Воскресенье, 23 сентября 2018

Самая пожилая жительница Пружанского сельсовета и ее кот

1 029

Самая пажылая жыхарка сельсавета Лізавета Максімаўна Чатырбок у свае 97 гадоў самастойна вядзе гаспадарку і пражывае ва ўласным доме ў в.Слабудка.IMG_9490

Вядома ж, у жанчыны ёсць свае памагатыя, якія пастаянна яе наведваюць. Аднак, нягледзячы на гэта, яна пераканаўча заўважае:

— Склаўшы рукі ў хаце сядзець не будзеш!

З няхітрай гаспадаркі ў Лізаветы Максімаўны – певень і дзве курыцы. Вялізны рыжы кот, хутчэй, сябар, якому даруе бабуля і сцягнутую са стала рыбу, і злізаную смятану. А яшчэ яе галоўны клопат – агарод. Таму і бульба свая нарасла, і буракі, і цыбуля.

Не скардзіцца на лёс і пакорліва пераносіць цяжкасці навучыла жанчыну само жыццё. У роднай сям’і было ажно дзевяць дзяцей. Таму цану кавалка хлеба Лізавета Максімаўна ведала з ранняга дзяцінства, калі няньчыла панскіх дзяцей. А затым была вайна… Трапіўшы ў ваенны шпіталь, дарогамі вайны яна прайшла частку Еўропы, дзе і сустрэла Вялікую Перамогу. “Працавалі днём і ноччу”, — успамінае той час удзельніца вайны.

У мірны час працавала ў вайсковай часці, затым на кансервавым заводзе. Сваіх дзяцей не мела. Пасля смерці мужа шмат гадоў пражыла разам з яго сястрой. І заўсёды здзіўлялася:

— А чаго было сварыцца? У згодзе патрэбна з людзьмі жыць!

На пытанне: “Што ў жыцці было лёгкім і самым цяжкім?” — Лізавета Максімаўна адказвае:

— Лёгка стала, калі скончылася вайна. А цяжкае? Цяжка працаваць.

— А што Вы яшчэ чакаеце ад жыцця?

— Вясны, каб агарод пасадзіць…

Галіна Каляда. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *