Среда, 19 сентября 2018

В Пружанах прошла выставка голубей и декоративных птиц

1 166

Сёння выставу «Голубы ў нашым жыцці» па праву можна называць традыцыйнай: першае такое мерапрыемства адбылося ў 2007 годзе. Тады пружанскія аматары-галубаводы Сяргей Буза і Алег Чарнагалаў далі пружанцам магчымасць палюбавацца сваімі пярнатымі гадаванцамі, выставіўшы пару дзясяткаў клетак у заамагазіне плошчай усяго ў 20 квадратных метраў. З кожнай наступнай выставай расло кола не толькі людзей, якія прыходзілі паглядзець на дэкаратыўных птушак, але і тых, хто ўступіў у рады іх прыхільнікаў. Як вынік — экспазіцыйную плошчу давялося павялічыць.IMG_1899

Паводле слоў арганізатара выставы Сяргея Бузы, сёння ў сваіх колах аматары называюць Пружаншчыну цэнтрам беларускага галубаводства. Перакананне ў гэтым дала і чарговая выстава. На гэты раз цікаўныя маглі ўбачыць каля сямі дзясяткаў парод галубоў — усяго больш сотні птушак. Варта адзначыць, некаторыя з прывезеных экзэмпляраў нямала павандравалі, пабываўшы на міжнародных выставах. Увогуле, пераважная большасць экзатычных парод: чысты касмач, капуцын, паўлін, уральскі манах, ржэўскі стужкавы, майкопскі бойны, пермскія грывуны, брненскі дутыш, архангельскі снегір, —  толькі невялікая частка пярнатай экспазіцыі.IMG_1816 IMG_1854 IMG_1858

Для цікаўных растлумачым: выстава не выпадкова ладзіцца менавіта зімой — гэта самы ўдалы час для дэманстрацыі галубоў. Летам птушкі заняты клопатам пра патомства, восенню з-за лінькі маюць не зусім прывабны выгляд. І толькі цяпер могуць паўстаць ва ўсёй красе. Высакалётныя, бойныя, дэкаратыўныя, статныя, спартыўныя… Дзятва, якая паспяшалася ў дысказал Палаца культуры на пачатак адкрыцця выставы, атрымала магчымасць не толькі пазнаёміцца з багатым светам галубоў, пафатаграфаваць і зняць на відэа найбольш прывабныя экспанаты, але і паўдзельнічаць у запуску птушак у неба.IMG_1822 IMG_1846

— Брэстчына — адзіны рэгіён краіны, дзе рэгулярна ладзяцца падобныя выставы, — з задавальненнем зазначае С.Буза. — Як правіла, галубаводы збіраюцца ў Пружанах, Баранавічах і абласным цэнтры.IMG_1930

На гэты раз у Пружаны з’ехаліся 15 аматараў: з Мінска, Навагрудка, Нясвіжа, Брэста… Але больш за ўсё было  галубаводаў з Пружаншчыны. І Сяргея  Уладзіміравіча радуе, што колькасць яго аднадумцаў павялічваецца. Так, напрыклад, сёлета быў дэбют у пружанцаў Уладзіміра Шырмы, Васіля Фунта і Мікалая Зарэцкага, жыхара Лінова Валерыя Астраханцава.IMG_1884

А вось пружанец Сяргей Гароднік, які завёў птушку ў 2009-м, ужо можа пахваліцца самай вялікай калекцыяй галубоў на Пружаншчыне: у яго галубятні налічваецца па некалькі пар птушак больш двух дзясяткаў дэкаратыўных парод. Самых тытулаваных галубоў найбольш у Сяргея Бузы: яго пярнатыя гадаванцы былі адзначаны медалямі, дыпломамі, кубкамі і граматамі міжнародных выстаў на Украіне і ў Расіі.IMG_1870

Падчас закрыцця выставы ўсіх яе ўдзельнікаў адзначылі граматамі і памятнымі падарункамі — за тое, што пакінулі  надзённыя справы, прывезлі паказаць свае лепшыя экзэмпляры і далі магчымасць пружанцам палюбавацца птушкамі.IMG_1881

… Галубаводы са стажам запэўніваюць: улюбіўшыся ў гэтых птушках, ужо наўрад ці расстанешся з імі. Ці не прыклад таму сам Сяргей Буза? Нягледзячы на тое, што сёння ў інваліднай калясцы, ад любімага захаплення не адмаўляецца.

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *