Понедельник, 22 января 2018

Новогодняя ночь для пружанских пожарных

942

Пяць гадзін раніцы першага студзеня 2016 года. Многія жыхары раёна бачаць дзясяты сон пасля навагодніх феерверкаў, звону бакалаў з шампанскім і песень «блакітных агеньчыкаў» па тэлевізары.МЧС 10

— Дзяжурны райаддзела па надзвычайных сітуацыях слухае.

— Хутчэй прыязджайце, у Новых Засімавічах гарыць пяціпавярховы дом…

З такога трывожнага  выкліку пачаўся новы год для пажарнай змены пад кіраўніцтвам начальніка Міхаіла Уладзіміравіча Куксы.

Праз некалькі мінут на месца здарэння выехалі некалькі падраздзяленняў, якія адразу прыступілі да тушэння пажару. У службе маладога начальніка змены такі выпадак быў упершыню, але ён не разгубіўся і пачаў расстаўляць падначаленых па асноўных кропках.

— Першым чынам мы прыступілі да эвакуацыі людзей,— успамінае Міхаіл Уладзіміравіч.— Агонь разгуляўся на чацвёртым паверсе, таму з кватэр першых трох з нашай дапамогай людзі выходзілі самастойна. З кватэр апошняга паверха некалькіх жыльцоў вывелі з выкарыстаннем газадымаахоўнага абсталявання. Але некалькі жанчын запанікавалі і адмовіліся выходзіць на лесвічную пляцоўку. Таму іх эвакуявалі з дапамогай пажарнай лесвіцы.МЧС 18

Як прызнаецца М.У.Кукса, на практыцы ён сутыкнуўся ўпершыню з рэакцыяй людзей, якія адмаўляліся пакідаць свае кватэры.

Адначасова з эвакуацыяй асобнае звяно пажарных змагалася з агнём, які ахапіў памяшканне сушылкі на чацвёртым паверсе. Як потым расказалі жыльцы гэтага пад’езда, за некалькі гадзін да здарэння там курылі маладыя людзі, але ніхто не падумаў папрасіць кампанію  выйсці на вуліцу.

Агонь быў ліквідаваны хутка, яшчэ некалькі гадзін было патрачана на праветрыванне памяшканняў. Дзякуючы намаганням М.У.Куксы і яго калегам-пажарным была адведзена пагроза жыццям 46 чалавек.

На здымках: 1. Пажарная змена — камандзір аддзялення А.С. Мароз, вадзіцелі В.В.Данілік, А.П.Вакула, начальнік змены М.У.Кукса, пажарныя І.Б.Сапагоў, А.В.Місюля, Я.В.Шчэрба (злева направа). 2. На ўрачыстым зборы начальнік РАНС А.А.Ганчароў абвяшчае аб прысваенні начальніку змены М.У.Куксе «за дакладныя дзеянні падчас ліквідацыі складанага пажару ў Новых Засімавічах»  звання старшага лейтэнанта.

Алег СІДАРЭНКА, фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *