Суббота, 26 мая 2018

Что думают пружанские мамы о возможном сокращении декретного отпуска?

1 528

Размовы пра тое, што тэрмін аплачваемага водпуску па догляду дзіцяці будзе скарочаны, усё актыўней вядуцца на самым высокім дзяржаўным узроўні. Чыноўнікі нават падлічылі карысць такіх змяненняў для эканомікі нашай краіны. А памочнік Прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды  выказаў думку, што водпуск па догляду дзіцяці, які зараз у Беларусі складае тры гады, можна скараціць да двух.ясли1

На яго думку, такі доўгі водпуск аказвае адмоўны ўплыў на колькасць рабочай сілы і валавы ўнутраны прадукт. “Гэта перашкаджае накапленню вопыту і вядзе да больш нізкіх зарплат для жанчын. Даказана, што водпуск па догляду дзіцяці да аднаго года неабходны для паспяховага развіцця малога і забяспечвае здароўе маці, а водпуск звыш двух гадоў не мае пэўных пераваг для здароўя і развіцця”, — у прыватнасці, зазначыў ён.

На аб’ектыўную магчымасць скараціць водпуск па догляду дзіцяці на адзін год уплывае вялікі працэнт штучнага кармлення дзяцей: згодна з афіцыйнымі  дадзенымі, звыш 66% беларускіх дзяцей ва ўзросце да 6 месяцаў ужо не атрымліваюць мацярынскае малако. Датэрміновы выхад жанчын на работу забяспечыць больш высокі сямейны даход. Падлічана, што скарачэнне водпуску па догляду дзіцяці на год можа забяспечыць рост эканомікі на 2,3%.

А што з гэтай нагоды думаюць самі мамы, якія знаходзяцца ў водпуску па догляду дзіцяці, і якое становішча ў сувязі з гэтым назіраецца на Пружаншчыне?

— У нашым раёне ў водпуску па догляду дзіцяці да трох гадоў знаходзяцца звыш 1430 чалавек, — расказвае намеснік начальніка раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва С.У. Літвіновіч. – Летась больш трох дзясяткаў мам выйшлі на работу датэрмінова, так і не скарыстаўшыся трыма гадамі, якія даюцца на догляд і выхаванне малых дзяцей, таму атрымліваюць на дзяцей толькі 50% грашовай дапамогі. Для тых мам, якія не працуюць, дапамога па догляду першага дзіцяці складае на дадзены момант 2 433 700 рублёў, грашовая дапамога па догляду другога і наступных дзяцей – 2 781 400.

Магчымае скарачэнне водпуску па догляду дзіцяці да двух гадоў маладыя  мамы ўспрынялі неадназначна. Напрыклад, пружанка Святлана, сыночку якой паўтара года, устрывожана разважае: «Я – без работы. А калі ўяўлю, што застануся яшчэ і без дапамогі па догляду дзіцяці, проста страшна становіцца».

Мама Анастасія кажа: «Першае дзіця я аддала ў садок у тры гады. І ўвесь наступны год  мы не вылазілі з бальнічных. Калі другая дачка пойдзе ў сад у два і з ёй будзе столькі ж праблем, то колькі «з‘эканоміць» дзяржава на маіх квітках непрацаздольнасці?

Многія мамы сумняваюцца, што не ўзнікне праблем з уладкаваннем дзяцей у дзіцячыя садкі.

Аднак,  як паведаміла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама С.В.Супрыновіч, зараз праблем з уладкаваннем у дзіцячыя садкі горада няма. За два мінулыя гады ў дзіцячыя дашкольныя ўстановы горада былі прыняты ўсе жадаючыя. Выключэнне — дзіцячы сад №9, які карыстаецца асаблівай папулярнасцю. Але ж  месцы для дзетак, якіх не ў стане была прыняць “Неделька”, падабралі ў іншых садках крокавай даступнасці.

— З памяншэннем водпуску па догляду дзяцей да двух гадоў ажыятажу з уладкаваннем у дзіцячыя сады не будзе, — лічыць Святлана Віктараўна. – Прыток жадаючых павялічыцца, аднак праблема будзе вырашана ў выніку перапрафіліравання груп. Да ўсяго, і зараз нямала бацькоў, хто не чакае спаўнення сваім дзеткам трох гадоў і пачынае вадзіць іх у садкі з двухгадовага ўзросту, а то і раней, застаючыся ў так званых дэкрэтных водпусках.  Пацвярджэннем таму ясельныя групы, якія працуюць пры некаторых садках. Разлічаныя на дзяцей ад аднаго да двух гадоў, яны запоўнены поўнасцю.

Нельга не звярнуць увагу на сумы, якія выдаткоўвае дзяржава на догляд і выхаванне дзетак у дашкольных установах, а гэта – звыш 20 мільёнаў рублёў у год на аднаго наведвальніка. Пры тым мама, якая знаходзіцца ў водпуску па догляду дзіцяці, працягвае поўнасцю атрымліваць грашовую дапамогу на дзіця да трох гадоў, седзячы дома. Напэўна, гэта несправядліва. На наш погляд, трэба паставіць маці перад дылемай: або выхоўваеш дзіця да трох гадоў сама і атрымліваеш дапамогу, або, аддаючы яго ў дзіцячы садок, пазбаўляешся такой дапамогі.

Падобныя «сумяшчэнні» цяжка зразумець тым бацькам, у каго догляд малых дзяцей у мінулым.

— Некалі я вымушана была рана аддаць сваю дачку ў садок, бо трэба было ісці на работу і зарабляць на жыццё, — гаворыць саракагадовая субяседніца.  Але каб вось так адкінуць ад сябе дзіця, седзячы дома? У галаву неяк не ўкладваецца…

Цяпер таксама існуюць розныя абста-віны. Напрыклад, знаёмая выхавальніца расказвае, што да іх у садок прывялі дзіця да году менавіта па той жа прычыне – мама выйшла на работу. Але  выхавальнікі часта маюць магчымасць ацаніць і ступень бацькоўскага клопату аб выхаванні дзяцей,

— Калі пасля нядаўніх працяглых выхадных пацікавілася ў дзетак сваёй групы, хто з іх гуляў з бацькамі на вуліцы, — дзеліцца думкамі выхавальніца, — з дваццаці чалавек знайшоўся толькі адзін шчасліўчык. А калі спытала, каму з іх бацькі чыталі казкі, пахваліліся гэтым ажно чацвёра малых. Усе астатнія бавілі час за ўсемагчымымі гаджэтамі.

А як у іх?

На дадзены момант аплочваемы водпуск па догляду дзіцяці ў Беларусі  з’яўляецца адным з самых доўгіх у краінах былой постсавецкай прасторы. У Расіі ён складае 1,5 года, у Казахстане – 1 год.

Калі ў некаторых краінах Еўрасаюза дзяржаўныя дапамогі на дзяцей высокія і вельмі высокія (можна толькі пазайздросціць грамадзянкам Германіі і Швецыі), то ў Злучаных Штатах Амерыкі працягласць водпуску агаворваецца ў кантракце з працадаўцам і складае максімум год. У Англіі дэкрэтны адпачынак з захаваннем працоўнага месца доўжыцца паўгода.

Галіна Каляда.

3 комментариев

  • Andrewamg

    А все потому что не придумали еще новые налоги.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Мыкола

    не так яны робяць! у Амерыцы зусім няма дэкрэтнага водпуску, і нічога, жывуць неяк і дзеткі ёсць.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • aleksandr

    я думаю что этот пример нам не подойдет «некаторых краінах Еўрасаюза дзяржаўныя дапамогі на дзяцей высокія і вельмі высокія (можна толькі пазайздросціць грамадзянкам Германіі і Швецыі»))) пойдем по пути Штатов или Англии)

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *