Среда, 20 июня 2018

Около 12 тысяч водителей подготовил бывший инструктор ДОСААФ Константин Позняк

854

Канстанціна Пазняка ведае не адно пакаленне пружанцаў: выкладчык аўтасправы выхаваў цэлую пляяду як прафесійных вадзіцеляў, так і звычайных аўтааматараў.

Перш чым расказаць, калі ўзяла адлік яго настаўніцкая дзейнасць, Канстанцін Максімавіч пачынае з самых першых старонак сваёй біяграфіі.IMG_2764

— Нас, дзяцей, у бацькоў было пяцёра. Калі пачалася вайна, мы жылі на хутары непадалёку ад Сяльца, што ў Бярозаўскім раёне. Бацька дапамог лётчыку, які спусціўся на парашуце з падбітага самалёта, за што сам паплаціўся жыццём: «добрыя» людзі здалі яго, і эсэсаўцы вывезлі ў пружанскую турму. А неўзабаве тату расстралялі ў Слабадскім лесе.

У мірны час падлетак Косцік марыў стаць вайскоўцам — абараняць Радзіму, тады маці аддала яго ў Варонежскае сувораўскае вучылішча. І невядома, як склаўся б лёс Канстанціна Пазняка, каб з ім не здарыўся няшчасны выпадак. Курсант прыехаў у водпуск, дапамагаў па гаспадарцы: збіраў ліпавы цвет, упаў з дрэва і пашкодзіў вока — хлопца камісавалі.

Але ж жыццё працягвалася, і неабходна было шукаць новыя арыенціры. Прыкладам сталі старэйшыя браты, якія атрымалі «корачкі» трактарыста і падымалі народную гаспадарку. Так К.М.Пазняк апынуўся ў групе тэхнікаў-механікаў з паскораным курсам навучання Пружанскага сельгастэхнікума.

Атрыманая спецыяльнасць адыгрывае сваю ролю і падчас выканання вайсковага абавязку: навабранца Канстанціна Пазняка накіравалі ў спецвойскі, якія займаліся будаўніцтвам стартавых ракетных пляцовак. За час тэрміновай службы інжынер вытворча-тэхнічнай службы, у абавязкі якога ўваходзілі рамонт і тэхнічнае абслугоўванне аўтамабіляў, змог дасканала засвоіць атрыманыя веды на практыцы. Таму, калі вярнуўся да цывільнага жыцця, сам узяўся навучаць аўтасправе.

У далёкім 1962 годзе Канстанцін Максімавіч Пазняк пачаў працу ва ўстановах адукацыі: выкладаў аўтасправу для вучняў старэйшых класаў спачатку ў СШ №1, затым у СШ №3, пазней у міжшкольным вытворча-вучэбны камбінаце. Нягледзячы на тагачасныя парадкі (а ў савецкія часы не дазвалялася працаваць адразу на двзюх работах), умудраўся яшчэ і сумяшчаць выкладчыцкую дзейнасць у ДТСААФ.

— Толькі ў ДТСААФ штогод выпускаў па чатыры групы курсантаў, — успамінае субяседнік. — Усяго падрыхтаваў каля 12 тысяч вадзіцеляў.

Лічба, згадзіцеся, унушальная. Але ж і працоўнага стажу ў К.М.Пазняка больш сарака гадоў! На заслужаны адпачынак выкладчык аўтасправы пайшоў каля дзесяці гадоў таму. А на днях яму споўнілася 75. За сваё жыццё Канстанцін Максімавіч быў неаднаразова ўзнагароджаны граматамі і падзячнымі лістамі, у тым ліку і за ўборку ўраджаю на цалінных землях Казахстана… Але пераважная большасць узнагарод за дасягненні ў занятку амаль усяго жыцця — «за заслугі ў справе навучання і камсамольскага выхавання вучняў».

Марына Вакульская.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *