Вторник, 22 мая 2018

В Палацике проходит выставка народного мастера Республики Беларусь Марии Кулецкой

979

Многія мерапрыемствы, што ладзяцца ў “Пружанскім палацыку”, вылучаюцца ўтульнасцю, камернасцю, але гэтае атрымалася наогул па-сямейнаму цёплым. На адкрыццё персанальнай выставы народнага майстра Рэспублікі Беларусь Марыі Кулецкай сабраліся людзі часам мала знаёмыя адзін з адным, але аб‘яднаныя сваёй блізкасцю да мастачкі.IMG_3203

Родных, сяброў, суседзяў, калег па працы і захапленнях, вучняў яна здолела злучыць нябачнымі, але трывалымі сувязямі – нібы покрывам, сатканым з промняў сваёй душы.

Гучала шмат цёплых слоў — віншаванняў і з новай выставай, і з надыходзячым асабістым юбілеем мастачкі. Добрымі спевамі аздаблялі вечарыну фальклорныя калектывы “Бабіна лета” і “Пружаначка”. Але самым галоўным на гэтым дзействе былі, зразумела, карціны.IMG_3223

Шмат вады ўцякло з таго часу, калі  дзяўчынка Марыйка Клімашэвіч з вёскі Навасёлкі любавалася ў хатах аднавяскоўцаў бліскучымі “маляванкамі” на шкле. Калі пасталела, не саромелася распытваць: з чаго і па якой “тэхналогіі” яны зроблены. Наогул, не толькі малюнкамі на шкле цікавілася: у вёсцы большасць жанчын займаліся рукадзеллем, якое ў той час творчасцю не лічылася: вышывалі, вязалі, шылі, ткалі, упрыгожвалі свае дамы немудрагелістымі карцінкамі і выцінанкамі…

Марыя прыахвоцілася, бадай, да ўсіх  чыста жаночых уменняў. А яшчэ ёй падабалася маляваць. Пазней, ужо калі працавала ў дзіцячай бібліятэцы, бралася за любую афарміцельскую работу, якая патрабавала прыкласці фантазію. Але хацелася знайсці менавіта свой шлях у творчасці. Вось і ўспомніла пра вясковыя “шклінкі”.

Калі цяпер яна сама расказвае, як па-новаму асвойвала прыёмы традыцыйнага роспісу па шкле, занятак здаецца найпрасцейшым. Паспрабуйце, можа, і ў вас атрымаецца. Зрабіць малюнак на паперы, перанесці на шкло яго контуры, расфарбаваць, замест фону падкласці кавалачкі серабрыстай ці залацістай фальгі… Не забудзьцеся дадаць іскрынкі натхнення, стужкі таленту, пацеркі добрага густу, вясёлку душы, — тады і ваша бачанне свету ў каляровых промнях абавязкова ацэняць гледачы.

Птушкі, коцікі, кветкі, фальклорныя кампазіцыі… Прымітывісцкі стыль, знарок набліжаны да народнай творчасці, дэкаратыўна-яркія фарбы. Такім свет бачыцца ў дзяцінстве: каляровым, вясёлкавым, святочным. Раптам побач – прыгожыя пружанскія краявіды, палацык, саборны храм, выявы святых і нават “Казанская” ікона Божай Маці.

Марыя Мікалаеўна расказвае, з якім душэўным хваляваннем, з малітвай бралася за гэтую адказную працу. І  з пастаўленай вышынёй справілася.

Наша газета неаднойчы пісала аб народнай мастачцы. Творчай і жыццёвай актыўнасці Кулецкай можна па-добраму пазайздросціць. Яна – член Беларускага саюза народных майстроў, абласнога Саюза мастакоў “Скарб”, грамадскай арганізацыі аматараў мастацтва рэгіёна “Белавежская пушча” і Брэстчыны “ТУР”. Яна прымае ўдзел у шматлікіх выставах, вернісажах, святах, атрымлівае ўзнагароды розных узроўняў, з‘яўляецца прызёрам Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, наладжвае майстар-класы, у тым ліку за межамі раёна і нават рэспублікі. Яе “шклінкі” ёсць у беларускіх музеях. Пры гарадскім Палацы культуры вядзе клас роспісу па шкле. Яна фактычна стала ля вытокаў адраджэння на Беларусі старажытнага народнага мастацтва роспісу па шкле. Але сама Марыя Мікалаеўна самым важным сваім дасягненнем лічыць творчасць дачкі Ірыны Мамановіч, якая працягвае яе справу ўжо на прафесійным узроўні. IMG_3129

Што ж, гэта той выпадак, калі творчая апантанасць перадаецца ў сям‘і з пакалення ў пакаленне:  прыгожыя вязаныя сурвэткі і карункі, таксама прадстаўленыя на выставе, — справа рук і старэйшай прадстаўніцы роду Еўдакіі Мікітаўны Клімашэвіч. Ды і сама яна была тут жа, радавалася поспехам дачкі.

Не шкадуйце, калі вы не трапілі на адкрыццё выставы ў палацыку: прыходзьце сюды цяпер, каб таксама атрымаць шчырыя эмоцыі і пачуцці.

Ірына Сядова.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *