Понедельник, 22 января 2018

100 дней на должности председателя райисполкома. Михаил Крейдич поделился впечатлениями о работе в Пружанах и планами на будущее

966

—Мінула сто дзён, як Вы, Міхаіл Мікалаевіч,  на пасадзе старшыні Пружанскага райвыканкама. Для многіх гэтая лічба здаецца магічнай, таму давайце не будзем адыходзіць ад традыцыі:  гэта добрая нагода для сённяшняга інтэрв’ю. Падзяліцеся, калі ласка, сваімі першымі ўражаннямі ад работы на новым месцы, а магчыма, — і стратэгічнымі планамі на будучыню.IMG_8266

—Адразу пытаннем на пытанне: а што можна значнае зрабіць за сто дзён? Тым больш – выпрацаваць стратэгію на будучыню. Ды ў мяне адно знаёмства (не дасканалае, а можна сказаць «шапачнае») з суб’ектамі гаспадарання, сацыяльнай сферы практычна забрала большасць майго рабочага часу. Але адразу хачу сказаць, што наш раён  сярод іншых адметна вылучаецца ў лепшы бок сваімі патэнцыяльнымі магчымасцямі літаральна ва ўсіх сферах дзейнасці. Па-першае, такой магутнай вытворчай базы, найперш на сяле, наўрад ці дзе знойдзеш у рэспубліцы. Дзякуй за гэта маім папярэднікам.

Шчыра кажучы, мне часам здаецца, што дзе-нідзе будаваліся  і стараліся з залішнім размахам: калі патрэбна было, напрыклад, купіць толькі кола для магутнага трактара — куплялі новы трактар. Аднак, на жаль, так доўга не магло працягвацца, і цяпер нам даводзіцца працаваць у некалькі  іншай, больш жорсткай сітуацыі. Хаця мэта  застаецца той жа самай – забяспечыць эфектыўнае выкарыстанне  ўсёй матэрыяльнай базы дзеля павышэння дабрабыту нашага насельніцтва.

Пакуль нам гэта больш-менш удаецца, але ж асноўныя вытворчыя сродкі з цягам часу зношваюцца, патрабуючы замены, прыходзяць і новыя тэхналогіі  вытворчасці, якія нельга ігнараваць, калі не хочаш безнадзейна застацца ззаду. І гэта вельмі сур’ёзныя праблемы. Паглядзіце на нашы  прыгожыя Пружаны і  аграгарадкі:  ужо цяпер, што называецца, няўзброеным вокам бачна, што нават знешне прыкладна палавіна  збудаванняў патрабуюць  рамонту – дзе бягучага, дзе – больш значнага, капітальнага, парадку на прылеглых тэрыторыях і на вуліцах.  Вось вам і стратэгія, якую падказвае само жыццё: не дапусціць пагаршэння спраў як на вытворчасці, так і ў нашай паўсядзённасці, а яшчэ лепш – абавязкова выйсці на новы ўзровень развіцця.

—У адрозненне ад Бярозаўскага раёна, дзе Вы ўзначальвалі ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання і дзе асноўная роля ў эканоміцы належыць прамысловасці, Пружаншчына – рэгіён сельскагаспадарчы. І тут, як гаворыцца, Вам і карты ў рукі. Як Вы можаце ацаніць цяперашні стан спраў на сяле?

—Часткова я ўжо закрануў гэтае пытанне, але паўтаруся: пры такой матэрыяльна-тэхнічнай базе дзяржава мае поўнае права  патрабаваць ад нашых сельгаспрадпрыемстваў большай аддачы. Так, мы лепшыя ў рэспубліцы па валавой вытворчасці малака (пры чым даволі якаснага малака),  вытворчасць ільновалакна – узор для іншых, нашы комплексы па адкорме свіней і буйной рагатай жывёлы – таксама на добрым рахунку… Бясспрэчна, ёсць многа іншых  здабыткаў як у жывёлагадоўлі, так і земляробстве. І тым не менш не надта радуе, напрыклад, прадуктыўнасць малочнага статка, большасць якога, дарэчы, пастаянна ўтрымліваецца пад дахам, а значыць, тут павінны быць усе тыя  ўмовы, якія даюць падставы гаварыць аб самых сучасных тэхналогіях.  Аказваецца, не ўсё так гладка: нашы комплексы яшчэ не сталі сапраўднымі фабрыкамі малака, якімі яны закліканы стаць.

Гэта толькі адзін прыклад, а прыводзіць іх можна мноства, асабліва ў раслінаводстве. Словам, зроблена многа, аснова закладзена. Застаецца яе толькі шліфаваць, даводзіць да ладу. І гэта – самае складанае.

—Вам не здаецца,  што, вобразна кажучы, набіла аскоміну думка пра тое, што неспрыяльныя кліматычныя ўмовы гэтага года вельмі  адмоўна паўплываюць на далейшы стан сельскагаспадарчай галіны раёна. Асабліва жывёлагадоўлі, на якую,  па вялікім рахунку, працуе  амаль усё наша земляробства: кармоў нарыхтавана  менш мінулагодняга, пагалоўе жывёлы, наадварот, вырасла.

А дзе ж нашы пераходныя запасы кармоў, пра што, дарэчы, не раз гаварыў і  Прэзідэнт дзяржавы?

—Наконт выразу “набіла аскоміну” скажу так. Замоўчваць той факт, што сёлетняя засуха вельмі адмоўна паўплывала  на канчатковыя вынікі  нашых земляробаў і шукаць у гэтым толькі іншыя прычыны, — азначала б пакрыўдзіць тых, хто сумленна працаваў на  палетках і сенажацях. Нават пры тым, што, безумоўна, былі нейкія тэхналагічныя недапрацоўкі. Але, паверце, не яны вызначылі  мінусы ў гадавых паказчыках земляробства – недабор збожжа, цукровых буракоў, бульбы, кармоў, ільнотрасты і г.д.

Я ўважліва вывучыў зводкі па ўнясенні арганічных, мінеральных угнаенняў у гаспадарках раёна  за апошнія некалькі гадоў і пераканаўся, што пад сёлетні ураджай  было ўнесена NPK не менш, чым у самыя ўраджайныя гады, — 102 працэнты ад запланаванага. Гэта толькі адзін са складнікаў павышэння аддачы зямельных угоддзяў, і калі аналізаваць іншыя, то яны таксама будуць сведчыць аб адпаведных намаганнях нашых працаўнікоў.

Гэтым я хачу падкрэсліць, што сельская гаспадарка – сфера дзейнасці чалавека, якая, на жаль, у многім залежыць ад капрызаў надвор’я. Заўважана, напрыклад, што ў нашых умовах для вядзення земляробства страшней недахоп вільгаці, чым яе лішак. Што, дарэчы, і пацвердзіў сёлетні год.

А цяпер пра тое, як паўплывае ўсё гэта на жывёлагадоўлю. Думаецца, нічога страшнага ў цэлым па раёне няма, у некаторых гаспадарках сапраўды засталіся запасы травяных кармоў, нарыхтаваных у спрыяльным мінулым годзе. Былі прыняты меры па пошуку іншых крыніц кормавытворчасці: напрыклад, павялічылі плошчы пажніўных і паўкосных культур, азімага жыта на зялёны корм. У ход пайшла і салома, якую раней выкарыстоўвалі хіба што толькі на подсціл жывёлы. Немалаважная крыніца – жамярыны, адходы цукровай вытворчасці, якімі карыстаюцца не толькі буракасеючыя, але і некаторыя іншыя  нашы гаспадаркі.

—Нехта вобразна параўнаў жыццё грамадства са становішчам веласіпедыста: каб трымаць раўнавагу, патрэбна круціць педалі і рухацца. Хаця, зрэшты, можна і па-іншаму: дасягнуць пэўнай вышыні і паволі скочвацца з яе – гэта ж таксама рух. Міхаіл Мікалаевіч, як, на Вашу думку, будзе рухацца Пружаншчына?

—Цяперашняе эканамічнае  становішча раёна, як, зрэшты, і краіны, няпростае, а можа, нават і складанае. І тут галоўнае – не паддавацца супакоенасці, бяздзейнаму чаканню лепшых часоў і, як Вы сказалі, паволі скочвацца па нахільнай. Мы настройваем нашы кіруючыя кадры на тое, каб не дапусціць зніжэння ўжо дасягнутых аб’ёмаў вытворчасці, заработнай платы,  не дапусціць росту беспра-цоўя. Гэта – задача мінімум, і найперш яна датычыцца прамысловасці, будаўнічай галіны. Тут вельмі важна пашыраць асартымент выпускаемай прадукцыі і аказання паслуг, якія сапраўды карысталіся б попытам. Для гэтага, магчыма, спатрэ-біцца рэструктурызацыя вытворчасці, наданне некаторым невялікім падраздзяленням асобага статусу і г.д. Пра гэта, дарэчы, нядаўна вялася грунтоўная размова на нарадзе з кіраўнікамі прадпрыемстваў на базе льнозавода. Вывад такі: галоўнае, паўтаруся, — не спыняцца.

Што ж датычыцца сельскай гаспадаркі, то мы па-ранейшаму ставім перад сабой задачу па нарошчванні пагалоўя жывёлы, павелічэнні валавой вытворчасці малака і мяса.  84 галавы буйной рагатай жывёлы (у тым ліку 33 каровы)  у разліку на сто гектараў сельгасугоддзяў, сутачны надой малака ў 14-15 кілаграмаў – гэта не нашы паказчыкі. Магчымасці далёка не вычарпаны, асабліва ў тых гаспадарках, дзе гэтыя паказчыкі ніжэй сярэднераённых.  Безумоўна, рост вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі запатрабуе і перагляду структуры пасеваў, бо на першы план выходзіць пытанне ўмацавання кармавой базы.

—Міхаіл Мікалаевіч, давайце разбярэмся з такой сітуацыяй. Наш раён – самы буйны ў рэспубліцы пастаўшчык малака. Але вось парадокс: ад перапрацоўкі яго на мясцовых прадпрыемствах у бюджэт раёна паступаюць нязначныя сродкі. Магчыма, раёну ўсё роўна – папаўняць бюджэт за кошт уласных крыніц ці шляхам паступленняў з абласнога бюджэту?

—Безумоўна, не ўсё роўна. Пасля таго, як сёлета наша асноўнае перапрацоўчае прадпрыемства,  малочны камбінат,  увайшло ў склад холдынгу “Мачулішчы”, раённы бюджэт  практычна  недалічыўся каля 12 мільярдаў рублёў падатку на прыбытак. Улічваючы, што гэтую крыніцу даходаў мы страцілі не па сваёй волі, то, трэба меркаваць, гэтыя сродкі нам будуць вернуты з вышэйстаячых бюджэтаў. Але ж наша крыніца забяспечвала рэгулярнае папаўненне бюджэту. Пагадзіцеся, што мільярд рублёў, напрыклад, у сакавіку і мільярд у кастрычніку – грошы рознай вартасці: на жаль, цэны не стаяць на месцы.

А вазьміце рэалізацыю  мяса. Ільвіная доля яго ідзе на перапрацоўку за межы раёна, мясакамбінаты атрымліваюць з яго прадукцыю з нармальным дабавачным коштам. Праўда, гэта толькі апасрэдкавана, а не напрамую ўплывае на наш раённы бюджэт. Вось чаму яшчэ мой папярэднік, Міхаіл Мікалаевіч Серкоў, выказваў ідэю наладзіць хоць бы першасную перапрацоўку мяса ў сваім раёне, у гаспадарках – самых буйных пастаўшчыкоў свініны і ялавічыны. Але ажыццявіць гэтыя планы пакуль складана.

Бачачы нейкую несправядлівасць у тым, што наш рэгіён з’яўляецца толькі пастаўшчыком сыравіны, мы звярнуліся да абласной улады з прапановай вырашыць пытанне аб наладжванні  на землях суседніх раёнаў вытворчасці льнотрасты, якая будзе перапрацоўвацца на Пружанскім ільнозаводзе. Сваіх плошчаў для гэтага ў нас ужо не хапае. А з улікам далейшай мадэрнізацыі завода, які можа  лічыцца адным з лепшых у свеце і  прадукцыя якога ідзе на экспарт,  гэта было б, на наш погляд, справядліва ды і эканамічна выгадна ў цэлым краіне.

—Пасада кіраўніка раёна абавязвае ўнікаць ва ўсе сферы жыццядзейнасці рэгіёна. Цяпер Вам, Міхаіл Мікалаевіч, даво-дзіцца несці адказнасць не толькі за развіццё вёскі, але і прамысловасці, будаўніцтва, шматлікіх суб’ектаў сацыяльнай сферы, палітычнага і культурнага жыцця і г.д. Каб спраўляцца з такой “гаспадаркай”, патрэбны надзейная каманда прафесіяналаў-аднадумцаў, кіраўніцкі корпус на месцах…

—Гэта  сапраўды так. Галоўны крытэрый прафесіяналізму, паказчык таго, што чалавек на сваім месцы,  на мой погляд, — гэта разуменне і падтрымка падначаленымі дзеянняў свайго кіраўніка. Незалежна ад узроўню службовай пасады. Рана ці позна правільнасць, эфектыўнасць кіраўніцкай дзейнасці абавязкова праявяцца рэакцыяй калектыву ці асобных работнікаў праз звароты ў вышэйшыя інстанцыі,  у тым ліку і ў  райвыканкам, асабліва калі там новы старшыня. Так што з вывадамі аб тым, наколькі ўмела працуюць нашы кіраўнікі, мне гаварыць пакуль  ранавата. Скажу толькі, што, зыходзячы з вопыту работы на папярэдніх  пасадах, часам даводзіцца з кімсьці  развітвацца, рабіць ракіроўку: людзі нярэдка звыкаюцца з пэўнымі абставінамі, адстаюць ад патрабаванняў часу, хаця назваць іх непрафесіяналамі нельга.

Ведаеце, што мяне больш за ўсё непакоіць і абурае? Гэта – утрымальніцкія настроі, калі чалавек, у тым ліку і кіраўнік,  думае, што нехта яму нешта абавязаны. І “нехта” – гэта найперш дзяржава. Некаторыя нашы грамадзяне, на жаль, усур’ёз думаюць, што, напрыклад, ля вясковай ся-дзібы іх продкаў парадак павінна наводзіць толькі мясцовая ўлада. Але ж твая спадчына, твае бацькі – гэта найперш твой асабісты, чалавечы клопат. Так было спрадвеку, гэта маральны абавязак,  якім кіруюцца, напэўна,  усе народы на свеце. А віна ўлады, магчыма, у тым, што не выхавала гэтае ўсведамленне, у тым ліку і праз карныя меры. 

—Міхаіл Мікалаевіч, не сакрэт, што пасля таго, як Ваш папярэднік пайшоў на павышэнне, даводзіцца чуць думку гараджан, што планам, якія будаваў Серкоў, цяпер не суджана ажыццявіцца.  Можаце абвергнуць такія настроі?

—Ёсць праграма, якая прадугледжвае добраўпарадкаванне райцэнтра, будаўніцтва шматкватэрных дамоў, асфальтаванне гарадскіх вуліц, навядзення парадку ў кварталах індывідуальнай забудовы і г.д. І яна абавязкова будзе ажыццяўляцца, іншая справа – якімі тэмпамі. Разумею, што ўсім нам хочацца ўсяго і адразу.  Але так  адбываецца толькі па ўзмаху чароўнай палачкі, яе, на вялікі жаль, у нас няма. Робім тое, што дазваляюць матэрыльныя магчымасці, напаўненне дзяржаўнага бюджэту. Тым не менш, нягледзячы на фінансавыя  цяжкасці,  на ўсемагчымыя работы, якія вяліся і вядуцца ў горадзе, сёлета выдаткавана  19,1 мільярда рублёў. Будзем лепш працаваць, больш прадаваць прадукцыі – будзем і больш сродкаў укладваць у дабрабыт людзей.

 —І апошняе. Міхаіл Мікалаевіч, нашым чытачам, безумоўна, будзе цікава ведаць факты Вашага асабістага жыцця: чым захапляецеся ў вольны ад працы час, якімі клопатамі жыве Ваша сям’я і г.д.

—Сам я вясковы, працяглы час працаваў непасрэдна ў сельскай гаспадарцы, добра ведаю няхітрыя патрэбы вясковага жыцця. Таму, напэўна, і не разумею людзей, якія гатовы, як кажуць, са штаноў выскачыць, каб даказаць іншым, што яны лепшыя ва ўсім. Жыць трэба дастойна, а не пахваляцца раскошай. У нас тыповая сям’я, двое дзяцей. Яны ўжо даўно дарослыя, абзавяліся сем’ямі, падарылі нам з жонкай трох унукаў. Абодва сыны жывуць у Бярозе. Старэйшы працуе галоўным інжынерам на  прыватным прадпрыемстве, малодшы таксама пайшоў у бізнэс – заснаваў фірму па аказанні транспартных паслуг.

Жонка ў хуткім часе пасля прызначэння мяне на новую пасаду пераехала ў Пружаны. Па спецыяльнасці яна заатэхнік, таму ўладкавалася на працу на малочны камбінат, дзе займаецца пытаннямі нарыхтовак і якасці пастаўляемага малака.

Вольнага часу ў кіраўніка,  на жаль, не так і многа, каб дасканала займацца яшчэ нейкай справай. Часам цягне ў лес па грыбы, а вось паляванне, хоць і лічуся паляўнічым, не вельмі прываблівае. З задавальненнем дапамагаю жонцы наводзіць марафет на прысядзібным участку – прыгажосць радуе вока, настройвае на добры лад.

—Дзякуй Вам, Міхаіл Мікалаевіч, за цікавую гутарку! Спадзяемся, што са  шчырымі словамі Вы яшчэ не раз будзеце звяртацца да нашых чытачоў.

Гутарку вёў Мікола Антаноўскі.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *