Четверг, 24 мая 2018

Мы помним: учительница-подпольщица из Хоревы Антонина Припутневич

972

У біяграфіі маёй роднай Хараўской сярэдняй школы шмат гераічных старонак. Многія яе былыя настаўнікі прыкладалі свае намаганні для набліжэння светлага дня Вялікай Перамогі савецкага народа над фашысцкімі захопнікамі. У іх ліку была і Еўдакія Аляксееўна Прыпутневіч (дзявочае прозвішча Жук).

Невысокага росту, з вяночкам касы на галаве і прыветнай усмешкай на твары. Амаль 40 гадоў нязменная настаўніца пачатковых класаў. Ці маглі здагадвацца яе гарэзы-вучні, што ў вельмі небяспечны для Радзімы час фашысцкай акупацыі іх любімая настаўніца ўзначальвала ў вёсцы Харава маладзёжную падпольную групу!

21 чэрвеня 1941 года ў Еўдакіі Жук і яе аднакласнікаў быў выпускны баль. Пад ранак юнакі і дзяўчаты пачулі бамбёжку, страляніну. Спачатку падумалі, што гэта не закончыліся вучэнні АСАВІЯХІМа, якія праходзілі непадалёку. Але хутка ў небе загулі самалёты з чорнымі крыжамі. Калі маладыя людзі дабеглі дахаты, у вёсцы ўжо гаварылі, што пачалася вайна.

А на наступны дзень па Хараве гаспадарамі ездзілі нямецкія матацыклісты. Яны мыліся каля калодзежаў, пілі ваду, спачатку даючы паспытаць яе вяскоўцам. У будынку школы размясціўся нямецкі гарнізон. Насельніцтва сагналі да вадаёма каля школы і аб’явілі пра «новы парадак».

Фашысты хацелі бачыць перад сабой скароных, знясіленых рабскай працай людзей. Але акупанты пралічыліся. Для барацьбы з імі ў вёсцы стваралася падпольная маладзёжная група. Яна наладзіла сувязь з партызанскім атрадам, які знаходзіўся ў Ружанскай пушчы. Першымі ў склад групы ўвайшлі Таццяна Велісевіч, Павел Новікаў і Сяргей Уроніч. Юнакі і дзяўчаты вялі разведвальную работу, збіралі зброю, патроны, вопратку, прадукты харчавання, медыкаменты, але галоўнае — звесткі пра ворага. Дзякуючы ім, партызаны заўсёды ведалі, дзе карнікі ўстройвалі засаду, якая колькасць варожых салдат, іх узбраенне. Тут не было ніводнага выпадку, каб партызаны нечакана трапілі на варожую засаду.

Еўдакія Жук, як партызанская сувязная, мела падпольную мянушку Яніна. Пастаянна рызыкуючы жыццём, не толькі сваім, але і сваіх родных, Яніна выконвала адказныя заданні камандавання партызанскага атрада.

Аднойчы ноччу, вяртаючыся з чарговага задання, Еўдакія ўбачыла двух нямецкіх патрульных, якія сядзелі на лавачцы каля яе дома. Дзяўчына застыла за суседняй агароджай: «Магчыма, яны нешта пранюхалі і цяпер чакаюць мяне?» Але ўсё закончылася добра: праз некаторы час немцы пайшлі.

У сям’і Жукоў усе клаліся спаць не распранаючыся (дарэчы, рэкамендуем сонник), у любы момант будучы гатовымі да вобыску. Гэта была сям’я патрыётаў. Партызаны часта вымушаны былі хавацца ў вёсцы. Надзейным укрыццём для іх была хата Жукоў.

Юная падпольшчыца Яніна не думала пра подзвігі і славу. І цяпер, амаль праз 70 гадоў, яна гаворыць аб сваёй небяспечнай дзейнасці як аб неабходнай рабоце ў той цяжкі для ўсёй Радзімы час.

Набліжалася лета 1944 года. Многія юнакі і дзяўчаты з Харавы атрымалі павесткі для вывазу на прымусовыя работы ў фашысцкае рабства. Па навучанні Яніны юнакі і дзяўчаты ціхенька сабралі свае няхітрыя пажыткі і пад покрывам ночы збеглі ў лес да партызан. Па дарозе ім прыйшлося заначаваць у сцірце сена ў вёсцы Бортнавічы. Пад ранак стала холадна, і маладыя людзі папрасіліся да гаспадара ў дом. І толькі яны зачынілі за сабой дзверы, як грымнуў выбух: прама ў сцірту трапіў снарад…

Тады ж быў узарваны мост праз раку Ясельду. Наступаючыя часці Савецкай Арміі вымушаны былі ісці акружным шляхам. У Бортнавічах яны сустрэліся з хараўскімі хлопцамі і дзяўчатамі і, пасадзіўшы іх на гарматы, завезлі ў вёску. Кветкамі і радаснымі ўсмешкамі сустракала Харава воінаў-вызваліцеляў і разам з імі сваю бясстрашную моладзь.

Пасля вызвалення раёна ад фашысцкіх акупантаў аднавіла работу Хараўская школа. Еўдакія Жук пачала працаваць тут піянерважатай. Завочна закончыла педагагічнае вучылішча і стала настаўніцай пачатковых класаў.

Хутка Еўдакія памяняла сваё прозвішча: яна выйшла замуж за мясцовага хлопца Мікалая Прыпутневіча, які спачатку ваяваў у польскай арміі, быў у палоне, пасля вызвалення зноў пайшоў на фронт ужо ў складзе Савецкай Арміі і вярнуўся пасля цяжкага ранення дахаты на мыліцах. Гэта была дружная, прыгожая сям’я.

У 1964 годзе ў ліку лепшых настаўнікаў раёна Еўдакія Аляксееўна была адзначана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі БССР «Выдатнік народнай асветы». Цяжка палічыць, колькі людзей з гордасцю называюць гэтую рэдкай дабрыні, шчырасці, душэўнай прастаты і абаяння жанчыну сваёй першай настаўніцай!

Мікалай Дарафеевіч ужо даўно пайшоў з жыцця. А Еўдакія Аляксееўна цяпер жыве ў Маскве, у свайго старэйшага сына Валерыя. Варта адзначыць, што за абодвух сыноў ім з мужам ніколі не даводзілася чырванець: Валерый — генеральны дырэктар Ніжнеамурскай горнай кампаніі, Мікалай — афіцэр у адстаўцы. Дачакалася Еўдакія Аляксееўна пяці ўнукаў і столькі ж праўнукаў. Для іх, як і для ўсіх людзей, яна жадае цяпер толькі аднаго — міру і спакою.
Алена ШКУРАТАВА, вучаніца 11 класа Хараўской СШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *