур‘ёз вырашыў звязаць свой далейшы шлях з педагогікай: экстэрнам здаў экзамен за  6 класаў гімназіі, вытрымаў і іспыты на званне настаўніка народных школ пры камісіі Варшаўскай навучальнай акругі. Напярэдадні Першай сусветнай вайны ён ужо працаваў у Петракоўскай мужчынскай гімназіі.

Ды толькі надышоў 1914 год — і Фама Клюка зноў апранае вайсковую форму. “То прыкладвалі пагоны, то здымалі”, — разважаў ён потым.

На перадавую не накіравалі: добра ведаючы справаводства, акуратны і педантычны фельдфебель служыў у Віленскім тылавым эвакуацыйным пункце. За сваю адказнасць і стараннасць атрымаў узнагароды: цёмна-бронзавы медаль за працу па выкананні ўсеагульнай воінскай мабілізацыі, два сярэбраныя нагрудныя медалі “За усердие”.

Дарога  лёсу

Пабываў Фама Клюка і ў палоне ў “першых немцаў”.  Гэта ўжо калі разгарэўся пажар рэвалюцый у Расіі і першая сусветная фактычна скончылася, але пачаліся тэрытарыяльныя спрэчкі і канфлікты. Магчыма, менавіта ў гэты час і адчуў ён яскрава, што жыццё яго перадвызначаецца звыш. Калі ўжо, здавалася, не было ніякага выйсця з сітуацыі, яго выкупіў з палону жыхар Вільны Іван Баліцкі. Проста так, у знак сяброўства. Як тут не ўзгадаць апостала Фаму, які ў свой час “праз зачыненыя дзверы вязніцы выйшаў на волю”.

Падарунак нечаканага дабрадзея  – мініяцюрная кніжачка “Псалтыры” з памятным надпісам – беражліва захоўваецца нашчадкамі як сямейная рэліквія.

Але дадому Фама Лук‘янавіч так пакуль і не даехаў: у Баранавічах сустрэў Соф‘ю, будучую жонку. Гэтую сустрэчу ён лічыў другім падарункам лёсу.

Спаса-Праабражэнская царква ў Дзмітровічах сёння.
Спаса-Праабражэнская царква ў Дзмітровічах сёння.

Знакавыя падзеі падштурхнулі яго да ажыццяўлення даўняй мары: напрыканцы ліпеня 1921 года Фама Клюка быў рукапакладзены ў святары, служыў у цэрквах Баранавіцкага благачыння і толькі ў красавіку 1926 года трапіў бліжэй да родных мясцін, стаў настаяцелем Спаса-Праабражэнскага храма ў Дзмітровічах, кіламетрах у дзесяці ад Камянца.

Наступныя 13 гадоў сталі самымі шчаслівымі ў жыцці сям‘і. Нарадзіліся дочкі Вера і Зоя. Айцец Фама клапаціўся аб вялікім прыходзе, добраўпарадкаваў старажытную царкву, выкладаў рэлігію ў мясцовай школе — у 1935-м годзе ён сам і займаўся арганізацыяй яе будаўніцтва. І няхай сабе праваслаўныя малебны пісаліся на польскай мове, а святару даводзілася весці ўласную гаспадарку, як звычайнаму селяніну (працавалі цяжка, але ж не бедствавалі), затое над галавой было мірнае неба.

…Як аказалася, мір пратрымаўся нядоўга. У верасні 1939-га, калі фашысцкая Германія захапіла Польшчу, Дзмітровічы зноў аказаліся “пад немцамі”. Пакуль толькі на некалькі дзён: згодна з Брэсцкімі  дамовамі Заходняя Беларусь далучылася да Савецкай Расіі. Немцы адышлі на захад і тыдні два ў лясной вёсцы было безуладдзе. Вяскоўцы баяліся марадзёрства, самі вартавалі па начах. І з нецярпеннем чакалі “Саветаў”.

А калі тыя прыйшлі… Сястра Фамы Марыя Лук‘янаўна пайшла на сход, які адразу сабралі ў вёсцы. Галоўнае пытанне цікавіла мужыкоў: ці будуць пры новай уладзе падаткі? “Нет! – цвёрда адказаў упаўнаважаны, — податков не будет однозначно. Никаких податков! Теперь будут налоги!”

Беларускія сяляне марылі пра змены, але яны аказаліся не зусім такімі, як сабе ўяўлялі. У першую чаргу давялося зведаць слова “дэфіцыт”. У школе неактуальнымі сталі старыя, польскія, падручнікі, але новых так і не прывезлі. Зніклі не толькі вокладкі ды ўсялякія іншыя дробязі, нават сшыткаў не хапала, дык хлопцы сцягнулі ў сельсавеце непатрэбныя квіткі на былыя “падаткі”, на іх зваротным баку можна было пісаць. Бедна апранутыя рускія настаўніцы дзівіліся прыгожаму адзенню мясцовых дзяўчат і нават – па няведанні – вышытыя начныя сарочкі апраналі на танцы.

Але самае цяжкае — адносіны да царквы і святароў на дзяржаўным узроўні зусім іншымі сталі. Так што людзі – хто па перакананні, а хто і з боязі — вымушана ўзялі курс на атэізм, многія паскідвалі іконы з чырвоных кутоў.

Што было, калі немцы зноў вярнуліся ў чэрвені 41-га! Вярталі тэрмінова іконы на месца, шукалі крыжыкі. У некаторых вёсках на суседняй Кобрыншчыне звычай быў: на надмагільным крыжы нацельны крыжык пакідаць. Дык усе гэтыя крыжыкі з могілак пабралі.

Дарога да храма

Царкоўны дом у Дзмітровічах быў вялізны, з шасці пакояў. Яго насельнікаў значна пацяснілі: пасялілі 40 немцаў з падраздзялення, якое займалася пошукам партызан у Белавежскай пушчы. Нестраявыя гэта вайскоўцы былі, многія пажылыя ўжо. З няпрошанымі “суседзямі” жылі ў згодзе (а якія яшчэ варыянты?). Але з-за іх цяпер баяліся партызан: калі раптам на гэты батальён нападуць, то ўсім мала не здасца. Немцы па начах выходзілі на сваю “працу”, днём адсыпаліся, па чарзе даілі гаспадарскія каровы, гралі на губных гармоніках…

Насупраць, у школе, на другім паверсе жылі настаўнікі, а два класы ўнізе аддалі пад жандармерыю. Перавезлі будынак школы з вёскі Ражкоўка, што ў сямі кіламетрах, у ім размясціўся амскамісарыят. Увялі каменданцкі час. Цяпер забаранялася пасля 9 вечара хадзіць па вуліцы, парушэнне распарадку пагражала мясцовым жыхарам начоўкай у жандармерыі.

Ва ўмацаваных такім чынам Дзмітровічах жахаў вайны нібыта і не ведалі. Затое Ражкоўка ледзь не паўтарыла лёс вёскі Байкі на Ружаншчыне. Ці, правільней сказаць, ледзь не апярэдзіла, мяркуючы па часе: шматпакутныя Байкі былі знішчаны 22 студзеня 1944 года. Расстрэл жыхароў Ражкоўкі — прызначаны на 28 верасня 1942-га.

Апошнім часам нямала публікацый можна знайсці ў друкаваных і інтэрнэт-выданнях пра Ражкоўскі цуд — з‘яўленне нямецкаму афіцэру Багародзіцы, адмену карнай аперацыі, узвядзенне ў вёсцы царквы ў памяць гэтага…

Але адна справа — чытаць пра тое, што здарылася ў невядомых табе мясцінах з незнаёмымі людзьмі, і зусім іншая — нечакана пачуць у размове з матушкай Зояй: «А царкву ў Ражкоўцы тата будаваў»…

Лясную вёску Ражкоўку партызаны наведвалі рэгулярна: ведалі, што знойдуць падтрымку ў тутэйшых жыхароў. Але ў ведамстве рэйхсмаршала Герынга, якому ў падпарадкаванне была аддадзена Белавежская пушча, жартаваць не любілі. Любое супрацьдзеянне новаму парадку адсочвалася і жорстка каралася.

Падчас асвячэння царквы ў Ражкоўцы 22 студзеня 1943 г.
Падчас асвячэння царквы ў Ражкоўцы 22 студзеня 1943 г.

Зоя Фамінічна на свае вочы бачыла алею смерці ў Белавежы, дзе вучылася ў прыватнай школе. У «царскім сяле», куды некалі з‘язджаліся на паляванне манархі (дарэчы, да Першай сусветнай вайны гэтая тэрыторыя ўваходзіла ў Пружанскі павет), быў вельмі прыгожы  храм.  Падчас бамбёжкі ў першы ж дзень гітлераўскага нападу на Польшчу — 1 верасня 1939 года ў алтарную частку яго трапіў снарад. Службы святар Клаўдзій Пушкарскі праводзіў у маленькай цэркаўцы на могілках, а тут працяглы час так і панавала запусценне. Паабапал дарогі, якая вяла да храма, стаялі зламаныя, пасечаныя асколкамі дрэвы. Карнікі выкарыстоўвалі  іх у якасці шыбеніц.

—Страхоцце, — змахвае слязінку са шчакі матушка Зоя.

Святароў немцы не чапалі, нават прывозілі французскае чырвонае віно для прычасця ў аплеценых саломай бутлях.  А калі  згарэлі храмы ў вёсках Белая і Вялікі Лес (самі ж і спалілі!), дазволілі сялянам пабудаваць царкву ў Ражкоўцы. Для гэтых мэт перавезлі будынак былой леснічоўкі.

Але…

Карная аперацыя была прызначана на 28 верасня 1942 года. Прапланавана з нямецкай дакладнасцю:  пералічылі і канфіскавалі на патрэбы арміі свойскую жывёлу і птушку, вызначылі, што малых дзяцей павінны забраць жыхары суседніх вёсак (айцец Фама з матушкай прытулілі ў сябе траіх), моладзь выедзе на работы ў Германію, а астатнія…

Астатніх аказалася  276 чалавек.  Пад вартай карнага батальёна яны крочылі ад вёскі да месца расстрэлу — вялізнага рова, які капалі па загаду два дзясяткі аднавяскоўцаў. Плакалі, маліліся, як хто ўмеў.

Гэты кіламетр да будучай брацкай магілы стаў самым страшным шляхам у іх жыцці. Дзве гадзіны чакання пад прыцэлам кулямётаў здаліся  вечнасцю.

Але здарыўся цуд: сама Божая Маці заступілася за няшчасных. Замест загаду аб расстрэле  камандзір батальёна аховы люфтвафе Белавежскай пушчы маёр Хербст прывёз дазвол на памілаванне. Не проста адпусцілі асуджаных на смерць: вярнулі  назад тых, каго збіраліся везці ў рэйх, аддалі ўсю канфіскаваную маёмасць і жывёлу.  Толькі трое ці чацвёра чалавек, якіх непасрэдна абвінавачвалі ў  сувязях  з партызанамі, забралі ў Белавежу. Напэўна, яны скончылі жыццё на тых дрэвах-шыбеніцах каля царквы.

Пасля жанчыны ўспаміналі, што, узняўшы рукі ў апошняй малітве, убачылі ў небе абраз Багародзіцы ў сінім покрыве з немаўлём на руках…

Злева направа: святары Анатоль Кунцэвіч, Пётр Самайловіч і маёр Эміль Альберт Генрых Пауль Хербст.
Злева направа: святары Анатоль Кунцэвіч, Пётр Самайловіч і маёр Эміль Альберт Генрых Пауль Хербст.

Царкву ў Ражкоўцы асвячалі 22 студзеня 1943 года — у гонар Казанскай Божай Маці. Маёр Хербст і яшчэ некалькі нямецкіх афіцэраў прыехалі на гэтую ўрачыстасць. У асвячэнні прымалі ўдзел дзмітровіцкі святар Фама Клюка, белавежскі — Клаўдзій Пушкарскі, агародніцкі — Пётр Самайловіч і, зразумела, Анатоль Кунцэвіч, які стаў першым настаяцелем новага храма. Потым падышлі да расстрэльнай ямы: яе загадана было не закопваць як мінімум год — у «выхаваўчых» мэтах.

У памяць аб цудоўным выратаванні маёр да гадавіны гэтай даты перадаў ікону, выразаную на дрэве. Казалі, выразаў яе нейкі нямецкі салдат у шпіталі, але на самай справе хто ведае таго майстра…

—Яна спачатку проста лакам пакрыта была, — кажа матушка Зоя. — Пазней ужо яе расфарбавалі.

(Працяг будзе)

Ірына Сядова.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *