У пятніцу ў малой зале Палаца культуры, безумоўна, магло быць і больш народу: проста мала хто ведаў, што тут шырокаму колу пружанцаў збіраюцца прадставіць кнігу брэсцкага гісторыка Леаніда Несцерчука. Чарговая работа краязнаўцы прысвечана кампазітару, дыпламату і палітычнаму дзеячу Рэчы Паспалітай М.К.Агінскаму.
Сёлета грамадскасць адзначае 250-годдзе з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага. Але на Брэстчыне ў цэнтры ўвагі аказалася не толькі гэтая выбітная асоба: справядліва сваю хвіліну славы атрымаў і кандыдат гістарычных навук, краязнаўца, былы галоўны спецыяліст упраўлення культуры аблвыканкама па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Л.М.Несцярчук, які прыклаў шмат намаганняў для вывучэння жыцця і дзейнасці шматграннай асобы і ў выніку стварыў аб’ёмную манаграфію «Міхал Клеафас Агінскі: Ліцвін. Патрыёт. Творца».
Для таго, каб напісаць гэтую цікавую працу, Леанід Міхайлавіч перагартаў нямала дакументаў у архівах, пабываў у месцах, дзе некалі жыў М.К.Агінскі. У пошуках малавядомых фактаў пра героя сваёй манаграфіі аўтар працаваў у бібліятэцы Ватыкана, архівах Рыма і Фларэнцыі, музеі А.Міцкевіча ў Парыжы. У аснову кнігі ляглі каля 640 крыніц, якія дасканала вывучаны краязнаўцам. Некаторыя з іх Леанід Міхайлавіч першым з беларускіх даследчыкаў жыцця і дзейнасці Агінскага ўзяў у рукі. З добры дзясятак такіх знаходак аўтара зрабілі кнігу па-свойму ўнікальнай.
Расказваць пра сваё новае тварэнне і яго галоўнага персанажа Леанід Несцярчук, здаецца, можа гадзінамі.
— Пачуцці, якія перапаўнялі мяне, калі пераступіў парог храма, дзе пахаваны Міхал Агінскі, складана перадаць словамі. Яго прах у саборы Санта Крочэ ў Фларэнцыі знаходзіцца побач з саркафагамі Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы, Галілео Галілея…
Словы ўдзячнасці за прыхільнасць да высокай культуры Леанід Міхайлавіч выказаў С.Машкала, С.Казей, К.Дыба, якія ўпрыгожылі прэзентацыю сваімі выступленнямі.
Нельга не згадаць, што Леанід Несцярчук — ураджэнец Пружаншчыны. Таму ён не прамінуў скарыстацца магчымасцю падзяліцца з землякамі, як прыйшоў да вывучэння родных мясцін. Кажа, што, нарадзіўшыся ў мясцінах, якія яшчэ ў 1812-м увайшлі ў гісторыю, не змог прысвяціць сябе іншай галіне. Пазней Леанід Міхайлавіч узяўся за адраджэнне мясцовых аб’ектаў культуры — Гарадзечненскай царквы і капліцы. Увогуле, за два дзясяткі гадоў работы ва ўпраўленні культуры аблвыканкама Л.М.Несцярчук тым ці іншым чынам прыклаў руку прыкладна да 950 аб’ектаў: што аднаўлялі, што будавалі, што рамантавалі…
Але вернемся да тэмы. Манаграфія «Міхал Клеафас Агінскі: Ліцвін. Патрыёт. Творца», якую надрукавалі тысячным тыражом у Брэсцкай друкарні, убачыла свет напярэдадні юбілею аўтара. Выданне, дарэчы, трынаццатае ў навуковым багажы Л.М.Несцерчука. Сам жа Леанід Міхайлавіч, які перасягнуў 70-гадовую мяжу жыцця, прызнаўся, што спыняцца на дасягнутым не збіраецца.
Марына Вакульская. Фота аўтара.
У загалоўку памылка — прэзентацыя не ў Палацыку, а ў Палацы культуры…
Рейтинг комментария:
0
0
Дзякуй!
Рейтинг комментария:
0
0