Воскресенье, 20 мая 2018

Самобытная вышивальщица из Байков больше всего любит вышивать цветы

821

Яшчэ пару дзясяткаў гадоў таму ўменне вышываць наўрад ці здзівіла б каго. А вось сёння, калі і захопленых рукадзеллем стала менш, ды і традыцыйныя іголку з ніткай выцясняюць сучасныя дэкупаж, скрапбукінг, пэчворк і інш., самабытных вышывальшчыц не так і многа. Хіба што сярод людзей старэйшага пакалення, якія па-ранейшаму бавяць вечары за карпатлівай справай. Нямала вышыванак, створаных уласнымі рукамі, ёсць і ў жыхаркі Байкоў Марыі Кудрыной.

— Лічыцца, што азы многіх відаў рукадзелля перадавала старэйшае пакаленне, — кажа майстрыха. – А ў мяне мама не сябравала ні з пруткамі, ні з іголкай: напэўна, з-за таго, што за шматлікімі нялёгкімі сельскімі клопатамі не хапала часу. Таму я — самавучка.IMG_9542

Калі ў Марыі Георгіеўны з’явілася жаданне стварыць вышыванку, ёй было гадоў 15. Канешне, першая работа атрымалася не такой прыгожай, як наступныя. Майстэрства ўдасканальвала на вясковых вячорках, назіраючы за тым, як па канве водзяць іголкі рукі ўмелых вышывальшчыц. У выніку сёння, калі ў продажы ёсць плойма часопісаў з узорамі і спецыяльных набораў для вышыўкі, Марыя Кудрына абыходзіцца без іх і стварае не менш прывабныя ручнікі і карціны.

— Раней і канву самі рабілі, і ніткі самастойна фарбавалі, а пра прыгожае ленінградскае мулінэ толькі марылі!IMG_9529

На тканіну жанчына пераносіць сваю любоў да кветак: у створаных Марыяй Георгіеўнай кампазіцыях пераважаюць вышытыя крыжыкам ці гладдзю букеты. Такім чынам яна ўпрыгожвае пераважна навалачкі і ручнікі, якія ад шчырага сэрца дарыць родным і знаёмым. Тое, што ляжыць у асабістых куфэрках М.Г.Кудрыной, нярэдка ўпрыгожвае мясцовыя выставы і кірмашы. Папаўненнем калекцыі яна займаецца ў залежнасці ад наяўнасці вольнага часу: раней, напрыклад, шмат часу займала работа (Марыю Георгіеўну ў Ружанах ведаюць як былога касіра мясцовай ашчаднай касы), цяпер нямала сіл патрабуюць хатнія клопаты. Затое доўгімі зімовымі вечарамі Марыя Георгіеўна збіраецца разам з такімі ж аматаркамі вышыўкі і дае волю сваёй творчай фантазіі.

— Дарэчы, нядаўна злавіла сябе на думцы: вышыўка — добры спосаб рэлаксацыі, своеасаблівая псіхатэрапія.

Сярод аб’ёмных, найбольш працаёмкіх рэчаў — ікона, вышытая настолькі ўмела, што з першага погляду і не зразумееш, што яна ручной работы. Сама майстрыха лічыць яе асаблівай, бо гісторыя, з ёй звязаная, падалася ў некаторай ступені неверагоднай.IMG_9525

— Брацца за ікону асабліва адказна, тым больш, што ніякай схемы вышыўкі перад вачыма ў мяне не было. Калі справілася з работай, аказалася, што патрэбна рамка. Пачала шукаць — і ў нашай старой хаце выпадкова знайшла іконку, якая ад часу і вільгаці зусім спарахнела. І гэта ж трэба, каб мая вышыванка сантыметр у сантыметр супала з памерамі рамкі ад знойдзенай іконы!

Цяпер асвечаная ікона займае пачэснае месца ў чырвоным куце ўтульнай вясковай хаты Кудрыных.

Марына Вакульская, фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *