Четверг, 24 мая 2018

Ни дня безо льда. Пружанская фигуристка Татьяна Мигиц рассказала о тренировках, учебе и мотивации

1 113

Цырымонія ўзнагароджання таленавітых дзяцей раёна “Дарование” стала добрай традыцыяй на Пружаншчыне. Яна збірае  на адной сцэне лепшых з лепшых – пераможцаў шматлікіх алімпіяд, конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў розных узроўняў. І вельмі добра, што з кожным годам колькасць адзначаных дзяцей расце, у тым ліку і тых, хто праслаўляе Пружанскі раён на міжнародным узроўні.  У 2015 годзе такіх было чатырнаццаць. Сярод іх – фігурыстка Таццяна Мігіц.19мар2015_6873

— Таня, скажы, калі ласка, як даўно пачалося тваё захапленне фігурным катаннем?

— Займацца я пачала ў 2007-м, калі мне было шэсць гадоў. Мой першы трэнер – Вольга Анатольеўна Уважаная. Яна трэніруе мяне і цяпер.

Па-праўдзе кажучы, спачатку я хацела займацца танцамі на паркеце, а не на лёдзе. Але аказалася, што ў харэаграфічную групу не было набору, а сяброўкі запісаліся на фігурнае катанне. Разам з імі і я, і вось амаль 9 гадоў не расстаюся з канькамі.

— Не памылюся, калі скажу, што ў кожнага фігурыста ёсць такія элементы, якія даюцца даволі цяжка. Які элемент найбольш складаны для цябе?

— Найбольш цяжкімі для мяне з’яўляюцца трайныя скачкі. Помню, калі мы развучвалі такі элемент, як звычайны крок, у мяне ўсё атрымалася з першага разу.

— Але каб і іншыя элементы атрымліваліся на выдатна, трэба пастаянна ўдасканальваць сваё майстэрства, трэніравацца. Колькі разоў на тыдзень праходзяць твае трэніроўкі і з чаго яны складаюцца?

— Трэніруемся мы 6 разоў на тыдзень. Звычайна трэніроўка доўжыцца каля трох гадзін і складаецца з розных этапаў. Спачатку размінаемся (так званая “сухая” трэніроўка), потым выходзім на лёд, дзе таксама праходзіць размінка. Пасля адпрацоўваюцца скачкі, катаецца праграма. Завяршаецца трэніроўка на лёдзе адпрацоўкай вярчэнняў, пасля чаго можа яшчэ па-за лёдам быць гімнастыка, харэаграфія ці агульная фізічная падрыхтоўка.

Вытрымаць такі рытм даволі складана, таму былі ў маім спартыўным жыцці моманты адчаю, калі хацелася проста здаць канькі.

— Якія самыя значныя дасягненні падчас заняткаў спортам ты можаш назваць?

—  Самым значным і ўдалым дасягненнем мінулага 2015 года, за якое я атрымала прэмію “Дарование”, стала перамога ў міжнародным конкурсе “Міні Еўропа”, які праходзіў у Варшаве і ў якім пружанскія фігурысты ўдзельнічаюць штогод.

А вось самае вялікае дасягненне ў спартыўным жыцці, безумоўна, тое, што я з’яўляюся  кандыдатам у майстры спорту, а яшчэ залічана ў Нацыянальную зборную па фігурным катанні.

Увогуле, за час удзелу ў розных спартыўных спаборніцтвах узнагарод назбіралася столькі, што дома ёсць спецыяльная палічка для кубкаў, але і на ёй ужо няма месца, медалі ж вісяць асобна.

— Ты кажаш, што шмат часу адбіраюць трэніроўкі, а ці хапае табе яго на вучобу?

— Так, абсалютна! Зараз я вучуся ў 9-м класе СШ №5 г. Пружаны і амаль выдатніца. Бывае, што нават з’яўляецца вольны час, яго трачу на тое, каб паглядзець у інтэрнэце відэа выступленняў прафесійных фігурыстаў.

Здавалася б, пастаяннае знаходжанне на лёдзе магло б і надакучыць, але Таня кажа, што не можа ўявіць сабе і дня без яго, і, акрамя трэніровак, наведвае разам з сябрамі і масавыя катанні. А ўсім, хто хоча займацца фігурным катаннем ці хакеем або ўжо робіць гэта, жадае смела крочыць да сваёй мары і ніколі не адчайвацца, не  здавацца, нягледзячы на нейкія няўдачы і расчараванні,  каб потым  не шкадаваць аб нерэалізаваных магчымасцях і неатрыманых узнагародах.

Гутарыў Уладзіслаў Шпарла, вучань 11 класа СШ №3.

На здымку: Таня Мігіц (справа) з сяброўкай па камандзе Марыяй Салдакаевай. Маша кожны дзень прыязджае на трэніроўкі з Брэста (яна і пачынала ў Брэсце, пасля перавялася ў Пружаны да Руфіны Ганчарук, цяпер трэніруецца ў  Вольгі Уважанай). Маша, як і Таня, кандыдат у майстры спорту. У мінулым годзе выйграла міжнародны турнір у Каўнасе. Напрыканцы года на чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь сярод  дарослых спартсменаў заняла трэцяе месца.

Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *