Пятница, 29 марта 2024

У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” адкрылася выстава, на якой прадстаўлены рабочыя рукапісы сусветна вядомага беларускага перакладчыка, нашага земляка Васіля Сёмухі

2 284

18 студзеня ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” адкрылася новая выстава, на якой прадстаўлены рабочыя рукапісы  сусветна вядомага беларускага перакладчыка Васіля  Сяргеевіча Сёмухі, якія ён перадаў летась на сваю радзіму – Пружаншчыну.  Пераклады з розных моў свету (нямецкай, польскай, латышскай, лацінскай, іспанскай, нарвежскай, армянскай, украінскай і інш.) – вынік тытанічнай ахвярнай паўвекавой працы, якая заслугоўвае пільнай ўвагі і  глыбокага вывучэння літаратуразнаўцамі і навукоўцамі. Гэта абсалютна ўнікальны, шматтысячны слоўнік нашай мовы, на якой загаварылі героі Гётэ і Шылера, Гейнэ і Гофмана, Ніцшэ і Брэхта, Томаса Мана і Рыльке, Міцкевіча і Славацкага, Норвіда і Тувіма,  Яніса Райніса і Аляксандра Чакса, Візмы Бэлшавіцы і Зігмунда Скуіньша, і многіх іншых літаратурных геніяў, а таксама, нарэшце, Кніга кніг – Біблія. Васіль Сёмуха з сынам і ўнучкай

Як адзначыў сам перакладчык у суправаджальным лісце, гэтыя рукапісы – “прыклад працы ў “дакамп‘ютарную” эпоху з дапамогай нажніц, клею і іншых хітрыкаў, каб пазбегчы лішніх перадрукаў”. Дакранаючыся да гэтага сапраўднага скарба, адчуваеш неверагодны прыліў душэўных сіл і гонар за нашага земляка, пра якога павінны ведаць усе.

Лёс яго складваўся драматычна з самага пачатку. Васіль Сёмуха  нарадзіўся 80 гадоў таму, 18 студзеня 1936 г.,  на хутары Ясянец, што быў непадалёку ад в.Смаляніца, у сям’і лесніка. У ліпені 1942 г. бацькоў Васіля арыштавалі, падазраючы ў сувязях з партызанамі (пасля катаванняў  іх расстралялі ва ўрочышчы  каля в.Слабудка, дзе агулам нацысты забілі 5000 чалавек). А ў іхняй хаце на хутары пакінулі засаду на партызан. Шасцігадовы хлапчук схаваўся пад ложкам і сядзеў там трое сутак. Некалькі дзён бачыў толькі нямецкія боты, якія праходзілі міма ложка, чуў нямецкі рогат. А пасярэдзіне пакоя  фашысты склалі «стажок» з гранат, як зараз помніць, – з драўлянымі ручкамі.  Потым яны абстралялі партызан у лесе і спалілі хутар.

Васіль цудам выратаваўся — адзін з “вогненнай вёскі”. Праўду пра лёс бацькоў  даведаўся толькі пасля вайны ад жанчыны, якая сядзела ў Пружанах у турме, у адной камеры з яго мамай. Немцы гэтую жанчыну ў выніку выпусцілі. Яна і распавяла, як маму моцна білі, цкавалі сабакамі …

Гэтыя падзеі цяжка адбіліся на здароўі Васіля – ён доўга хварэў. Асірацелае дзіця выхоўвала родная цётка Ганна са Смаляніцы, дзе Васіль атрымаў хрышчэнне ў праваслаўнай царкве Святога Мікалая (па веры бацькі, бо маці была пратэстанткай).

Васіль Сёмуха скончыў Пружанскую сярэднюю школу №2 (яе пераемніцай цяпер стала гімназія). Тут яго называлі Васіль Ясэнскі (бо з хутара Ясянец). Пазней  гэтую мянушку ён сабе браў у якасці псеўданіма пры перакладзе рамана Уладзіміра Караткевіча «Леаніды не вернуцца да зямлі».

У 1954–1959 гг. ён вучыўся на рамана-германскім аддзяленні філалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта імя Ламаносава.

Здавалася б, сын лесніка павінен быў узненавідзець усё нямецкае, але Васіль Сёмуха, наадварот, захапіўся нямецкай мовай і ўжо ў 23 гады (у 1959 годзе) пачаў перакладаць. На пытанне: чаму выбраў менавіта яе,  адказвае: “Немецкую мову добра ведала маці. Памятаю, як яна, седзячы за кроснамі пад дуламі пісталетаў, гаварыла з нямецкімі салдатамі па-нямецку. Гэтая мова і была тады адзіным, што магло мяне з ёю звязваць, калі я разумеў, што ніколі яна ўжо не вернецца… Мне здавалася, што калі вывучу мову, дык знайду ў немцаў адказы на свае дзіцячыя пытанні: чаму і за што забілі маіх родных?.. З цягам часу нямецкая мова захапіла мяне, і я зразумеў, што нельга жыць нянавісцю”.

Хочацца дадаць, што маці Васіля Сёмухі, акрамя нямецкай, добра ведала яшчэ і польскую, і рускую мовы, і нават ідзіш – у свой час паспяхова скончыла гімназію імя Адама Міцкевіча ў Пружанах.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Васіль Сёмуха вярнуўся на радзіму і пяць гадоў працаваў рэдактарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве, далей – інжынерам у сектары тэхінфармацыі СКБ-3 на Мінскім трактарным заводзе  – перакладаў з нямецкай мовы тэхнічную дакументацыю, выкладчыкам нямецкай мовы ў мінскіх школах (1966-1967), літаратурным супрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва» (1967-1972). Па сумяшчальніцтве выкладаў нямецкую мову ў БДУ (1966-1970) і сусветную літаратуру ў Беларускім гуманітарным ліцэі.

Самы працяглы перыяд дзейнасці звязаны з выдавецтвам “Мастацкая літаратура”, дзе ў 1972-1997 гадах ён працаваў  рэдактарам і шмат увагі надаваў маладым перакладчыкам, памятаючы тую пару, калі яму калісьці надаў смеласці Уладзімір Караткевіч, які пахваліў першыя спробы пяра.

Сёння Васіль Сёмуха  жыве ў Мінску, працягвае працу і сваёй дзейнасцю садзейнічае адра-джэнню беларускага мастацкага слова. Пераклаў ужо больш за сорак твораў  – сапраўдных скарбаў сусветнай літаратуры.

Таксама перакладае драматургію, супрацоўнічае з заслужаным артыстам Беларусі кіраўніком «Беларускай капэлы» Віктарам Скарабагатавым. Для Нацыянальнага тэатра імя Я. Коласа ён пераклаў драму Ф. Шылера “Марыя Сцюарт”, п’есы  О’Ніла “Каханне пад вязамі” і Н. Саймана “Апошні пылкі каханак”,  для Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі – трагіфарс  Б. Брэхта “Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць”, для Мінскага абласнога драматычнага тэатра ў Маладзечне – п’есу Т. Дорста “Гер Паўль”. Пераклаў лібрэта да опер «Фауст» Антонія Радзівіла  і  «Страшны двор» С. Манюшкі.

Спіс замежных аўтараў, якія дзякуючы Сёмуху «загаварылі» на беларускай мове, можна доўжыць і доўжыць, нават пры самым дакладным пераліку ўсё роўна застаецца небяспека некага не назваць.

У далёкім 1986 г. выйшаў літаратурны зборнік “Прыйдзі, стваральны дух” – сапраўдная анталогія яго перакладаў з розных моў, якая раскрывае неардынарную філасофскую, гісторыка-культурную, эстэтычную і лінгвістычную падрыхтоўку Васіля Сёмухі, яго ўменне спасцігнуць і дух эпохі паэта, і сувязь эпохі арыгінала з сучаснасцю. Таму назва менавіта гэтага зборніка і паслужыла назвай для нашай выставы, якая ў поўнай меры раскрывае ўніверсальны перакладчыцкі дар нашаго земляка.7

Літаратурныя дасягненні Васіля Сёмухі былі адзначаны шэрагам самых высокiх літаратурных узнагарод і прэмій. Германія ўзнагародзіла яго “Залатым знакам гонару” (1981) і ордэнам «За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія» (2001), Латвія – сваёй найвышэйшай узнагародай – ордэнам «Трох зорак» (1998). Таксама ён з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа (1992) і Літаратурнай прэміі ПЭН-цэнтра. Не дзіва: аднаго толькі маштабнага пятнаццацігадовага перакладу «Фауста», названага немцамі найлепшым перакладам гэтага твора на славянскія мовы,  хапіла б, каб назаўсёды ўпісаць яго імя ў гісторыю нашай культуры.

Жыццё яго доўгі час не песціла, але сёння Васіль Сёмуха радуецца кожнаму дню, пражытаму побач з дзецьмі і ўнукамі.  Дык пажадаем яму пабольш такіх шчаслівых дзён.

Ад усіх супрацоўнікаў музея хочацца падзякаваць Васілю Сяргеевічу за магчымасць сутыкнуцца з яго ўнікальнай спадчынай. Вялікі гонар прыняць яе назаўжды ў нашы фонды.

Алена Зялевіч, старшы навуковы супрацоўнік  музея-сядзібы “Пружанскі палацык”.

На здымку: Васіль Сёмуха з сынам і ўнучкай.

Один комментарий

  • Чытач

    А на сайце Пружанскай гімназіі, дзе вучыўся гэты выбітны чалавек, ні слова пра яго. Ні віншаванняў…. Ні біяграфіі… Ні артыкулу ў раздзеле «Наш гонар»….

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *