Воскресенье, 21 января 2018

Работа без ошибок. О своей профессии рассказал мастер по ремонту и обслуживанию высоковольтных линий Александр Романовский

628

Мінулае лета выдалася для калектыву Пружанскіх электрасетак надзвычай напружаным: гарачае надвор’е і парывісты вецер перыядычна стваралі аварыйную пагрозу і дабаўлялі работы рамонтным брыгадам. Але энергетыкі справіліся з выклікамі прыроды годна, а за добрасумленнае выкананне сваіх абавязкаў шэраг супрацоўнікаў напрыканцы года былі адзначаны райвыканкамам і абласным кіраўніцтвам. У ліку лепшых названы і майстар па рамонце і абслугоўванні высакавольтных ліній А.М.Раманоўскі.Романовский 3

— Аляксандр Мікалаевіч, з чаго пачаўся Ваш шлях у раённую энергетычную сістэму?

— Пасля заканчэння школы паступіў у Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж, потым — армія, пасля якой закончыў Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці інжынер-энергетык. І з 2005 года працую ў Пружанскіх электрасетках.

— З першага працоўнага дня  мінула дзесяць гадоў. Наколькі адрознівалася тады тэхнічная аснашчанасць энергетычнай сферы ад цяперашняга стану?

— У многім: у 2003-м на баланс прадпрыемства перадалі высакавольтныя лініі, дык абслугоўваць іх даводзілася прыстасаваным абсталяваннем. Праз некалькі гадоў пачалі паступаць новыя інструменты, якія значна дапамаглі ў рабоце. А яшчэ пачалі атрымліваць больш зручны транспарт, дзякуючы якому можам дабірацца да абслугоўваемых ліній. Мы ж рэдка ездзім па дарогах, часцей — па палях і лясах, і раней нямала даводзілася прабірацца пехатой.

— Нават ноччу?

— Калі здараліся крытычныя сітуацыі, то ў любы час сутак. У першыя разы было страшнавата, бо ў начным лесе сутыкаліся нават з ваўкамі. Цяпер прывык да ўсяго.

— У размовах з іншымі высокакваліфікаванымі спецыялістамі з розных арганізацый раёна даводзілася чуць розныя выказванні: для адных многае дало менавіта спецыяльнае навучанне, іншыя авалодвалі прафесіяй на практыцы. Якую навуку Вы лічыце больш удалай для сябе?

— Без спецыяльнай адукацыі ў нашай галіне немагчыма атрымаць допуск. У прафесіі энергетыка высокая ступень траўматызму, таму неабходна пастаянна памятаць пра тэхніку бяспекі, асновы якой не толькі выкладаюцца ў спецыялізаваных навучальных установах, а яшчэ даводзяцца да поўнага аўтаматызму: адключыў, зазямліў, праверыў ахоўныя сродкі і толькі тады прыступаеш да правядзення работ.

Прычым у нас патрабаванні не менш строгія, чым  у сапёраў: ніводнай памылкі. Нават ніякіх паслабленняў для навічкоў: маўляў, памыліўся першы раз, у будучым будзе яму навука. У энергетыцы гэтага «будучага» можа не быць, бо працуем з вельмі вялікім напружаннем, удар току проста не пакідае шанцаў застацца ў жывых. Так што за дапушчаныя пралікі віноўнік можа быць нават звольнены.

Але многае я атрымаў і ад сваіх калег-настаўнікаў, бо ў энергетыцы практычна штогод уводзіцца нешта новае, мадэрнізуецца былое ў карыстанні, і такую навуку таксама даводзіцца асвойваць у палявых умовах. Дзесяць гадоў таму мне пашанцавала трапіць «у добрыя рукі», за што хочацца выказаць шчырае дзякуй маім калегам — Аляксандру Пятровічу Місюлі, Івану Мікалаевічу Наталічу, светлай памяці Яўгену Міхайлавічу Ануфрэйчыку. Атрыманае ад іх перадаю і сваім вучням, як традыцыйна склалася на нашым прадпрыемстве. Напрыклад, мой былы вучань М.М.Януш зараз таксама стаў майстрам, а значыць, займее і ўласных вучняў.

— Аляксандр Мікалаевіч, напэўна, для майстра рамонтнай брыгады такое паняцце, як нарміраваны працоўны дзень з 8.00 да 17.00 з перапынкам на абед і стабільнымі выхаднымі, не існуе. Як ставіцца да гэтага Ваша сям’я?

— Сапраўды, хочацца сказаць усім, хто лічыць хлеб энергетыкаў вельмі лёгкім, што яны памыляюцца. Напрыклад, летам мінулага года ў мяне практычна не было выхадных, не гаворачы пра адпачынак. Не будаваў і  планы на яго: у нас складана прадумаць свой вольны час нават на бліжэйшы тыдзень, бо нельга прадугледзець многія няштатныя сітуацыі, стыхію, якая выпрабоўвае лініі на трываласць.

Нават жонка ўшчувала, што аддаю мала часу сям’і і гадаваламу сыну. Але яна  выдатна ведае і разумее, наколькі патрэбна мая праца, без якой не будзе не толькі ўсялякіх зручнасцей, да якіх прывыкла грамадства, а нават жыццёва неабходных дробязей. Тым больш, што мая работа падабаецца мне, як падабаецца і тое, што раблю неабходнае тысячам людзей.

Адным радком

Галоўнае ў чалавеку — быць адкрытым для навакольных.

Галоўнае ў сям’і — уменне дараваць і паважаць.

Галоўнае ў рабоце — трымаць марку сваёй прафесіі.

Галоўнае ў жыцці — жыць так, каб бацькі табой ганарыліся.

Галоўны прынцып — не рабіць дрэннага, калі не хочаш, каб яно вярнулася назад.

Гутарыў Алег Сідарэнка.

 Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *