Понедельник, 21 мая 2018

На вяселле — з ручніком, на Каляды — з пірагом

737

Людмілу Паўлючык – кіраўніка класа народнай творчасці Навасёлкаўскага СДК, можна смела назваць майстрыхай ад Бога. А таму і сцвярджаць хочацца, што ўласнымі рукамі яна можа зрабіць ўсё: вышыць, сплесці з бісеру, пашыць са скуры… І галоўнае – як прыгожа!IMG_6815

— Людміла, а адкуль такая любоў да народнай творчасці?  

— Ад бацькоў. Тата некалі кажухі шыў, а мама іх вышывала. Наогул нас, дванаццаць дзяцей, з дзяцінства навучылі ўсяму, што ўмелі самі. І што найбольш важна – не сядзець склаўшы рукі. Таму, калі давялося пераехаць з роднай Валыншчыны на Пружаншчыну, атрыманую ад бацькоў навуку прадоўжыла ў Беларусі. Першапачаткова пасяліліся ў вёсцы Комлішча. Муж як пайшоў тады, трыццаць гадоў назад, працаваць механізатарам, дагэтуль і працуе ў «Айчыне». Ну, а я спачатку ўласнай гаспадаркай займалася, вось і вышывала пасцельную бялізну, сурвэткі, абрусы, усё, што душы хацелася.

— А што найбольш хацелася?

— Ручнікі. Нездарма ў народзе кажуць: “На ручнік стаць – быць шчаслівым, на добрую долю, шчаслівае жыццё”. Вельмі прыемна мець непасрэднае дачыненне да стварэння гэтага атрыбута шчасця. За сваё жыццё я столькі вышыла ручнікоў!

— А сябе можаце назваць шчаслівай?

— Чаму б не! У мяне добры муж, такія ж двое сыноў з нявесткамі, цудоўныя ўнукі – прадаўжальніку роду пяцігадоваму Юрыю пяць гадкоў, а прыгажуні Вікторыі – чатыры. Цяпер і ў кожнага з сыноў асобны дом, работа, мірнае і шчаслівае жыццё.

Я неверагодна шчаслівая ад таго, што некалі пераехала жыць у Беларусь. Цяпер нават цяжка сказаць, якой больш сімволікі – украінскай ці беларускай пераважае ў маіх вышываных вырабах. Але ж дакладна ведаю – хрысціянскай, накіраванай на дабро і веру.

— Наколькі ведаю, Вашы захапленні толькі вышыўкай не абмяжоўваюцца… Адкуль бяруцца сілы?

— Сапраўды, з такім жа захапленнем, як і вышыўка, я займаюся бісерапляценнем, майструю скураныя кветкі на вячэрнія сукенкі. Наогул, люблю рабіць усё. Нават рамонт у доме выконваю з вялікім задавальненнем, і зусім не таму, што па спецыяльнасці я будаўнік. З такой жа ахвотай і страву гатую, і ў эстрадным, вакальным, фальклорным калектывах спяваю, і ў барабан б’ю… Проста, імкнуся ўзяць ад жыцця ўсё, што можна. Яно ж такое цудоўнае!

— Вашы цудоўныя работы, Людміла, з’яўляюцца ўпрыгожаннем  самых разнастайных выстаў. А не так даўно замежная дэлегацыя прыязджала асабіста да Вас. Што стала для гэтага нагодай?

— Я не перастаю замілоўвацца беларускімі краявідамі і атрымліваць асалоду ад жыцця на беларускай зямлі, якая ўжо стала роднай. Вядома, што ўсё гэтае хараство я і ўвасабляю ў сваёй творчасці, скрупулёзна прадумваючы любы, здавалася б, самы нязначны арнамент. Аднак апошняя мая работа была прадыктавана зусім не лірычнымі, а хутчэй патрыятычнымі пачуццямі. Радуючыся бясспрэчнай перамозе на выбарах дзеючага Прэзідэнта нашай краіны, я вышыла сцяг і герб Беларусі. Мяркуючы па водгуках, у тым ліку і замежных гасцей, гэта атрымалася ў мяне нядрэнна.

— Дом Людмілы Паўлючык таксама ўвесь упрыгожаны вышыўкамі?

— Часам не ведаю, куды іх і падзець. Шмат чаго дару, прадаю — і зноў ствараю. Гледзячы на мяне, вышываць пачала нявестка Марына. І гэта вельмі радуе. Такі занятак дорыць столькі станоўчых эмоцый.  Бо са сваімі работамі мы нясем людзям радасць, своеасаблівы код на шчаслівае жыццё.

— Здаўна вядома, што ў вышыванку закладваўся пэўны і вельмі глыбокі сакральны сэнс. Вам, Людміла, вядомы такія сакрэты?

— Любая вышыўка – крыжыкам, лічыльнай гладдзю, паветранай пятлёй, — гэта любімыя мною тэхнікі, — пачынаецца з крыжыка — сімвала нашага  жыцця. Нездарма чалавек  прымае хрышчэнне, вянчаецца і адыходзіць у іншы свет менавіта з крыжам. На любыя выпадкі жыцця існуе свая вышыўка, якая перадавалася з пакалення ў пакаленне. І вельмі важна прытрымлівацца гэтага.

А яшчэ —  любую работу трэба выконваць з любоўю. Вышыўка, як і выпечка, робіцца з асаблівым настроем. Тады і бачны вынік.

— Дык Вы яшчэ і пірагі пячэце?

— Прыязджайце на Каляды, пераканаецеся. Мой святочны пірог  упрыгожаць ружы з цеста, а каб атрымаўся ён пухкім і духмяным, расці будзе абавязкова пад песню!

Інтэрв’ю ўзяла Галіна Каляда.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *