Суббота, 22 сентября 2018

Ко Дню белорусской науки: главное — накопить опыт

643

У калектыве РУП «Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» чатыры супрацоўнікі, якія маюць навуковую ступень кандыдата сельскагаспадарчых навук. У іх ліку А.М.Чырко, якая дзесяць гадоў займае пасаду вучонага сакратара. Аб жыцці навуковай установы, ролі навукі ў аграрнай галіне сёння яна расказвае нашаму карэспандэнту.IMG_5557

— Алена Міхайлаўна, якім быў Ваш шлях у навуку?

— Нарадзілася ў вёсцы Бортнавічы. Маці працавала паляводам, а бацька загадчыкам рамонтных майстэрняў. З адзнакай закончыла Пружанскі саўгас-тэхнікум па спецыяльнасці аграномія. Свой працоўны шлях пачынала ў калгасе імя Леніна, па накіраванні якога стала студэнткай Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміі імя К.А. Ціміразева.

На доследнай станцыі працую з 2000 года. Пачынала малодшым навуковым супрацоўнікам у аддзеле насенняводства і сартавой агратэхнікі збожжавых культур. Кандыдацкую дысертацыю абараніла ў 2006 годзе.

— А ці былі ў школе любімыя прадметы і аб чым больш за ўсё марылі ў дзяцінстве?

— Вучылася я ў Загорскай СШ, а любімым прадметам была літаратура. Любоў да кнігі засталася і цяпер.

У дзяцінстве марыла хадзіць у музычную школу і вучыцца граць на баяне. На жаль, у той час такой магчымасці не было. Але мара ўсё ж збылася: я самастойна асвоіла гэты музычны інструмент і цяпер часам бяру яго ў рукі.

— Алена Міхайлаўна, а цяпер не шкадуеце, што звязалі свой жыццёвы шлях з навукай?

— Аб тым, што пайшла ў навуку, ніколькі не шкадую. Здаецца, я тут свой чалавек.

За гэта я вельмі ўдзячна бацькам, а таксама сваім выкладчыкам, якія ўмацавалі веру займацца навукай.

— Ці ёсць у Вас любімыя сельгаскультуры?

— Самыя любімыя  —  прасяныя культуры: проса, чуміза, магар. І мая кандыдацкая дысертацыя прысвечана пытанням вырошчвання проса ва ўмовах паўднёвага захаду Беларусі.

— Алена Міхайлаўна, сёлета доследная станцыя адзначае 60 гадоў з дня свайго заснавання. Якія галоўныя падзеі на гэтым гістарычным шляху лічыце самымі галоўнымі?

— За прайшоўшы адрэзак часу зроблена нямала. У прыватнасці, выведзены сорт лубіну «міхал», суданскай травы «пружанская», чумізы «золушка», раяніраваны падвой яблыні «ПБ-16». Распрацаваны занальныя тэхналогіі вырошчвання алейнага лёну і сланечніку на алейнае насенне.

Закладзены прамысловы сад на плошчы 150 гектараў, пабудаваны сховішчы для садавіны і бульбы.

— А ў чым павінна, на Вашу думку, заключацца роля аграрнай навукі на сучасным этапе?

— Хочацца бачыць канчатковы вынік нашай работы — укараненне ў вытворчасць навуковых распрацовак. А ўвогуле, калі глядзець больш шырока, то ў навуцы нават адмоўны вынік мае сваё значэнне. Самае галоўнае — гэта накапленне вопыту і ведаў як у раслінаводстве, так і жывёлагадоўлі.

— Алена Міхайлаўна, а што для Вас азначае сям’я?

— На маю думку, сям’я — гэта самае галоўнае, што ёсць у жыцці кожнай жанчыны. У мяне яна невялікая — муж і сын школьнік. Прапаноўвалі больш высокую пасаду, але я адмовілася на карысць сям’і.

— Чаго б Вы хацелі пажадаць калектыву доследнай станцыі напярэдадні прафесійнага свята?

— Хочацца павіншаваць усіх супрацоўнікаў, а таксама нашых ветэранаў з надыходзячым прафесійным святам. Пажадаць моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, а таксама цярпення і аптымізму.

Гутарыў Мікола Архуцік.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *